Пра гэта паведамляе выданьне Reformnews з спасылкай на Бюро ў эміграцыі і замежнай занятасьці Пакістану. Дакумэнт апублікаваны на сайце бюро.
Як адзначае бюро, Беларусь адчувае «востры недахоп кваліфікаванай і паўкваліфікаванай працоўнай сілы» і прапанавала працаўладкаваць да 150 тысяч пакістанцаў. Стандартная апэрацыйная працэдура была распрацаваная для «бясьпечнай і празрыстай» міграцыі.
Згодна з дакумэнтам, дазвол на набор супрацоўнікаў будзе выдавацца ліцэнзаваным агенцтвам па працаўладкаваньні за мяжой пасьля праверкі з боку амбасады Пакістану ў Беларусі. Агенцтва павіннае прадставіць шэраг абавязковых дакумэнтаў, у тым ліку рэгістрацыйнае пасьведчаньне працадаўцы, пацьверджаньне вакансій, доказ фінансавай заможнасьці, праект працоўных дамоваў. Памер камісіі не павінен перавышаць двухмесячнага заробку работніка.
Распрацаваны адмысловыя меры для спыненьня нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз. Пакістанцы, якія адпраўляюцца ў Беларусь, павінны будуць падпісаць афідэвіт (пісьмовую заяву), у якой абавязваюцца выконваць працоўны кантракт і не ўдзельнічаць у нелегальнай міграцыі. Адзін з чальцоў іх сям’і павінен будзе падпісаць абавязацельства аб выкананьні гэтых умоваў. Парушальнікаў будуць уносіць у чорны сьпіс для замежнага працаўладкаваньня.
Амбасада Пакістану ў Беларусі будзе абавязаная падаваць штоквартальныя справаздачы аб статусе работнікаў і выпадках уцёкаў. Перад адпраўкай у Беларусь работнікаў праінфармуюць аб наступствах нелегальнай міграцыі.
Форум