Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус: ён працаваў у Растове, «напіўся і пайшоў у ваенкамат»


Расейскія прызыўнікі перад адпраўленьнем у гарнізоны ў горадзе Батайску Растоўскай вобласьці. 16 лістапада 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія прызыўнікі перад адпраўленьнем у гарнізоны ў горадзе Батайску Растоўскай вобласьці. 16 лістапада 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі — 58-гадовы Вадзім Зайкоўскі з Гомля, які падпісаў кантракт з расейскай арміяй і ваяваў у 245 гвардзейскім мотастралковым палку.

«Я прыехаў у Расейскую Фэдэрацыю, горад Растоў. Пачалі мы..., зрабілі работу, зьявіліся капейкі, я напіўся, карацей, пайшоў у ваенкамат. У гэты ж дзень мяне проста адправілі на вайну», — сказаў Вадзім Зайкоўскі.

Відэазапіс зь ім разьмясьцілі ў Telegram-канале «Не жди меня из Украины».

Паводле яго, яму ня выплацілі грашовага забесьпячэньня — ні заробку, ні іншых выплатаў. Зайкоўскі сьцьвярджае, што апынуўся на вайне таму, што ён «недалёкі», і калі б быў разумнейшы, то не пайшоў бы ваяваць.

«Я не хачу, каб мой сын ішоў на вайну за Расею. Я ўвогуле не хачу, каб ён ваяваў», — дадаў ён.

Вадзім Зайкоўскі дадаў, што яму паабяцалі абавязак вазіць ваду і прадукты салдатам у акопы. Па заключэньні кантракту ён не праходзіў падрыхтоўку, а калі апынуўся на фронце — сядзеў на пасту паветранага назіраньня, глядзеў за палётамі дронаў, каб «яны не перасеклі нашу мяжу».

Перад камэрай беларус сядзеў у майцы з надпісам «Беларусь» і выявай дзяржаўнага чырвона-зялёнага сьцяга.

«У нас тэлевізія ў Беларусі займаецца прапагандай. У нас кажуць, што вайна будзе ісьці да пераможнага завяршэньня. Гэта ў Беларусі», — сказаў Зайкоўскі.

У раней апублікаваных сьпісах грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны, ягонага прозьвішча няма. Ён нарадзіўся 5 лістапада 1966 году.

245 гвардзейскі мотастралковы полк падпарадкоўваецца Сухапутным войскам Расеі (вайсковая частка 60888). Полк удзельнічаў у штурме Грознага ў 1999 годзе, але ў 2008 быў расфармаваны. Яго аднавілі ў 2023 годзе.

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны.

Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне

Цяпер з улікам Вадзіма Зайкоўскага ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 10 грамадзян Беларусі:

  • Ігар Сакалоўскі, нарадзіўся 23 чэрвеня 1994 году, служыў у 82-м мотастралковым палку Ўзброеных сілаў Расеі. Сам здаўся ў палон.
  • Артур Аракелян, нарадзіўся 13 сьнежня 2004 году, паходзіць з Гомельскай вобласьці, Сьветлагорскага раёну, з аграгарадка Печышчы.
  • Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
  • Сяргей Шустаў, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
  • Андрэй Лапатнёўзь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
  • Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
  • Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
  • Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны.Згодна з інфармацыяй беларускай ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
  • Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 году. Да кантракту з расейскай арміяй ён жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі. Ваяваў стралком у другім батальёне 102 мотастралковага полку 150-й дывізіі. Хоць ён жыў у Расеі, меў беларускі пашпарт. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка. Дэталі падпісаньня ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя.

Колькі беларусаў у расейскім палоне

У расейскім палоне, імаверна, знаходзяцца двое грамадзян Беларусі:

  • Ян Дзюрбейка,
  • Сяргей Дзёгцеў.

Яны ваявалі ў складзе палку Кастуся Каліноўскага і трапілі ў палон пасьля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 году. Але з таго моманту так і не ўдалося знайсьці інфармацыі аб дакладным месцы іх знаходжаньня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG