Каб пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць заяву Рутэ, Расейская служба Радыё Свабода сумесна з расьсьледніцкай групай Conflict Intelligence Team (CIT) прааналізавала адкрытыя зьвесткі аб вырабе боепрыпасаў і іншых асноўных відаў зброі ў Расеі і краінах NATO.
Супольнае дасьледаваньне ўключае шэсьць катэгорыяў узбраеньня: артылерыю, боепрыпасы да яе, танкі, самалёты, ракетную зброю (ракеты і дроны), а таксама сродкі супрацьпаветранай абароны і ракеты-перахопнікі да іх.
Расейскія ўлады і кампаніі не публікуюць зьвестак пра ўсе абаронныя заказы, зробленыя падчас маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, таму дасьледаваньне грунтуецца пераважна на зьвестках замежных выведак, аналітыкаў і СМІ. У некаторых выпадках вызначыць дакладную колькасьць вырабленай зброі немагчыма.
Пры падліку ўзбраеньняў, якія вырабляюцца ў краінах NATO, дасьледаваньне ня ўлічвала Турэччыну, якая ўваходзіць у альянс і мае значны вытворчы патэнцыял, але ў патэнцыйных канфліктах можа трымацца нэўтралітэту.
Аб’ектыўныя ацэнкі ці перабольшаньне? Артылерыйскія боепрыпасы
Марк Рутэ і раней заяўляў пра значную перавагу Расеі перад NATO ў вытворчасьці боепрыпасаў. Так, у красавіку ў інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу CBS ён казаў, што расейскі вайскова-прамысловы комплекс вырабляе ў чатыры разы больш боепрыпасаў, чым краіны NATO.
«Маем праблему: ЗША, Канада і эўрапейскія краіны, якія ўваходзяць у NATO, не вырабляюць дастаткова прадукцыі абароннай прамысловасьці. За год мы вырабляем гэтулькі ж боепрыпасаў, колькі Расея вырабляе за тры месяцы», — сказаў Рутэ, адзначыўшы, што памер расейскай эканомікі складае толькі 5% ад эканомікі краін NATO.
Ні тады, ні цяпер генэральны сакратар альянсу не ўдакладняў, ці мае ён на ўвазе выключна боепрыпасы асноўнага расейскага калібру 152 мм, ці ўключае ў сваю ацэнку ў тым ліку боепрыпасы 122 мм і іншых калібраў, якія расейская армія таксама выкарыстоўвае на фронце.
Паводле зьвестак брытанскага Каралеўскага інстытуту абаронных дасьледаваньняў (Royal United Services Institute, RUSI), у 2022 годзе Расея зрабіла 250 000 стрэлаў калібру 152 мм, у 2023-м — адзін мільён, а ў 2024-м плянавала вырабіць 1 325 000 такіх боепрыпасаў. На практыцы, адзначаюць дасьледнікі, яна вырабіла крыху больш за 1,3 мільёна 152-мілімэтровых боепрыпасаў. Акрамя гэтага, расейскаму вайскова-прамысловаму комплексу ў 2024 годзе ўдалося дасягнуць сваёй мэты, вырабіўшы 800 тысяч 122-мілімэтровых стрэлаў. Аналітыкі выказалі здагадку, што рост працягнецца ў 2025 годзе, асабліва ў другой яго палове, калі расейскія прадпрыемствы змогуць вырабляць больш выбуховых рэчываў, увёўшы ў строй новыя магутнасьці.
Лічбы RUSI блізкія да ацэнак заходніх і ўкраінскіх афіцыйных асобаў: яны заяўлялі Reuters, што ў 2024 годзе Расея вырабіла 2–2,3 мільёна артылерыйскіх боепрыпасаў; з словаў амэрыканскага генэрала Крыстафэра Каволі, былога галоўнага вайскавода Абʼяднаных узброеных сілаў NATO ў Эўропе, Расея плянавала нарасьціць вытворчасьць боепрыпасаў да трох мільёнаў на год.
Украінская ваенная выведка лічыць, што Расея зрабіла яшчэ больш боепрыпасаў: у 2023 годзе сумарна два мільёны 152-мілімэтровага і 122-мілімэтровага калібраў, а ў 2024 годзе плянавала вырабіць 2,7 мільёна. Падобную ацэнку ў пачатку мінулага году даваў і неназваны эўрапейскі чыноўнік: ён казаў пра вырабленыя Расеяй 250 000 боепрыпасаў у месяц або тры мільёны ў год.
Тэлеканал SkyNews з спасылкай на дасьледчую фірму Bain & Company паведамляў, што Расея плянавала вырабіць у 2024 годзе 4,5 мільёна адзінак боепрыпасаў, што, паводле іх ацэнкі, утрая больш, чым сумарная гадавая вытворчасьць краін NATO. Аналітыкі не ўдакладняюць, пра якія менавіта боепрыпасы ідзецца. Апроч гэтага, яны заяўляюць, што арыентаваліся на «даступную публічна інфармацыю», але не раскрываюць, на якую менавіта. Гэтая ацэнка моцна перавышае іншыя і можа ўключаць шырэйшую намэнклятуру боепрыпасаў, напрыклад, мінамётныя міны і снарады для танкаў.
Акрамя таго, Расея атрымлівае боепрыпасы ад КНДР. Калі перш ішлося аб снарадах калібраў 122 і 152 мм, а таксама мінах і ракетах для ракетных сыстэмаў залпавага агню (РСЗА), то з пачаткам паставак карэйскіх сыстэмаў узбраеньня намэнклятура пашырылася. Цяпер з Паўночнай Карэі таксама паступаюць снарады калібрам 130 мм (падобна, для савецкіх гармат М-46) і 170 мм (імаверна, для паўночнакарэйскіх САУ «Коксан») і ракеты для карэйскіх РСЗА калібрамі 240 і 107 мм. Ацэнкі агульнага абʼёму гэтых паставак розныя.
Сёлета ў красавіку сумеснае расьсьледаваньне Reuters і Open Source Centre выявіла адпраўку зь верасьня 2023 году па сакавік 2025 году больш чым 15 тысяч кантэйнэраў, у якіх маглі знаходзіцца звыш 6 млн боепрыпасаў. Нядаўна агенцтва «Ёнхап» з спасылкай на даклад выведкі Паўднёвай Карэі паведаміла, што агульны абʼём паставак перавысіў 12 млн боепрыпасаў пры пераліку на асноўны калібр — 152 мм. У CIT лічаць такую адзнаку завышанай, а разьлікі ў калібры 152 мм – няслушнымі.
З улікам трох месяцаў, якія прайшлі з моманту публікацыі Reuters, агульны абʼём пастаўленых боепрыпасаў наблізіўся да 7 млн. Аўтары гэтага артыкулу не ўключалі карэйскія боепрыпасы ў свае падлікі, бо такія пастаўкі не ўплываюць на вытворчыя магчымасьці самой РФ.
Што ж да краін NATO, у сакавіку 2024 году неназваны эўрапейскі службовец заявіў CNN, што краіны альянсу «маюць штогод магчымасьць 1 200 000 вырабленых боепрыпасаў адпраўляць ва Ўкраіну». Яшчэ адна крыніца ў NATO ў тым жа годзе заяўляла, што сумарна краіны альянсу плянавалі вырабіць два мільёны боепрыпасаў асноўнага калібру (не ўключаючы 105- і 120-мілімэтровыя) у 2024 годзе, а ў 2025 дасягнуць вытворчага абʼёму ў тры мільёны 155-мілімэтровых боепрыпасаў.
Гэта прыкладна супадае з справаздачаю Эўрапейскай камісіі. У ёй сказана, што ў студзені 2024 году вытворчасьць 155-мілімэтровых боепрыпасаў у Эўропе дасягнула 1 млн у год, а да канца 2025 году гэты паказьнік плянавалася падвоіць. Яшчэ мільён стрэлаў у 2025 годзе мелі вырабіць ЗША.
Эўракамісар Цьеры Брэтон у пачатку 2024 году казаў, што ЭЗ плянуе вырабіць да канца 2024 году 1,3 мільёна снарадаў. У чэрвені таго ж году ён заявіў, што менш чым за год Эўрапейскаму Зьвязу ўдалося павялічыць вытворчасьць боепрыпасаў 155-мілімэтровага калібру ў два разы — да мільёна адзінак. Да канца году ён чакаў 1,7 млн вырабленых боепрыпасаў (на 400 тысяч больш за ягоныя студзеньскія ацэнкі), а да канца 2025 году — 2,5 мільёна.
На практыцы вытворчыя магчымасьці Эўразьвязу і ЗША могуць аказацца сьціплейшымі за заяўленыя. Паводле неназванай славацкай крыніцы з абароннай прамысловасьці, якую цытавалі ў ліпені 2024 году, ЭЗ быў здольны вырабляць 580 000 боепрыпасаў у год.
Гэта супадае з ацэнкамі нямецкай кампаніі Rheinmetall (найбуйнейшы на сёньня вытворца боепрыпасаў у Эўропе), якая ў пачатку 2024 году меркавала, што заходнеэўрапейскія кампаніі здольныя вырабіць 550 000 боепрыпасаў за год. Апроч нямецкай кампаніі, якая на той момант была здольная вырабляць 350 тысяч боепрыпасаў у год, у Эўропе вытворчасьцю боепрыпасаў займаюцца нарвэска-фінская Nammo, Nexter (францускае крыло KNDS), брытанская BAE, польская Mesko, славацкая MSM, чэскія STV Group і CSG.
У 2024 годзе Rheinmetall заключыў кантракт на пастаўку боепрыпасаў для нямецкай арміі на суму 8,5 млрд даляраў. Плянуецца, што, пачынаючы з 2025 году, кампанія будзе вырабляць 700 000 снарадаў штогод, а да 2027 году гэты паказьнік можа вырасьці да 1 500 000 155-мілімэтровых боепрыпасаў у год. Акрамя гэтага, 300 тысяч боепрыпасаў асноўнага і 150 тысяч іншых калібраў у рамках «украінскай ініцыятывы» плянуе вырабіць у 2025 годзе чэская STV Group. Яшчэ як мінімум 200 тысяч 155-мілімэтровых стрэлаў (калі грунтавацца на лічбах за 2024 год) сёлета зробяць іншыя эўрапейскія кампаніі.
Такім чынам, сумарная колькасьць вырабленых у 2025 годзе боепрыпасаў толькі асноўнага калібру ў Эўропе паводле самых кансэрватыўных ацэнак можа дасягнуць 1,2 млн. А з улікам значных інвэстыцыяў у гэтую галіну ў межах праграмаў ASAP і EDIP, накіраваных як на пашырэньне вытворчасьці дэфіцытных кампанэнтаў — пораху і іншых выбуховых рэчываў — так і на канчатковую зборку, у найбліжэйшыя гады рост эўрапейскага патэнцыялу працягнецца, лічаць у CIT.
ЗША ставілі мэтай на 2025 год вырабіць 1 200 000 боепрыпасаў, гэта значыць дасягнуць паказьніку 100 тысяч стрэлаў у месяц. У рэальнасьці амэрыканскія вытворцы адстаюць ад графіку больш чым удвая, вырабляючы ў месяц 40 тысяч 155-мілімэтровых стрэлаў, што адпавядае 480 тысячам у год, калі дынаміка ня зьменіцца. Гэта значна ніжэй за пляны, паводле якіх яшчэ да канца 2024 году месячная вытворчасьць мела дасягнуць 75–80 тысяч стрэлаў. Затрымка выклікана праблемамі паўнацэннага запуску новых вытворчых лініяў, калі ж іх разьвязаць, вытворчасьць можа значна вырасьці.
Нават нягледзячы на невыкананьне Злучанымі Штатамі ўласных плянаў і на праблемы, якія ўзьнікаюць у эўрапейскіх вытворцаў, да канца году ЗША і ЭЗ могуць вырабіць сама меней 1,7 млн боепрыпасаў 155-мілімэтровага калібру. Калі сьцьвярджэньні Марка Рутэ дакладныя, то Расея мае вырабіць да канца году 6 800 000 боепрыпасаў толькі калібру 152 мм, ня лічачы іншых калібраў. А калі зважаць на пазьнейшую заяву Рутэ пра дванаццаціразовую перавагу, то гэтая ацэнка павялічыцца да фантастычных 20 500 000 стрэлаў у год.
Нават калі дапусьціць, што Эўропа сёлета не дасягне ўзроўню 1,2 млн боепрыпасаў і застанецца ў леташніх абʼёмах, гэта значыць 550 000 стрэлаў, а ЗША захаваюць цяперашнюю дынаміку вытворчасьці, сумарная колькасьць вырабленых краінамі NATO боепрыпасаў асноўнага калібру дасягне аднаго мільёна. Расея ў такім разе павінна вырабляць 4 млн (ці 12 млн паводле «фантастычнай» ацэнкі).
У CIT лічаць гэтую колькасьць немагчымай з прычыны цэлага шэрагу абставін. Мяжа росту вытворчасьці коштам яе інтэнсыфікацыі на цяперашніх пляцоўках у Расеі была дасягнутая яшчэ ў 2023–2024 гадах — гэта наглядна дэманструе дынаміка, паказаная ў матэрыяле RUSI. Пры гэтым паказьнікі спыніліся на ўзроўні 1 300 000 152-мілімэтровых стрэлаў. Істотны далейшы рост магчымы толькі пры ўводзе ў строй новых магутнасьцяў.
Расея сапраўды павялічвае вытворчыя магутнасьці на цэлым шэрагу пляцовак (напрыклад, на Казанскім парахавым і на Бійскім олеумным заводах). Маштаб гэтых работаў абмежаваны і не дазваляе чакаць кратнага росту вытворчасьці неўзабаве. Акрамя таго, увод новых магутнасьцяў у строй будзе суправаджацца затрымкамі і праблемамі (што, напрыклад, адбылося на новым заводзе амэрыканскай кампаніі GD-OTS у Мэскіце, Тэхас), а таксама цяжкасьцямі ў падборы кваліфікаванага пэрсаналу, лічаць у CIT. Гэта, на думку аналітыкаў, яшчэ больш замарудзіць рост вытворчасьці. Аднак у сярэдне- і доўгатэрміновай пэрспэктыве нельга выключаць таго, што ў канчатковым выніку сумарны выпуск боепрыпасаў дасягне 4 млн у год — калі лічыць 152- і 122-мілімэтровы калібры.
Пры гэтым лічбы 6 800 000, а пагатоў 12 або 20 млн недасяжныя бяз поўнага пераводу расейскай эканомікі на ваенныя рэйкі, чаго пакуль не адбылося. Сумнеўная і сама неабходнасьць такіх абʼёмаў вытворчасьці пры наяўнасьці іншых сродкаў паражэньня, тлумачаць экспэрты. Таксама такі абʼём выпуску боепрыпасаў запатрабуе значнага росту вытворчасьці артылерыйскіх руляў. Для гэтага спатрэбяцца дадатковыя станочныя лініі і абсталяваньне, якога не вырабляюць у Расеі.
Чым страляць? Гарматы
Дасьледнікі паспрабавалі ацаніць вытворчасьць гаўбіц асноўнага калібру: 152 мм для ВС РФ і 155 мм для краін NATO.
Зьвесткі пра вытворчасьць гаўбіц у Расеі цяпер засакрэчаныя. У сэрыйнай вытворчасьці знаходзяцца тры віды артылерыйскіх гармат 152-мілімэтровага калібру: самаходная ўстаноўка «Мста-С», а таксама колавыя «Гіяцынт-К» і «Мальва».
«Мальва» — гэта аналяг «Мсты» на колавым шасі, а «Гіяцынт» — тое ж самае, але з гарматай «Гіяцынт-Б», якую ўжо не вырабляюць у Расеі («Мста» і «Гіяцынт» маюць падобныя характарыстыкі, але страляюць несумяшчальнымі снарадамі).
У 2020 годзе Расея плянавала паставіць на ўзбраеньне больш за 35 адзінак «Мста-С». Экспэрты CIT сумняваюцца, што цяпер Расея здольная вырабляць значна больш за 50 адзінак гэтай САУ ў год. Машыны новай пабудовы сапраўды заўважаныя на фронце, але іх колькасьць не дазваляе меркаваць, што ўзровень вытворчасьці істотна перавышае страты.
Каманда аналітыкаў таксама мяркуе, што машын «Гіяцынт-К» і «Мальва», якія штогод пастаўляюць у расейскую армію, ня больш за некалькі дзясяткаў. Іх сэрыйная вытворчасьць на раньнім этапе, іх таксама рэдка фіксуюць у войсках, акрамя таго, вядома ўсяго пра некалькі страчаных машын гэтых тыпаў. Тым ня менш, з улікам параўнальнай прастаты вытворчасьці, нельга выключаць істотнага росту іх выпуску найбліжэйшымі гадамі, гавораць у CIT.
Наша статыстыка не ўключае мадыфікаваных, адноўленых і «канібалізаваных» (сабраных з частак іншых, ўжо не прыдатных да ўжытку) расейскіх гарматаў, якія раней былі на складах ці ў вайсковых частках, хоць расейскае войска такім чынам актыўна папаўняе ўласныя запасы.
Так, колькасьць адзінак буксаванай артылерыі на расейскіх вайсковых складах з 2022 па сярэдзіну 2024 году скарацілася з 11 867 да 6134, прычым ідзецца ў першую чаргу менавіта пра буйнакалібэрную зброю. Год таму на складах заставалася прыкладна 50% малых і сярэдніх гарматаў і толькі траціна буйнакалібэрных: буксаваных «Гіяцынт-Б» і «Мста-Б».
Такім чынам, штогадовая вытворчасьць абсалютна новых адзінак артылерыйскай тэхнікі ў Расеі не перавышае 100 адзінак.
У гэтым аспэкце яўную перавагу мае NATO: толькі француска-нямецкі канцэрн KNDS плянуе да канца 2025 году вырабіць 144 самаходныя ўстаноўкі CAESAR. Кампанія таксама запускае вытворчасьць гэтых гаўбіц у Чэхіі.
Акрамя гэтага, Нямеччына плянуе да канца году паставіць шэсьць САУ PzH 2000, якія зноў пачалі вырабляць у 2024 годзе. Яшчэ Нямеччына вырабляе і новыя гаўбіцы RCH-155, хоць і мае праблемы з паўнавартасным сэрыйным запускам іх вытворчасьці: пастаўкі гэтых гаўбіц Украіне ня раз затрымлівалі.
Вытворчасьць гарматаў для гэтых самаходак таксама адкрыецца і ў Вялікай Брытаніі. Сама Брытанія пакуль не вырабляе ніякіх гаўбіц: выпуск САУ AS-90 даўно спынены, а асноўнай гарматай брытанскага войска маюць стаць акурат брытанска-нямецкія RCH-155. Цяпер Вялікая Брытанія закупляе галоўным чынам швэдзкія САУ Archer. Швэдзкі вытворца здольны выпускаць прыкладна 12 такіх машын у год.
Яшчэ прынамсі 100 САУ Krab вырабляе Польшча, а Славаччына да канца 2025 году плянуе зрабіць 40 САУ Zuzana.
ЗША, у сваю чаргу, павялічылі вытворчасьць руляў для гаўбіц М707 і М109. Так, колькасьць вырабленых руляў для гаўбіц М777 вырасла з 11 да 18 у месяц (216 у год). Гэта ня значыць, што ЗША будуць вырабляць столькі гаўбіц штогод, бо пэўная частка руляў пойдзе на рамонт і замену на ўжо існых узорах. Таксама пачалася вытворчасьць руляў для гаўбіц M777 на заводзе ў брытанскім Шэфілдзе.
Што да амэрыканскіх САУ М109, няма дакладных зьвестак пра колькасьць тэхнікі, якая вырабляецца цяпер, але ў 2017 годзе вытворца паведаміў, што здольны выпускаць 60 адзінак у год. У 2024 годзе BAE Systems заключылі новы пяцігадовы кантракт коштам $318 млн на вытворчасьць М109.
Такім чынам, сумарная штогадовая колькасьць артылерыі, вырабленай у краінах NATO, складае 362 адзінкі супраць менш чым 100 у Расеі (паводле прыкладных ацэнак).
Ня ўсё так адназначна. Танкі
Як і ў выпадку з артылерыяй, высьветліць дакладную лічбу танкаў, якія вырабляе Расея, даволі цяжка, бо значную частку тэхнікі, якую расейцы выкарыстоўваюць ва Ўкраіне, складаюць адноўленыя і мадэрнізаваныя ўзоры савецкіх танкаў, напрыклад, Т-72Б3 і Т-80БВМ. Адсюль, падобна, вынікаюць ацэнкі амэрыканскага генэрала Крыстафэра Каволі, які лічыць, што расейскае войска ў 2025 годзе плянуе атрымаць паўтары тысячы танкаў.
Пры гэтым варта ўлічваць, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня запасы больш-менш сучасных танкаў вельмі моцна апусьцелі: так, у Расеі на складах засталося толькі 20% ад даваеннай колькасці адносна сучасных танкаў Т-72Б, 10% ад Т-80Б/БВ і 27% ад Т-80У/УД.
Адзіны танк, які сэрыйна вырабляюць «з нуля» ў Расеі, — гэта Т-90М. Паводле ацэнак CIT, Расея з пачатку поўнамаштабнай вайны шматкроць нарасьціла яго вытворчасьць і зараз штогод вырабляе каля 280 адзінак Т-90М.
У той жа час эўрапейскія дзяржавы цяпер практычна не вырабляюць танкаў: Францыя больш за дзесяць гадоў не выпускае сваіх асноўных баявых танкаў Leclerc — падобна, празь іх дарагоўлю. Вялікая Брытанія плянуе паставіць свае першыя новыя асноўныя баявыя танкі Challenger 3 на ўзбраеньне ў 2027 годзе, а ўсе 148 танкаў брытанскае войска павінна атрымаць да канца 2030 году.
Адзінай эўрапейскай краінай, якая сэрыйна выпускае танкі, цяпер застаецца Нямеччына, якая вырабляе 50 танкаў Leopard 2A8 штогод. Нямеччына таксама разглядае закуп яшчэ тысячы танкаў Leopard цягам наступных 10 гадоў. У такім выпадку Нямеччыне давядзецца павялічыць выраб асноўных танкаў прынамсі ўдвая — і гэта без уліку ўжо заключаных і заплянаваных экспартных кантрактаў на некалькі сотняў машын (1, 2).
ЗША, паводле плянавых дакумэнтаў на 2024 год, штогод вырабляюць 109 танкаў M1A2 Abrams. У разе патрэбы, як зазначаецца ў дакладзе Міністэрства арміі ЗША для Кангрэсу, вытворчасьць можа быць пашырана да 420 танкаў у год, але гэтага не адбываецца праз брак такой вялікай колькасьці заказаў і праз тое, што ўжо існуюць істотныя запасы тэхнікі, лічаць у CIT. Апроч гэтага, ЗША мадэрнізуюць да 200 старых танкаў штогод з магчымасьцю росту гэтай лічбы да 350.
Такім чынам, сумарна танкаў, вырабленых у краінах NATO, як мінімум 159 адзінак штогод супраць 280 у Расеі, аднак у наступныя гады вытворчасьць гэтай тэхнікі ў Эўропе будзе пашырацца, а прадпрыемствы ЗША працуюць не на поўную сілу.
Перш за ўсё — самалёты. Авіяцыя
Паводле прыкладных ацэнак расейскага парталу «Техносфера», вайскова-прамысловы комплекс Расеі можа вырабляць у год прыкладна 50–60 баявых самалётаў, у тым ліку зьнішчальнікі і стратэгічныя бамбавікі, ня лічачы транспартных самалётаў: 10–12 зьнішчальнікаў Су-57, 15 зьнішчальнікаў Су-35С, 12–13 шматмэтавых зьнішчальнікаў Су-30СМ2 і 2–4 стратэгічныя бамбавікі Ту-160М2.
Для параўнаньня: у 2018 годзе расейскае войска атрымала 36 баявых самалётаў. Нягледзячы на заходнія санкцыі, колькасьць самалётаў апошнімі гадамі, пагатоў ва ўмовах ваеннай эканомікі, хутчэй за ўсё, мусіла вырасьці. Зьвесткі парталу «Техносфера» ня надта адрозьніваюцца ад ацэнак іншых крыніц, у прыватнасьці, блізкага да расейскага ВПК Цэнтру аналізу стратэгіяў і тэхналёгіяў.
Партал «Техносфера», імаверна, перабольшвае, заяўляючы пра вытворчасьць да чатырох стратэгічных бамбавікоў Ту-160М2 у год. Меркаваньне парталу грунтуецца на зробленай у канцы 2024 году заяве міністра абароны РФ Андрэя Белавусава аб плянах паставіць на ўзбраеньне чатыры Ту-160М2. Аналягічную заяву — аб плянах яшчэ на 2023 год — рабіў і яго папярэднік Сяргей Шайгу.
Расея сапраўды мадэрнізуе савецкія Ту-160 (на адным з такіх нават палятаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін), роўна як і вядзе будаўніцтва абсалютна новых бартоў. Да канца 2027 году Казанскі авіязавод мае вырабіць 10 Ту-160М2, але пра пастаноўку на ўзбраеньне хаця б аднаго такога самалёта не паведамлялі.
Падчас візыту Пуціна на Казанскі авіяцыйны завод імя Гарбунова ў лютым 2024 году ў цэхах па-ранейшаму можна было ўбачыць другі і трэці самалёты новай сэрыі (бартавыя нумары «22» і «23»), хоць паводле плянаў як мінімум другі самалёт сэрыйнай пабудовы мусілі перадаць вайскова-касьмічным сілам Расеі да канца 2023 году. У чарговым выпуску праграмы «Военная приемка», які выйшаў у этэр у сьнежні 2024 году, паказалі ўсё той жа другі самалёт сэрыйнай пабудовы ўсё ў тым жа цэху Казанскага авіязаводу.
Пра паступленьне на ўзбраеньне нейкага з чатырох заплянаваных на 2025 год Белавусавым бамбавікоў пакуль таксама не паведамляліхоць, хаця варта адзначыць, што такую інфармацыю маглі папросту не агучваць. Напрыклад, у пачатку красавіка 2025 году ў інтэрнэце зьявіліся фатаграфіі двух новых зьнішчальнікаў Су-57 у новасібірскім аэрапорце Талмачова, хоць афіцыйна пра іх пастаўкі ў ВКС РФ не паведамлялі.
У сэрыйнай вытворчасьці ў Эўропе цяпер знаходзяцца тры розныя зьнішчальнікі: сумесны праект некалькіх краін Eurofighter Typhoon, францускі Rafale і швэдзкі Gripen.
Вытворца самалётаў Eurofighter, паводле прадстаўніка кампаніі, цяпер штогод выпускае 14 зьнішчальнікаў і плянуе нарасьціць вытворчасьць да 20 адзінак у год. Але ў 2024 годзе завод выпусьціў толькі шэсьцьзьнішчальнікаў.
Дырэктар Dassault Aviation, якая выпускае Rafale, заявіў, што кампанія цяпер вырабляе 36 самалётаў штогод (іншая крыніца кажа пра 21 самалёт у 2024 годзе).
Прадстаўнік кампаніі SAAB, якая займаецца вытворчасьцю швэдзкіх Gripen, казаў аб магчымасьці выпускаць да 24 самалётаў. У рэальнасьці іх, імаверна, апошнімі гадамі практычна не вырабляюць: паводле дасьледаваньня Кільскага інстытуту ўсясьветнай эканомікі, за 2024 год кампанія не стварыла ніводнага самалёта, а за 2023 год — 1.
Паводле амэрыканскага вытворцы Lockheed Martin, сёлета кампанія плянуе пабіць уласны рэкорд выпуску найноўшых зьнішчальнікаў F-35 і за год пабудаваць 170–190 адзінак пры пляне ў 156 адзінак штогод. Паводле Кільскага інстытуту, у 2024 годзе кампанія зрабіла 110 штук F-35.
Акрамя таго, ЗША штогод вырабляюць па 36 зьнішчальнікаў F-16 (толькі на экспарт) і F-15EX, а таксама 18 адзінак F/A-18 (вытворчая лінія закрыецца ў 2027 годзе).
Такім чынам, ніжняя мяжа колькасьці зьнішчальнікаў, якія вырабляюцца штогод у краінах NATO, складае 227 адзінак, а верхняя — 320. У кожным разе NATO ўпэўнена апярэджвае Расею ў вытворчасьці зьнішчальнікаў (47–55 адзінак без уліку Ту-160).
NATO мае вялікую перавагу перад Расеяй і ў колькасьці зьнішчальнікаў. Паводле зьвестак Military Balance за 2025 год, у Расеі на ўзбраеньні стаіць 931 зьнішчальнік, у тым ліку 19 самалётаў пятага пакаленьня Су-57. Пры гэтым на ўзбраеньні адных толькі ЗША стаіць 2338 зьнішчальнікаў, з іх 787 пятага пакаленьня (F-22 і F-35). Акрамя гэтага, у актыўным рэзэрве амэрыканскай арміі знаходзіцца яшчэ 727 зьнішчальнікаў, зь якіх 61 — пятага пакаленьня.
На ўзбраеньні эўрапейскіх краін NATO (ня лічачы Турэччыны) стаіць 1814 зьнішчальнікаў. Лідэрамі ў колькасьці баявых самалётаў на ўзбраеньні ёсьць Францыя (275), Грэцыя (230), Нямеччына (226), Італія (183) і Гішпанія (169). Некаторыя эўрапейскія краіны ўжо паставілі на ўзбраеньне амэрыканскія зьнішчальнікі пятага пакаленьня F-35: 10 на ўзбраеньні Даніі, па 32 у Італіі і Вялікай Брытаніі, а Нідэрлянды (40) і Нарвэгія (44) цалкам перайшлі на іх. Такім чынам, сумарная колькасьць зьнішчальнікаў пятага пакаленьня ў эўрапейскіх краінах дасягнула 158.
Сумарна NATO пераўзыходзіць Расею ў катэгорыі зьнішчальнікаў (ня лічачы стратэгічнай авіяцыі) у чатыры разы: 4152 супраць 931. Перавага зьнішчальнікаў пятага пакаленьня яшчэ больш істотная: 885 супраць 19 (амаль у 50 разоў).
«Шахеды» па-за канкурэнцыяй. Дальнабойная зброя
Паводле зьвестак украінскай выведкі, Расея вырабляе пяць тысяч дальнабойных дронаў рознага тыпу, зь іх палова — ударныя дроны «Герань-2» (лякалізаваныя «Шахеды»), а другая палова — «Гербера» (спрошчаныя аналягі «Шахедаў», звычайна без баявой часткі або зь мінімальнаю баявою часткаю, выкарыстоўваюцца для выведкі і перагрузкі СПА праціўніка). Гадавая вытворчасьць ударных дронаў у Расеі можа дасягаць 60 тысяч адзінак.
Пры гэтым у краінах NATO не вырабляюць такіх жа бюджэтных аналягаў «Шахедаў». ЗША, напрыклад, выпускаюць вышынныя бесьпілётнікі Reaper і Global Hawk, але яны выконваюць іншыя функцыі, ня дронаў-камікадзэ. Да таго ж каштуюць у сотні і тысячы разоў даражэй, чым адзін бесьпілётнік «Шахед».
Амэрыканскія дроны-камікадзэ Switchblade 300 і 600 шматкроць саступаюць «Шахедам» масавасьцю і далёкасьцю, а таксама памерамі баявой часткі. Значыць, фактычна краіны NATO пакуль ня маюць аналягу «Шахедаў».
Расея таксама вырабляе, паводле ацэнкі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, да 200–250 крылатых і балістычных ракет штомесяц, або 2400–3000 у год. У прыватнасьці, паводле ўкраінскай вайсковай выведкі, расейскі ВПК здольны штомесяц вырабляць:
60–70 ракет «Іскандэр-М»;
20–30 ракет «Іскандэр-К»;
10–15 ракет «Кінжал»;
60–70 ракет «Х-101»;
да 10 ракет «Х-32»;
25–30 ракет «Калібр»;
сумарна 20–30 адзінак ракет «Онікс» і «Цыркон».
Адзначым, што паводле расьсьледаваньня журналістаў украінскага выданьня 24tv.ua, заснаванага на атрыманых ад крыніцы дакумэнтах, пляны вырабу ракет Х-101 на 2025 год складалі 633 штукі ці каля 53 ракет у месяц. Такім чынам, ацэнка ГУР можа быць трохі завышаная.
З эўрапейскіх краін NATO сэрыйнай вытворчасьцю дальнабойных ракет цяпер займаецца толькі Нямеччына: паводле чэрвеньскага дасьледаваньня Кільскага інстытуту ўсясьветнай эканомікі, яна вырабляе 60 ракет Taurus у месяц. Францыя і Вялікая Брытанія дамовіліся аднавіць выпуск ракет Storm Shadow / Scalp-EG, але пра маштабы вытворчасьці пакуль не паведамляецца. Экспэрт у ракетных тэхналёгіях Фабіян Гофман ацэньваў вытворчыя магчымасьці ў 50–100 ракет штогод, але, хутчэй за ўсё, ішлося аб мадэрнізацыі і падтрыманьні стану ўжо існых ракет, бо на момант публікацыі калёнкі Гофмана аб аднаўленьні вытворчасьці гэтых ракет не паведамлялі.
ЗША, у сваю чаргу, вырабляюць700 крылатых ракет JASSM штогод і плянуюць павялічыць выпуск да 1100 адзінак у 2026 годзе. Акрамя гэтага, ЗША вырабляюць 500 балістычных ракет ATACMS (Нямеччына, паводле дамоўленасьці з ЗША, у 2026 годзе можатаксама пачаць вытворчасьць амэрыканскага ўзбраеньня і вырабляць да 800 ракет ATACMS у год) і каля 60 крылатых ракет Tomahawk. Акрамя гэтага, ЗША плянуюць зрабіць з 2025 па 2029 гады 1296 ракет PrSM (260 штогод).
Такім чынам, Расея безумоўна дамінуе ў вытворчасьці дронаў-камікадзэ, а таксама вырабляе больш ракет, чым краіны NATO (2400–3000 супраць 1580).
Пераможцаў няма. Сыстэмы СПА
Надзейных лічбаў што да вытворчасьці сыстэмаў супрацьпаветранай абароны ў Расеі з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня няма, таму тут празь недахоп інфармацыі аўтары артыкулу вырашылі не параўноўваць магчымасьці Расеі і NATO, а толькі паказаць магчымыя трэнды.
Цяпер Расея сэрыйна выпускае некалькі сыстэмаў СПА: ЗРС С-300В4, С-400, ЗРК «Тор» і «Бук» і ЗРПК «Панцыр». Сыстэмы С-350 і С-500 сустракаюцца рэдка, таму аўтары не адносяць іх да катэгорыі «сэрыйныя».
Пра маштабы вытворчасьці ўсіх сыстэмаў, акрамя С-400, меркаваць праблематычна: нават да пачатку вайны ва Ўкраіне зьяўляліся толькі ўрыўкавыя зьвесткі пра паступленьні тых ці іншых сыстэмаў СПА на ўзбраеньне.
Вядома, што з 2007 па 2018 гады на ўзбраеньне расейскай арміі паступілі 57 дывізіёнаў (у кожным па дзьве батарэі) сыстэмаў С-400, 10 зь іх — у 2018 годзе. З 2019 па 2021 год на службу паступілі яшчэ 16 дывізіёнаў, а ў 2022 плянаваласяпаставіць арміі яшчэ 10 дывізіённых камплектаў (не пацьверджана), гэта значыць сумарна 83 дывізіёны або 166 батарэяў.
Паводле зьвестак Military Balance, у 2024 годзе расейскае войска мела ўжо 124 дывізіёны або 248 батарэі. Такім чынам, з 2022 па 2024 год Расея мела вырабляць па 17 дывізіёнаў штогод (да гэтага ў рэкордны 2018 год вырабілі толькі 10 дывізіёнаў). Паводле справаздачы за 2025 год, дывізіёнаў С-400 у расейскім войску пабольшала на 18. Калі ацэнка С-400 дакладная, то Расея нарасьціла вытворчасьць гэтых сыстэмаў ад пачатку поўнамаштабнай вайны амаль удвая.
У часопісе прыводзяцца зьвесткі і аб іншых сыстэмах, у прыватнасьці, аб зэнітных ракетных сыстэмах С-300В, С-300П і С-350. Колькасьць батарэяў С-350 у параўнаньні з папярэднім годам засталася ранейшай, роўна як і С-300В. Пры гэтым, паводле даведніка, вырасла колькасьць С-300ПС, якія не вырабляюць з 2011 году, і С-300ПМ1/2, якія мадэрнізавалі з С-300ПМ да 2014 году. Частку сыстэмаў маглі ўзяць з складоў і з рэзэрваў, а таксама перакінуць з адной мяжы на іншую, што, відавочна, ускладняе падлікі, таму аўтары дасьледаваньня лічаць ацэнку што да С-300П нерэпрэзэнтацыйнай.
Асноўнаю сыстэмаю СПА ЗША ёсьць комплекс Patriot. Паводле прадстаўніка кампаніі Raytheon, якая вырабляе радары і наземныя сыстэмы для Patriot, у 2023 годзе Raytheon быў здольны вырабляць12 батарэяў штогод. Цяпер ЗША штогод вырабляюць 500 ракет PAC-3 да гэтых сыстэмаў (плянуюць павялічыць да 750 да 2027 году) і 240 ракет PAC-2 (рост колькасьці да 420 да 2027 году). У 2026 годзе нямецкі Rheinmetall таксама пачне вытворчасьць ракет-перахопнікаў PAC-3 і плянуе вырабляць да 300 адзінак за год.
У Нямеччыне вырабляюць сыстэмы IRIS-T і ракеты да іх. Кампанія Diehl плянуе павялічыць колькасьць вырабленых за год сыстэмаў да 8 у 2025 годзе і да 10 у 2026-м. Нямецкая кампанія таксама плянавала павялічыць выраб ракет-перахопнікаў да 800–1000 штогод.
Француска-італьянская сыстэма СПА SAMP/T, хутчэй за ўсё, вырабляцца даволі павольна: прыкладна адна батарэя ў год. Вытворца плянуе сёлета вырабіць 134 ракеты Aster да комплексу. Раней прадстаўнікі кампаніі заяўлялі намер нарасьціць прадукцыю.
У Эўропе таксама вырабляецца нарвэска-амэрыканская сыстэма NASAMS. У год можа выпускацца прыкладна 7–8 батарэяў. Яна можа выкарыстоўваць два тыпы ракет, якія вырабляюць ЗША: AIM-120 AMRAAM (1200 у год) і AIM-9X (2500 у год).
Празь недахоп інфармацыі немагчыма вызначыць, хто штогод вырабляе больш сыстэмаў СПА. Аднак выглядае, што вытворчасьць сродкаў СПА і боепрыпасаў да іх — галіна, дзе ніводны з бакоў не пачуваецца дастаткова абароненым.
Расея практычна штодня атрымлівае ўдары даволі простымі ўкраінскімі БПЛА і, мабыць, ня здольная цалкам засьцерагчы сваё неба ў вайне з ненайдужэйшым у паветры праціўнікам, нават сьцягнуўшы СПА практычна з усёй краіны на захад, лічаць у CIT.
«Краіны NATO, гледзячы на ўкраінскія гарады, якія штодня цярпяць ад удараў ракет і дронаў-камікадзэ, шукаюць варыянты, як абараніцца ад такой колькасьці паветраных сродкаў паражэньня і не збанкрутаваць пры гэтым на шматмільярдных закупах сыстэмаў СПА і ракет да іх, якія, акрамя іншага, вырабляюцца ў малых маштабах, ня здольных задаволіць усё большыя запыты краін альянсу», — адзначаюць аналітыкі.
Баявая нічыя. Выснова
Як відаць з сабраных зьвестак, сытуацыя далёкая ад змрочнай карціны, намаляванай Рутэ. Калі казаць пра выраб артылерыйскіх боепрыпасаў, лічбы патэнцыйных праціўнікаў блізкія да парытэтных значэньняў, таму казаць аб кратнай перавазе Расеі ў снарадаў і іншых відаў узбраеньняў нельга. Пры гэтым і ў Эўропе, і ў ЗША распачалі праграмы нарошчваньня вытворчых магчымасьцяў, і гэтыя праграмы ўжо пачынаюць даваць плён. Аналягічныя працы вядуць і ў Расеі, але іх маштаб не дазваляе казаць аб хуткім прарыве ў абʼёмах вытворчасьці.
Калі казаць пра вытворчасьць артылерыйскіх сыстэмаў, то тут краіны NATO нават маюць трохразовую перавагу. Але пры гэтым ня варта забываць, што ў цэлым у гэтым складніку Расея мае перавагу: там на складах яшчэ з савецкіх часоў застаецца шмат гармат і САУ, хоць значная іх частка або маральна састарэла, або ўжо залучана ў цяперашнюю вайну супраць Украіны.
Вытворчасьць танкаў застаецца слабым месцам заходніх краін, асабліва Эўропы. Усяго адзін тып, які выпускаюць сэрыйна па 50 машын у год, ня толькі ў разы саступае расейскім тэмпам, але і відавочна недастатковы для маштабнай праграмы пераўзбраеньня. Гэтая сфэра, як мяркуюць у CIT, патрабуе ўзмоцненай увагі NATO, бо набраны Расеяй тэмп дазволіць папоўніць панесеныя ва Ўкраіне страты за наступныя 10 гадоў. Эўропа за гэты час пры захаваньні тэмпаў вырабіць толькі 500 танкаў. Вытворчасьць танкаў у ЗША крыху згладжвае карціну, але пакуль усяго некалькі эўрапейскіх краін паставілі на ўзбраеньне амэрыканскія «Абрамсы».
Авіяцыя цягам дзесяцігодзьдзяў застаецца галіной дамінаваньня NATO. Тут назіраецца бясспрэчная перавага альянсу як у абʼёмах выпуску, так і ў самалётах, якія стаяць на ўзбраеньні, асабліва калі разглядаць самалёты пятага пакаленьня. Нават пры тым, што перавага ў першую чаргу дасягаецца коштам амэрыканскага паветранага флёту, нават безь яго ўліку эўрапейскія саюзьнікі ўсё адно захоўваюць двухразовую перавагу ў агульнай колькасьці зьнішчальнікаў і дзесяціразовую — у самалётах пятага пакаленьня, якія, зрэшты, былі набытыя ў ЗША і цяпер вырабляюцца толькі там.
Ракеты і ўдарныя бесьпілётнікі — наадварот, сфэра расейскага дамінаваньня. Пры гэтым у галіне БПЛА краіны NATO папросту ня маюць на ўзбраеньні аналяга расейскай «Герані» — лякалізаванага іранскага «Шахеда». Тым часам РФ працягвае нарошчваць абʼёмы іх вытворчасьці, дасягнуўшы лічбы 5000 адзінак у месяц.
Вядома, з улікам магутнай зьнішчальнай авіяцыі краін NATO гэтыя БПЛА-камікадзэ ў выпадку гіпатэтычнай вайны даставяць ЭЗ і ЗША значна менш праблемаў, чым Украіне, але ў вайне на зьнясіленьне наяўнасьць такога таннага ўдарнага сродку — прыкметная перавага. У вырабе ракет двухразовая перавага таксама на баку Расеі. Гэты надзвычай важны кампанэнт сучаснай вайны патрабуе ўзмацненьня з боку саюзьнікаў у найкарацейшыя тэрміны, упэўненыя ў CIT. Як прадэманстравалі Ўзброеныя сілы Ўкраіны, ужываньне гэтых высокадакладных ударных сродкаў па ўразьлівых расейскіх абʼектах можа быць вельмі балесным, а пры масавым іх выкарыстаньні (што недасяжна для Ўкраіны) можа аказаць значны ўплыў на хаду магчымага канфлікту, кажуць аналітыкі.
СПА, зазначае каманда, — гэта сфэра, у якой абодва бакі пачуваюцца ўразьлівымі. Краіны NATO сутыкнуліся як з надзвычай высокімі цэнамі на сыстэмы СПА і ракеты да іх, так і з дэфіцытам вытворчых магутнасьцяў, ня здольных задаволіць усіх ахвочых нават у сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Рост інвэстыцыяў у гэтую сфэру выглядае непазьбежным, але невядома, як хутка гэтае ўліваньне дасьць патрэбны эфэкт, зазначаюць дасьледнікі.
Расея, якая перш рабіла стаўку менавіта на СПА, а не на магутную баявую авіяцыю, таксама аказалася не гатовай да новых рэаліяў вайны. Нават абмежаваная ў сродках Украіна рэгулярна знаходзіць дзіркі ў расейскай абароне, ня кажучы ўжо пра магчымасьці краін NATO, менш абмежаваных у сродках. Ва ўмовах усё большай канфрантацыі расейскім вайскоўцам, відаць, таксама давядзецца пераасэнсаваць пляны супрацьпаветранай абароны, рэзюмуюць у CIT.
Форум