Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Стрыжака ёсьць тры варыянты дзеяньняў — меркаваньне мэдыяэкспэрта Паўлюка Быкоўскага


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Пасьля скандалу з абвінавачваньнямі на адрас Андрэя Стрыжака ў грамадзкай думкі няма інструмэнту накінуць фонду BySol і яго кіраўніку тое ці іншае рашэньне — сыходзіць Андрэю з пасады лідэра ці застацца на ёй — мяркуе мэдыяяаналітык, старэйшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі.

Сьцісла:

  • Грамадзкі рэзананс «справы Стрыжака» ня надта гучны, яе абмяркоўваюць людзі, якія пераважна знаёмыя паміж сабой.
  • Стрыжак можа застацца на пасадзе лідэра BySol, стаць шараговым супрацоўнікам арганізацыі ці сысьці з гэтай дзейнасьці.
  • У грамадзкай думкі няма інструмэнту накінуць BySol і Андрэю тое ці іншае рашэньне.

— Кіраўніка Фонда салідарнасьці BySol Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў тым, што ён высылаў беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікі — фатаграфіі свайго палавога органа, піша «Эўрарадыё». Гэтае паведамленьне выклікала бурхлівае абмеркаваньне. Якія меркаваньні выказваюцца ў дыскусіі? Як бы вы іх клясыфікавалі?

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

— Маштабы рэзанансу я б не перабольшваў. Размова ідзе пра 6 публікацыяў у розных мэдыя. Больш гучны розгалас атрымаўся ў сацсетках, Там ужо ёсьць падзел на пэўныя лягеры. Ёсьць невялічкая плынь тых, хто проста сьмяецца з гэтай нагоды. Людзі, якія сьмяюцца, часам выклікаюць незадавальненьне ў тых, хто выступае з этычных пазыцый. Тут закранутыя базавыя каштоўнасьці, маральныя прынцыпы.

— А калі прычынай скандалу аказваюцца абвінавачваньні ў фінансавых злоўжываньнях, то рэзананс гучнейшы? Ці гучнейшы ў сытуацыях, падобных абвінавачваньням на адрас Стрыжака?

— Ёсьць паняцьце маральнай панікі. Для часткі людзей гэтая сытуацыя выклікала такую рэакцыю. Пытаньні сэксу заўсёды прыцягваюць увагу і выклікаюць рэакцыю. Складана сказаць, што выклікала б большы рэзананс. Але варта адзначыць, што гэты скандал, зьвязаны са Стрыжаком, выклікаў рэзананс у адносна вузкім коле людзей, значная колькасьць якіх нават знаёмыя адзін з адным. Мяркую, што калі б гэта тычылася не дзеяча ў дыяспары, а прадстаўніка кіраўніцтва Беларусі, то розгалас быў бы значна больш гучным.

— Ці ёсьць нейкія агульныя заканамернасьці такіх дыскусіяў? У прыватнасьці, як доўга яны працягваюцца.

— Я мяркую, што калі сам Андрэй Стрыжак ня будзе выказвацца далей і рабіць нейкія дзеяньні, то гэтая гісторыя ў хуткім часе сыйдзе з парадку дня. Аднак ён зьяўляецца часткай грамадзкай сілы, у якой ёсьць ворагі, і гэтыя ворагі могуць выкарыстаць гэтую гісторыю для таго, каб змагацца з гэтай сілай. Могуць быць людзі, якія незадаволеныя тым, як працуюць грамадзкія арганізацыі, якія дапамагаюць палітзьняволеным. Такія людзі ёсьць, і ў іх розныя наборы прэтэнзій. Ну і таксама ёсьць кіроўны рэжым, для якога гэта прыемны падарунак, які можа быць выкарыстаны ў прапагандзе. Таму можна чакаць перадачу на гэты конт ад Ігара Тура ці ад некага іншага. Калі ня ён, дык «Клюб рэдактараў» абмяркуе гэта.

— Рэакцыя праўладных ТГ-каналаў была даволі хуткай, напісалі пра гэта і прыгаданы вамі Тур, і Азаронак, і «Жоўтыя сьлівы».

— ТГ-каналы сапраўды адрэагавалі даволі хутка. Але гэта не для масаў. А што будзе для масаў — трэба будзе глядзець, што паведамяць мэйнстрымныя дзяржаўныя мэдыя. Цікава, ці прыгадаюць яны падобную гісторыю, якая здарылася з палітыкам Алегам Гайдукевічам. Рэакцыя менавіта дзяржаўных СМІ можа надаць абмеркаваньню гісторыі са Стрыжаком новае дыханьне.

— У практычным пляне дыскусія факусуецца вакол пытаньня, ці павінен Стрыжак сысьці з пасады лідэра BySol. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што ён сыйдзе?

— Я б разглядаў некалькі варыянтаў. Адзін — Стрыжак застаецца лідэрам BySol і яго статус ніяк не памяняецца. Хібы такога выбару палягаюць у тым, што цяперашнюю гісторыю яму будуць рэгулярна нагадваць. Я ня ўпэўнены, што гэты скандал так ужо кардынальна паўплывае на палітыку донараў, тых, хто дае грошы BySol на дапамогу беларускім палітвязьням. Але можа і паўплываць, асабліва калі Стрыжак застанецца на чале арганізацыі. Але можа быць для яго было б больш разумна сысьці з публічнай пасады, саступіўшы яе іншай асобе, але працягваць працу ў арганізацыі. Мне складана сказаць, які выбар будзе зроблены, бо ў беларускім грамадзтве такія рэпутацыйныя скандалы часта хутка забываюцца.

Але зь іншага боку, Стрыжак эміграцыйны дзеяч. А сваркі ў эміграцыі часта больш жорсткія, чым у мэтраполіі. Нарэшце, ёсьць і трэці варыянт — Андрэй можа проста цалкам сысьці з гэтай дзейнасьці. Людзі выгараюць, а такая дзейнасьць патрабуе вялікіх эмацыйных рэсурсаў.

— Вы ўжо прыгадалі гісторыю з Алегам Гайдукевічам, падобную на гісторыю са Стрыжаком. Гайдукевіч, у адрозьненьні, ад Стрыжака, сваю віну ўпарта адмаўляў. І пры гэтым захаваў усе свае пасады — і кіраўніка партыі, і дэпутатства. А ці былі ў найноўшай беларускай гісторыі адстаўкі з прычыны «амаралкі», як казалі ў савецкія часы? Ва ўладзе ці ў апазыцыі. Не за тое, што нешта скраў ці заваліў працу, а за пэўныя сэксуальныя паводзіны. Я вось нешта не прыгадваю.

— Былі такія гісторыі, але непублічныя. Яны прыводзілі да таго, што чалавек рабіўся падкантрольным і альбо мяняў сваю грамадзкую пазыцыю на супрацьлеглую альбо сыходзіў з грамадзкай дзейнасьці. Я ведаю такія гісторыі, але не хачу называць імёны. Але публічных гісторый з арганізацыйнымі наступствамі за «амаралку» я таксама не прыгадваю. У савецкія часы можна было атрымаць пакараньне прынамсі па партыйнай лініі за гэта.

— Але так выглядае, што норавы мяняюцца. Вось зараз у сьвеце абмяркоўваюць гісторыю, як мужчына і жанчына — топ-мэнэджары камэрцыйнай кампаніі — абдымаліся на канцэрце гурту Coldplay. У абодвух ёсьць свае сем’і. Іх абдымкі былі засьнятыя на відэакамэру і абнародаваныя Адміністрацыйныя наступствы для каханкаў, прынамсі, для мужчыны наступілі хутка. Не ўпэўнены, што калі б такое адбылося ў Беларусі, таксама былі б менавіта адміністрацыйныя наступствы.

— Ну ў нас ёсьць прыклад Аляксандра Лукашэнкі, які выступае як бы за традыцыйныя каштоўнасьці, але пры гэтым кажа, што зь яго браць прыклад ня варта, бо сам ён гэтых каштоўнасьцяў ня надта прытрымліваецца. Пасьля таго, як ён публічна паказаў свайго пазашлюбнага сына, у грамадзтве і ў дзяржаўным апараце былі розныя размовы, але нельга сказаць, што гэта неяк памяняла становішча Лукашэнкі. Чыёсьці стаўленьне да яго гэта мо і пагоршыла, але рэжым не абрынула. Што тычыцца гэтай амэрыканскай гісторыі, то там наступствы былі зьвязаныя не ў апошнюю чаргу са статусам кампаніі, дзе працавалі фігуранты. Гэта акцыянэрнае таварыства, акцыянэрам такія дэманстрацыі пазашлюбнай сувязі наўрад ці спадабаюцца. Была б гэта ўнітарныя кампанія, мо ніякіх наступстваў і не было б.

Сапраўды, беларускае грамадзтва ў цэлым на падобныя гісторыі глядзіць больш спакойна. Аднак менавіта ў грамадзянскай супольнасьці ёсьць большая запатрабаванасьць на выкананьне этычных стандартаў. Вяртаючыся, да гісторыі з Андрэем Стрыжыком, адзначыў бы, што ў грамадзкай думкі няма інструмэнту накінуць BySol і Андрэю тое ці іншае рашэньне.

— У дыскусіі наконт справы Стрыжака выказваліся кансьпіралягічныя вэрсіі. Нядаўна быў скандал вакол фонду ByHelp Аляксея Лявончыка. Скажам так, у замежных партнэраў узьніклі пытаньні да дзейнасьці фонду. Вось цяпер справа Стрыжака. Гэта выпадковае супадзеньне?

— Зусім неабавязкова, каб тут быў нейкі агульны «цэнтар кіраваньня палётамі». Але ня выключана, што першая гісторыя выклікала другую. Менавіта так у свой час разьвівалася кампаніі Metoo. Аднак калі ёсьць падставы, то яны раней ці пазьней «выстраляць». І трыгерам можа быць што заўгодна.

— Прыгаданы вамі праўладны прапагандыст Ігар Тур, камэнтуючы ў сваім ТГ справу Стрыжака, анансаваў сэрыю выкрыкваньняў адносна шэрагу апазыцыйных арганізацыяў і асобаў, у прыватнасьці, праваабарончага цэнтру Dissidentby, Аляксандра Кныровіча і Паўла Латушкі. Тур адзначыў, што гэтая сэрыя зьвязаная з вызваленьнем Сяргея Ціханоўскага. Гэтыя анансаваныя выкрываньні, як і справа Стрыжака, могуць быць маштабнай спэцапэрацыяй беларускай улады па дыскрэдытацыі дэмакратычных сілаў? Лукашэнка, выступаючы 1 ліпеня і тлумачачы вызваленьне Ціханоўскага, сказаў: «Хутка вы ўсё ўбачыце». Вось, можа, і бачым, у справе Стрыжака, у прыватнасьці?

— Такія тэзы ўкідваюцца, каб дэмаралізаваць апанэнтаў. Гэта звычайная для прапаганды рэч. Можна прыгадаць гісторыю «эўрапейскага аўдытара» Аксёнава — беларускага актывіста, які думаў, што працуе на Эўракамісію, а працаваў насамрэч на КДБ Беларусі і прапагандыста Тура. Зроблена гэта было выключна для мэдыйнага эфэкту. Ад самага пачатку дзейнасьці і офісу Ціханоўскай, і арганізацыі Стрыжака супраць іх вялася прапагандысцкая кампанія. Можна прыгадаць квазіапазыцыйны ТГ канал «Штаб Оношко», інфармацыя якога потым перадрукоўвалася «Жоўтымі сьлівамі» і «Беларусь сёньня».

Вызваленьне Сяргея Ціханоўскага разглядалася, напэўна, як кіданьне жука ў мурашнік: можа, дэмсілы ў выніку перагрызуцца паміж сабой. Але аказаліся марнымі ўсе спадзевы на тое, што зь вяртаньнем Ціханоўскага эміграцыйныя палітычныя структуры абрынуцца. Я б яшчэ адзначыў, што ТГ-каналы кшталту «Жоўтых сьліваў» вельмі разыходзяцца зь лініяй мэйнстрымнай прапаганды. Як ні парадаксальна, мэтавая аўдыторыя падобных каналаў — гэта беларускія апазыцыянэры, якія жывуць пераважна за мяжой. Іх трэба сутыкнуць ільбамі, іх трэба дэмаралізаваць і запужаць. Пры гэтым тон афіцыйных дзяржаўных мэдыя, тэлеканалаў — іншы. Іх аўдыторыя — не іншадумцы, а аднадумцы. І там імкнуцца не напалохаць заадно і сваіх, не надаць залішнюю значнасьць апазыцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG