Міжнароднікі і дызайнэры
Факультэт міжнародных адносінаў (ФМА) БДУ — адзін з самых папулярных у Беларусі. Туды ідуць абітурыенты з найвышэйшымі баламі, так адбылося і сёлета. Напрыклад, на спэцыяльнасьць «міжнародныя адносіны» на 10 месцаў дакумэнты падаў 21 чалавек, 1 зь іх на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, значыць, па-за конкурсам. А з 20 чалавек 8 маюць 396 і больш балаў, то бок гэтыя абітурыенты здалі экзамэны максымальна добра.
Агулам жа на ФМА 25 чалавек з тых, хто падаў дакумэнты, маюць амаль максымальныя балы: 396 і вышэй з 400 магчымых. Праходны бал на дзьве самыя папулярныя спэцыяльнасьці ФМА «міжнароднае права» і «міжнародныя адносіны» расьце некалькі гадоў запар. Летась ён склаў 389 з 400 магчымых.
Праходны бал на «міжнароднае права» сёлета склаў 398 балаў з 400 магчымых, такі ж праходны бал склаўся для спэцыяльнасьці «сусьветная эканоміка». Пакуль БДУ апублікаваў зьвесткі толькі зь некаторых факультэтаў.
Яшчэ адна запатрабаваная сёлета ў абітурыентаў БДУ спэцыяльнасьць — «графічны дызайн і мультымэдыя-дызайн», на 10 бюджэтных месцаў 129 ахвочых. Для гэтай спэцыяльнасьці, апроч балаў тэставаньня, існуе яшчэ творчы конкурс.
Конкурс на ІТ і маркетолягаў
Папулярныя ў БДУ і ІТ-спэцыяльнасьці. На факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі падалі заявы 23 абітурыенты, якія маюць 396 балаў і болей. Зь іх 18 — на спэцыяльнасьць «прыкладная інфарматыка», агулам на 65 месцаў прэтэндуюць 118 чалавек.
Праходныя балы на гэтую спэцыяльнасьць таксама растуць. Пазалетась трэба было набраць 386 з 400, каб трапіць на бюджэтнае, а летась ужо 391. Сёлета праходны бал застаўся такім жа — 391.
У БДУІР конкурс склаўся на большасьць спэцыяльнасьцяў. На «праграмную інжынэрыю» дакумэнты падалі 12 чалавек з 396 баламі і вышэй. Конкурс 4,5 чалавека на месца. Падалі 181 заяву на 40 бюджэтных месцаў (з выняткам мэтавікаў). Летась на гэтую спэцыяльнасьць таксама быў конкурс і высокі праходны бал — 395 з 400 магчымых.
«Інжынэрна-пэдагагічная дзейнасьць» — адна з спэцыяльнасьцяў у БДУІР, дзе конкурс ня склаўся. На 25 месцаў падалі толькі 17 заяваў. Агулам пэдагагічныя спэцыяльнасьці адчуваюць недабор ужо некалькі гадоў запар.
Самыя папулярныя спэцыяльнасьці ў абітурыентаў галоўнай тэхнічнай ВНУ Беларусі зьвязаныя з мэнэджмэнтам і маркетынгам. Напрыклад, на 4 бюджэтныя месцы «бізнэс-адміністраваньня» заявы падалі 20 чалавек. Летась конкурс быў меншы — 3 чалавекі на месца. На 4 месцы «маркетынгу» — 18 ахвочых. Летась ажыятаж вакол гэтай спэцыяльнасьці быў меншы — 2 чалавекі на месца.
А вось на факультэце інфармацыйных тэхналёгіяў і робататэхнікі на некаторыя спэцыяльнасьці — недабор. Напрыклад, на 34 месцы «аўтаматызацыі тэхналягічных працэсаў і вытворчасьцяў, аўтаматызаваных электрапрыводаў» падалі заявы толькі 18 чалавек.
Недабор сярод сілавікоў, аграрыяў і настаўнікаў
У Акадэміі МУС конкурс склаўся амаль на ўсе спэцыяльнасьці, выключэньне — «правазнаўства» на крымінальна-выканаўчым факультэце: на 80 месцаў 77 ахвочых. На «правазнаўства» факультэту крымінальнай міліцыі конкурс склаў амаль 4 чалавекі на месца: 307 ахвочых пры пляне набраць 81 чалавека. Пры гэтым адзін чалавек падае заяву на гэты факультэт, маючы менш за 135 балаў з 400 магчымых. З тых,хто хоча паступіцьу гэтую ВНУ, звыш 360 балаў маюць толькі 5 чалавек.
А вось у Магілёўскім інстытуце МУС недабор на абедзьве спэцыяльнасьці, якім тут вучаць. На «праўнае забесьпячэньне грамадзкай бясьпекі» недабор 33 хлопцаў (37 заяваў на 70 месцаў). У дзяўчат наадварот — склаўся конкурс: 86 ахвочых на 20 месцаў. У сілавыя ВНУ дзяўчаты і хлопцы праходзяць праз асобныя конкурсы.
На «праўнае забесьпячэньне вышуковай дзейнасьці» тут таксама недабралі 33 хлопцы (57 ахвочых на 90 месцаў). Дзяўчат сёлета не набіралі. Падобная сытуацыя назіралася ў гэтай ВНУ і ў папярэднія гады: недабор хлопцаў і конкурс сярод дзяўчат.
У БДПУ імя Максіма Танка недабор амаль на ўсе спэцыяльнасьці. Нават на гістарычным факультэце, дзе летась быў конкурс і праходны бал 300 з 400 магчымых, недабралі тры чалавекі: на 50 месцаў пададзена 47 заяваў.
На «матэматыку і інфарматыку» фізыка-матэматычнага факультэту падалі заявы толькі 70 чалавек на 45 месцаў. Конкурс 1,7 чалавека на месца склаўся ў Інстытуце псыхалёгіі БДПУ, а таксама на факультэце дашкольнай адукацыі і факультэце сацыяльна-пэдагагічных тэхналёгіяў.
У Беларускім аграрным тэхнічным унівэрсытэце недабор на спэцыяльнасьць «Тэхнічнае забесьпячэньне вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі» — на 145 месцаў 112 прэтэндэнтаў. На іншыя спэцыяльнасьці гэтай ВНУ склаўся конкурс.
А вось Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках наагул прыбрала з свайго сайту інфармацыю аб хадзе падачы заяваў ад абітурыентаў, але выклала інфармацыю пра дадатковы набор на спэцыяльнасьць «вытворчасьць прадукцыі жывёльнага паходжаньня».
«Людзі хочуць пэрспэктываў, а ня нізкіх заробкаў і працы на вёсцы»
Прафэсія настаўніка непапулярная, бо, апроч нізкіх заробкаў, на пэдагогаў навешваюць рэпрэсіўныя функцыі, упэўнены Андрэй Лаўрухін, экспэрт у адукацыі, навуцы і інавацыях.
«Людзі бачаць, што настаўніцтва — гэта цяжкая праца з нізкімі заробкамі. З году ў год іхныя заробкі ніжэйшыя за сярэдні па краіне. Акрамя таго, дзяржава выкарыстоўвае інстытуты адукацыі ў якасьці палітычных інструмэнтаў. Аграрыі — гэта таксама цяжкая праца з нізкімі заробкамі. Беларуская нацыя мадэрнізаваная, мала хто хоча правесьці ўсё жыцьцё ў маленькім пасёлку», — кажа экспэрт.
Папулярнасьць гэтых спэцыяльнасьцяў невялікая яшчэ і таму, што існуе інстытут абавязковага разьмеркаваньня. Гэта не дае магчымасьці пасьля ВНУ заняцца нечым іншым, калі чалавек зразумеў, што спэцыяльнасьць, напрыклад, аграрыя яму не пасуе, дадае суразмоўца.
Што да сілавікоў, то, на думку Андрэя Лаўрухіна, тут дзейнічае маральны чыньнік.
«Дзяржава выкарыстоўвае сілавікоў, каб біць грамадзянаў, гэта небясьпечная праца. Да таго ж няма такіх грошаў, якія раней плацілі сілавікам, асабліва ў 2020 годзе. Яны ўжо непрапарцыйныя рызыкам і наступствам», — мяркуе суразмоўца.
Паводле экспэрта, беларускія абітурыенты абіраюць спэцыяльнасьць, якая выведзе іх на іншы ўзровень, дасьць іншы ўзровень жыцьця.
«Што да ФМА — то гэта сацыяльныя сувязі. Ты ўваходзіш у эліту грамадзтва. Людзі бачаць, што выпускнікі гэтага факультэту пасьля пасьля могуць займець добрую працу», — кажа Лаўрухін.
Сёлета ўлады вырашылі павялічыць колькасьць бюджэтных месцаў у ВНУ на 400, а вось платных месцаў стала менш на 2,7 тысячы. Выпускнікі беларускіх ВНУ, якія вывучыліся на бюджэтным, мусяць пасьля адпрацаваць 2 гады па разьмеркаваньні.
Форум