У адказ на пытаньне выданьня «Люстэрка» прадстаўніца дырэктарату фонду BySol адзначыла, што пасьля ўнутранага разьбіральніцтва стане зразумелым, ці працягнецца супраца з Андрэем Стрыжаком, ці яна будзе спыненая цалкам. На гэты момант у часова адхіленага ад пасады кіраўніка няма адкрытых працоўных задач.
Таксама прадстаўніца дырэктарату расказала, як працуе фонд цяпер:
«Структура фонду такая, што ў працэсе прыняцьця рашэньняў не заняты адзін чалавек. У нас ёсьць дырэктарат, які ажыцьцяўляе агульную каардынацыю дзейнасьці. Гэта датычыць стратэгічнай і апэрацыйнай працы, фінансавага плянаваньня, агульных рэчаў, ад якіх залежыць існаваньне ўсяго фонду. І далей у нас ёсьць напрамкі працы. Напрыклад, аказаньне непасэрднай падтрымкі палітычным зьняволеным, арганізацыя пэрсанальных збораў, узаемадзея з грамадзкімі ініцыятывамі, праца зь беларускімі добраахвотнікамі ва Ўкраіне, гарачая лінія. Гэта ўсё асобныя вэктары, у якіх ёсьць свае каардынатары».
Таксама яна падкрэсьліла, што вызначальныя для ўсяго фонду рашэньні прымаюцца разам. Іх прымаюць дырэктар, каардынатары напрамкаў і іншыя супрацоўнікі. Агульная колькасьць супрацоўнікаў фонду — двузначная лічба, пры гэтым публічных супрацоўнікаў толькі пара чалавек. У выпадку сыходу Андрэя Стрыжака, фонд працягне сваю працу, дадала яна.
«Гэта ўсё вельмі моцна б’е па нашай рэпутацыі, вядома. Першыя рызыкі і выдаткі, якія мы нясём, — рэпутацыйныя. У нас цяпер статыстыка ўсёй нашай працы мае вельмі дзіўны выгляд, назавём гэта так.
Я б сказала, што пакуль рана рабіць высновы пра тое, як менавіта на нас паўплывае гэта ўсё з пункту гледжання аказання падтрымкі нашай аўдыторыі і з пункту гледжання збораў. Відаць, праз месяц плюс-мінус можна будзе адсачыць нейкую дынаміку і зрабіць высновы. Зразумела, што цяпер у нас татальнае падзенне. Тут няма чаго хаваць».
Што адбылося
- Кіраўніка фонду BySol Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў рассылцы беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікаў (паводле вікіпэдыі дыкпік — гэта разнавіднасьць так званага сэкстынгу, фатаграфія мужчынскага члена, якую адпраўляюць файлам на мабільны тэлефон ці асабістым паведамленьнем у сацсетках).
- Пра рассылку Стрыжаком няпрошаных фатаграфій сваіх геніталій дзьве жанчыны на ўмовах ананімнасьці расказалі «Эўрарадыё», адна з іх паказала журналістам здымак, які прыйшоў ад Стрыжака. Як сьцьвярджаюць журналісты «Эўрарадыё», некалькі актывістак распавялі, што ведаюць як мінімум пра сем выпадкаў, калі Стрыжак дасылаў жанчынам фатаграфіі сваіх геніталій, хаця тыя яго пра гэта не прасілі.
- Свабода атрымала пацьверджаньні ад дзьвюх жанчынаў, што яны таксама атрымлівалі дыкпікі ад кіраўніка фонду BySol. Стрыжак прызнаў, што інцыдэнты мелі месца ў сваім допісе ў Фэйсбуку.
Форум