Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы пракамэнтаваў словы Ціханоўскага. Сам Ціханоўскі кажа, што яго няправільна зразумелі


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, архіўнае фота
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, архіўнае фота

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што ніколі не пагодзіцца на стварэньне аўтаномій на тэрыторыі Літвы. Аднак ён адзначыў, што ня варта ўспрымаць як сур’ёзную прапанову словы Сяргея Ціханоўскага пасьля вызваленьня з турмы ў інтэрвію праекту «Жыцьцё-маліна» на пачатку ліпеня.

Тады Ціханоўскі сказаў, што беларусы, якія пакінулі радзіму, маглі б ствараць «астравы» з аўтаноміяй.

«Заўсёды ёсьць розныя людзі, розныя меркаваньні, — цытуе Наўседу Delfi. — Нарэшце, давайце ўлічваць той факт, што чалавек у жудасных умовах апошнія некалькі гадоў знаходзіўся ў турме. Магчыма, у яго крыху іншае ўяўленьне аб працэсах, якія на самой справе адбываюцца, калі ён шмат гадоў правёў у цёмнай турме».

«Давайце зразумеем яго сытуацыю, пастараемся ацаніць цьвяроза», — дадаў Наўседа.

Сам Сяргей Ціханоўскі сказаў, што яго няправільна зразумелі.

«Ніхто і ніколі ня будзе ствараць ніякіх аўтаномных акруг і астраўкоў у Літве. Беларусы бязьмерна ўдзячныя Літве за гасьціннасьць, мы паважаем сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Літвы, — цытуе Ціханоўскага «Наша Ніва». — Я заклікаю беларусаў працягваць барацьбу з рэжымам Лукашэнкі. Не забываць сваю мову і культуру, мець зносіны паміж сабой, дапамагаць адно аднаму. Наша задача — вярнуць сваю краіну, а пакуль мы ў выгнаньні — ня страціць паміж сабой сувязь.

Зразумейце, я прадпрымальнік. І я хацеў прапанаваць беларусам у ЭЗ стварыць бізнэс-хабы, для беларускіх прадпрымальнікаў, каб яны і іх семʼі размаўлялі паміж сабой. Бо шмат таленавітых і кваліфікаваных спэцыялістаў пераехалі сюды праз рэпрэсіі. Я і да 2020-га дапамагаў людзям, і цяпер —— хачу ім дапамагчы. Менавіта гэта я меў на ўвазе і пра гэта казаў больш падрабязна ў сваіх папярэдніх інтэрвію».

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у дыпляматычных пытаньнях Дзяніс Кучынскі ў заяве, апублікаванай у аўторак, якую цытуе LRT, адзначыў, што «мы ніколі ня ставілі пад пытаньне і ня будзем ставіць пад пытаньне сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Літвы».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG