Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Было 24-е месца, стала 32-е. Незалежныя экспэрты кажуць пра маніпуляцыі афіцыйнымі зьвесткамі для рэйтынгу Беларусі ва ўстойлівым разьвіцьці


На форуме ААН па ўстойлівым разьвіцьці, 2023 год
На форуме ААН па ўстойлівым разьвіцьці, 2023 год

Індэкс Беларусі ў дасягненьні мэтаў устойлівага разьвіцьця (МУР), які вызначае ААН з 2016 году, у 2025 годзе зьнізіўся на 8 радкоў у параўнаньні з 2021 годам, калі рэйтынг вызначалі апошні раз. Тады было 24 месца, цяпер — 32.

Паводле незалежных экспэртаў, у Беларусі катастрафічная сытуацыя з правамі чалавека, якая недастаткова ўлічваецца ў рэйтынгу.

У праграме ААН па вызначэньні МУР бяруцца на ўлік 17 паказчыкаў у розных галінах жыцьця: эканоміка, экалёгія, беднасьць, ахова здароўя ды іншыя. Дадзеныя пра Беларусь для экспэртаў ААН давалі афіцыйныя органы Беларусі, у тым ліку Дзяржаўны статыстычны камітэт. Паводле правілаў ААН экспэрты ад грамадзкіх арганізацый таксама маюць права падрыхтаваць альтэрнатыўны даклад, чым яны зноў скарысталіся.

18 ліпеня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку дэлегацыя Беларусі прадставіць даклад аб разьвіцьці краіны ў пэрыяд ад мінулай справаздачы. Напярэдадні, 17 ліпеня група незалежных экспэртаў ад грамадзкіх арганізацый прэзэнтавала альтэрнатыўную справаздачу, у якой прааналізавала высновы афіцыйнага даклада і выказала рэкамэндацыі як выправіць становішча ў найбольш крытычных галінах.

«Усе намаганьні па дасягненьні мэтаў і абароне прынцыпаў устойлівага разьвіцьця былі азмрочаныя маштабнымі рэпрэсіямі, распачатымі ў жніўні 2020 году», — мяркуюць аўтары альтэрнатыўнай справаздачы.

Каардынатарка альтэрнатыўнага дакладу, экспэртка ў пытаньнях МУР Ірына Панядзельнік падчас онлайн-прэзэнтацыі патлумачыла, у чым асноўная розьніца паміж афіцыйным і альтэрнатыўным дакладамі па мэтах устойлівага разьвіцьця Беларусі.

«Прызнаецца зьніжэньне рэйтынгу, але ўсё роўна афіцыйная пазыцыя такая, што Беларусь нібыта ў топе, бо заняла 32 месца сярод ажно 167 краін. І цяпер на шмат якіх міжнародных пляцоўках беларускі рэжым будзе пахваляцца гэтым паказчыкам, хаця насамрэч ён не паказвае рэальнага становішча. З правамі чалавека сытуацыя проста жахлівая, наяўнасьць палітвязьняў і рэпрэсіі ў афіцыйнай справаздачы ігнаруюцца. Гэтак сама як сытуацыя з гвалтам у сям’і. У афіцыйным дакладзе кажуць пра тое, як шмат у краіне жанчын-лідэраў, але ані слова пра тое, колькі жанчын штодня цярпяць ад сямейнага гвалту», — распавяла Ірына Панядзельнік.

Вось на якія яшчэ факты з афіцыйнай справаздачы ўказваюць незалежныя экспэрты ў альтэрнатыўным дакладзе.

  • Ахова здароўя. Пандэмія COVID-19 стала катастрофай, схаванай за фальшывымі дадзенымі. Афіцыйныя лічбы сьмяротнасьці заніжаліся ў 14 разоў, а ўласная вакцына «Белкавідак» так і засталася «дарагой імітацыяй навукі». У турмах палітвязьні паміраюць праз адмову ў мэдычнай дапамозе.
  • Адукацыя. Школы і ўнівэрсытэты пераўтвораны ў інструмэнты прапаганды. Настаўнікаў і выкладчыкаў масава звальняюць ці прымушаюць маўчаць. За тры гады колькасьць пэдагогаў скарацілася амаль на 4,5 тысячы.
  • Жанчыны і правы чалавека. У краіне да гэтага часу няма закона аб хатнім гвалце. А за любую незалежную актыўнасьць можна патрапіць у вязьніцу як «экстрэміст». Больш за 1150 палітвязьняў застаюцца за кратамі.
  • Экалёгія. Беларусь практычна спыніла разьвіцьцё зялёнай энэргетыкі. Рэкі забруджваюцца мікраплястыкам і сьцёкамі, а краіна выйшла з ключавых экалягічных канвэнцый, хаваючы дадзеныя аб сапраўдным стане прыроды.
  • Эканоміка і правы працоўных. Усе незалежныя прафсаюзы ліквідаваныя. Рабочыя пазбаўлены права абараняць сябе, больш за 70 прафсаюзных актывістаў перасьледуюць.
  • Дадзеныя і статыстыка. Белстат публікуе дадзеныя, якім нельга давяраць. Інфармацыя пра беднасьць, беспрацоўе ці здароўе насельніцтва часта схаваная ці сфальшаваная.

Акрамя непразрыстасьці афіцыйнай статыстыкі, каардынатарка альтэрнатыўнага дакладу Ірына Панядзельнік адзначыла фактычную забарону для грамадзянскай супольнасьці Беларусі ўдзельнічаць у маніторынгу дасягненьня мэтаў устойлівага разьвіцьця і фінансавыя праблемы, якія ўзьнікаюць на гэтым шляху для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Экспэртка спаслалася на прыклад Фінляндыі, у якой афіцыйны і альтэрнатыўны даклады прадстаўленыя разам. На думку Ірыны Панядзельнік, беларусам таксама не абысьціся без збліжэньня пазыцый.

«Без адкрытага дыялёгу паміж дзяржавай і грамадзтвам любыя размовы аб мэтах устойлівага разьвіцьця — толькі пусты гук. ААН і іншыя міжнародныя пляцоўкі павінны стаць прасторай, дзе ўлады Беларусі пачуюць праўду і распачнуць рэальны працэс. Толькі так можна дасягнуць сапраўднага прагрэсу і будучыні без страху і гвалту», — мяркуюць аўтары альтэрнатыўнага дакладу аб дасягненьні мэтаў устойлівага разьвіцьця Беларусі.

Тут можна падрабязна азнаёміцца з профілем краіны, вывучыць з якіх статыстычных паказчыкаў складаецца агульная ацэнка кожнай мэты і ўбачыць прагрэс у яе дасягненьні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG