Калі дакладна знік знак, таксама невядома. Прарасейская актывістка Вольга Бондарава паведаміла пра гэта ў канцы чэрвеня, яна апублікавала здымак, на якім відаць дзіру ў зямлі на месцы слупа.
Курапаты — урочышча, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, яно знаходзіцца пад Менскам. У Менскім райвыканкаме карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе заявілі, што дасюль ня могуць выявіць, хто прыбраў знак:
«Ня можам знайсьці балянсавую прыналежнасьць, хто адказвае і зь якой прычыны прыбралі. Пакуль мы ня высьветлілі, чыя прыналежнасьць і хто мог гэта зрабіць. Будзем і надалей высьвятляць».
Зьвярнуцца да «тэрытарыяльных органаў» параілі ў Міністэрстве культуры. Там таксама ня ведаюць, што адбылося з шыльдаю, хаця Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
На прадпрыемстве «Гаррамаўтадар Менгарвыканкаму» карэспандэнту тэлеканалу як прыватнай асобе заявілі, што дарожнымі знакамі не займаюцца, гэта праца «СМЭП Менгарвыканкаму». Там сказалі, што менавіта за шыльду на Курапаты не адказваюць:
«Няма ў нас на балянсе гэтага знаку, гэта ня наш знак. Нехта ставіў, так, мы знакі ставім на заданьне ДАІ, мы не прыдумляем, што недзе знак трэба паставіць».
Праўда пра Курапаты зрабілася шырока вядомаю ў 1988 годзе пасьля публікацыі ў газэце «Літаратура і мастацтва» артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты: дарога сьмерці».
Паводле розных ацэнак, лік ахвяраў, пахаваных там, — ад 30 тысячаў да больш як 250 тысячаў.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Форум