Ксяндза Акалатовіча накіравалі ў Бабруйскую калёнію
Пасьля знаходжаньня ў Менскім СІЗА палітвязьня Генрыха Акалатовіча ў пачатку ліпеня зноў накіравалі ў калёнію № 2 у Бабруйску, дзе ён ужо адбываў пакараньне. Пра гэта паведаміла інтэрнэт-выданьне Katolik.life са спасылкай на свае крыніцы.
Паводле выданьня, вернікі парафіі, дзе служыў ксёндз Акалатовіч, спадзяваліся на яго датэрміновае вызваленьне з калёніі. Падставай для такога спадзеву яны лічылі прыезд у Беларусь новага дыпляматычнага прадстаўніка Ватыкану, а таксама зьвесткі пра перавод Акалатовіча з калёніі ў Менскае СІЗА № 1.
Аднак «прыезд новага апостальскага нунцыя пакуль ніяк не паўплываў на сытуацыю», — адзначаюць вернікі, якім стала вядома, што Генрыха Акалатовіча з Менскага СІЗА зноў вярнулі ў калёнію № 2 у Бабруйску.
Пробашча касьцёлу ў Валожыне Генрыха Акалатовіча затрымалі ў лістападзе 2023 году і некалькі месяцаў трымалі ў СІЗА КДБ, дзе нават не дазвалялі мець крыж для маленьня. Працэс над Акалатовічам адбыўся ў канцы 2024 года. Менскі абласны суд асудзіў сьвятара на 11 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за «здраду дзяржаве», Вярхоўны суд гэты вырак пацьвердзіў. Вядома, што Генрых Акалатовіч не прызнаў сябе вінаватым.
Беларускія праваабаронцы прызналі Акаталовіча палітвязьнем.
Генрыху Акалатовічу 65 гадоў, ён перанёс інфаркт, у яго выдалены страўнік у сувязі з анкалягічным захворваньнем, ён мае патрэбу ў мэдыцынскім назіраньні і пастаянным прыёме лекаў.
Форум