Чаму гэта выйшла ў публічную сфэру толькі цяпер? Чаму мужчыны робяць такія рэчы і чаму гэтая гісторыя насамрэч пра гвалт? У жывым эфіры «ПіКа Свабоды» разам з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў гендэрных пытаньнях Юліяй Міцкевіч і псыхолягам Ганнай Матуляк абмяркоўваем прычыны і наступствы кейса Стрыжака.
Глядзець дыскусію на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Ганна Матуляк: Мы зноў вяртаемся да тэмы глыбокай глябальнай палярызацыі, бо гнеў жанчын абсалютна зразумелы, законны, і ён мусіць мець месца. Ён назапашваўся гадамі маўчаньня, страху, недаверу, і яму сапраўды ёсьць месца і павінна быць падтрымка. Але калі рэакцыяй на боль жанчын становіцца паляваньне і кастры інквізыцыі, калі мы выбіраем культуру адмены, у якой чалавек альбо сьвяты, альбо поўны нягоднік і яго трэба «адмяніць» разам з усёй яго асобай, тады мы не зьмяняем сыстэму. Мы проста пераносім агрэсію з адной фігуры на іншую. І гэтым перакладаньнем мы будзем займацца яшчэ доўгі час. А ў палярызаваным сьвеце заўсёды застаюцца толькі два сцэнары: стаць каральнай рукой, увасабленьнем справядлівага гневу, які карае, ці пайсьці ў абарону — «а што такога? Нічога страшнага, усе так робяць». І мы цяпер вельмі яскрава гэта назіраем.
У выніку мужчыны баяцца, салідарызуюцца з Андрэем і баяцца быць «адмененымі». Жанчыны баяцца зноў быць непачутымі, абвінавачанымі і абясцэненымі. Усе. І кожны сыходзіць у свой «лягер», умоўна кажучы, і з гэтага лягера пачынаюць адзін аднаго «бомбіць», вы ж бачыце, што адбываецца ў камэнтарыях. Абразы, прыніжэньні — ідуць з абодвух бакоў. І гэта жахліва, гэта не спрыяе таму, каб мы ўвогуле ўбачылі сутнасьць праблемы і неяк на яе адрэагавалі. Калі столькі эмоцый, мы падключаем уласныя гісторыі, унутраныя канфлікты — і ўсё. Мы ўжо ў эмацыйнай варонцы, з якой вельмі цяжка прымаць узважаныя рашэньні.
Вось чаму гэта вельмі складаная праблема, і калі не паспрабаваць яе спыніць, яна будзе разьвівацца ў нэгатыўным кірунку. Я не бачу пэрспэктываў, калі ўсё пойдзе так, бо цкаваньне, назавем гэта так, якое зараз адбываецца, гэта —
проста агрэсія, скіраваная ў іншы бок. І я яшчэ раз падкрэсьлю, што я не абясцэньваю пакут жанчын і не апраўдваю ўчынкаў, але кажу пра тое, што любое дзеяньне мае наступствы. Чалавек павінен зь імі сутыкнуцца, і мы, як грамадзтва, павінны стварыць прастору, дзе праблему можна вырашыць. Не наадварот — не «адмяніць» кагосьці, а даць прастору для вырашэньня, для прызнаньня шкоды, кампэнсацыі, для, скажам, заяваў...
Мы ўсе паходзім з культуры дыктатуры, якая застанецца ў нас яшчэ на некалькі пакаленьняў. Ёсьць дасьледаваньне, якое выйшла ў 2023 годзе, пра наступствы дыктатуры і пра тое, як траўма перадаецца наступным пакаленьням. То бок у нас у ўсіх ёсьць пэўная ўнутраная нячуласьць да пэўных сытуацый і паводзін. Таму нам усім трэба трымаць гэта як базу і усё час калібравацца па ёй. Не шукаць, хто правы, хто вінаваты, не прызначаць ворагаў, а ўсім разам думаць, як гэтую сыстэму пабудаваць так, каб людзі сапраўды маглі абараняць свае правы.
Юлія Міцкевіч: Я згодная з многім, што кажа Ганна, асабліва пра палярызацыю, асабліва пра тое, што гэта выклікае хвалю хэйту ня толькі ў бок мужчын, але і ў бок іншых жанчын. Але пры ўсёй гэтай сытуацыі, безумоўна, легальныя мэханізмы — гэта вельмі правільна і добра. Але ў пацярпелага боку заўсёды павінна быць права абараніць сябе. І я ведаю па сабе, што вельмі-вельмі складана прыйсьці да ўсьведамленьня, разуменьня і гэтага кроку — зрабіць нешта, напрыклад, агалосіць сваю гісторыю. Агалошваньне, з аднаго боку, вядома, прыносіць палярызацыю, эмоцыі. Але з іншага боку, гэта таксама дае іншым пацярпелым унутраную падтрымку, разуменьне, што «так, я таксама магу гэта зрабіць». І такім чынам ствараецца прэцэдэнт, калі грамадзкая думка пачынае зьмяняцца.
Калі, напрыклад, вярнуцца да сытуацыі з Сяргеем Сялецкім, якая адбылася два гады таму, з яго сэксуальнымі дамаганьнямі да студэнтак — і паглядзець на выпадак Стрыжака сёньня — то грамадзкая рэакцыя грамадзкая ўжо некалькі іншая. Мы бачым, што стал менш выказваньняў у духу «нічога страшнага не здарылася», «падумаеш, нейкія фатаграфіі».
Грамадзкая дыскусія, якая пачалася вакол справы Сялецкага, працягвалася ўсё гэтае час, нават калі не было канкрэтных выпадкаў. Ёсьць фэм-група, фэм-актывісткі, фэміністкі, якія гэтую дыскусію працягваюць і пастаянна падкрэсьліваюць, што нам патрэбны сыстэмна-структурны падыход. Я пастаянна кажу пра распрацоўку пэўных працэдур і мэханізмаў абароны пацярпелых — каб жанчыны, якія працуюць унутры фэм-структур, унутры Байсола ці іншых арганізацый, маглі дакладна ведаць: калі са мной гэта здарылася — які мой наступны крок? Да каго я магу зьвярнуцца? Ці ёсьць давераная асоба, якой я магу пра гэта расказаць? Ананімна ці не ананімна? Што будзе далей? Ці будзе размова з тым, хто гэта зрабіў? Якія магчымыя наступствы, санкцыі? Не абавязкова, што чалавека адразу звольняць, але я павінна ведаць, што ўсе гэтыя рэчы прапісаныя, зафіксаваныя ў нормах і стандартах арганізацыі, дзе я працую.
У гэтай сытуацыі ёсьць нэгатыўны эфэкт для Андрэя Стрыжака, магчыма, для BYSOL, хоць я спадзяюся, што будуць разьдзяляць адно ад другога. Але ёсьць і пазытыўны эфэкт. І менавіта ён заключаецца ў тым, што гэта прымусіць нас усіх хутчэй прыняць гэтыя мэханізмы і антыдыскрымінацыйныя стандарты ў тых структурах і арганізацыях, дзе мы працуем. І гэта будзе станоўчым прыкладам для іншых. Гэта дасьць прыклад усяму грамадзтву і асабліва жанчынам, якія будуць разумець: так, у такой сытуацыі ў мяне ёсьць розныя мэханізмы абароны.
Што адбылося
- Кіраўніка фонду BySol Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў рассылцы беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікаў (паводле вікіпэдыі дыкпік — гэта разнавіднасьць так званага сэкстынгу, фатаграфія мужчынскага члена, якую адпраўляюць файлам на мабільны тэлефон ці асабістым паведамленьнем у сацсетках).
- Пра рассылку Стрыжаком няпрошаных фатаграфій сваіх геніталій дзьве жанчыны на ўмовах ананімнасьці расказалі «Эўрарадыё», адна з іх паказала журналістам здымак, які прыйшоў ад Стрыжака. Як сьцьвярджаюць журналісты «Эўрарадыё», некалькі актывістак распавялі, што ведаюць як мінімум пра сем выпадкаў, калі Стрыжак дасылаў жанчынам фатаграфіі сваіх геніталій, хаця тыя яго пра гэта не прасілі.
- Свабода атрымала пацьверджаньні ад дзьвюх жанчынаў, што яны таксама атрымлівалі дыкпікі ад кіраўніка фонду BySol. Стрыжак прызнаў, што інцыдэнты мелі месца ў сваім допісе ў Фэйсбуку.
- 23 ліпеня Андрэя Стрыжака часова адхілілі ад пасады кіраўніка фонду BySol. Фонд выступіў з заявай, у якой адзначыў, што 22 ліпеня пачаў унутранае расьсьледаваньне. Па выніках разьбіральніцтва ў фондзе вырашаць, ці мэтазгодна працягваць супрацу з Андрэем Стрыжаком.
Дзеля гэтага зьбяруць «асобную групу фонду», а прамежкавыя вынікі апублікуюць 1 верасьня, адзначаецца ў заяве. На гэты час кіраваць фондам будзе дырэктарат, і BySol працягне займацца сваёй дзейнасьцю ў штатным рэжыме. Гэта значыць, працягнуцца эвакуацыі людзей зь небясьпекі ў Беларусі і падтрымка пацярпелых ад рэпрэсій і іхных сем’яў.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум