Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што справу перадалі ў Генэральную пракуратуру для накіраваньня ў суд.
Паводле сьледчых, сэктанты прапаведавалі стварэньне непрызнанай дзяржавы «Трыадзіная Русь». Агітацыю вялі ў напаўразбураных хатах закінутых вёсак Горадзенскай і Віцебскай вобласьцяў, куды заваблівалі пасьлядоўнікаў.
Як вынікае з матэрыялаў справы, пад кантролем арганізатараў сэкты людзі зракаліся дакумэнтаў, сацыяльных даброт і мэдычнай дапамогі, абрывалі сувязі з навакольным сьветам, перадавалі арганізатарам сэкты грошы, каштоўную маёмасьць і нерухомасьць.
Паводле сьледзтва, аналягічныя філіі сэкты функцыянуюць у Расеі, Украіне і Малдове. У Расеі найбольш актыўна адэпты «Трыадзінай Русі» дзейнічалі ў Валгаградзкай і Разанскай вобласьцях.
Для кіраўніцтва беларускай філіі гэтай структуры прызначылі «мітрапаліта», які даваў указаньні рыхтаваць агітацыйныя матэрыялы і пісаць «малітвы», рыхтаваць публікацыі для экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў, як паведаміў СК.
Паводле зьвестак сьледчых, у Беларусі сэкта «Руская праваслаўная царква — царская імпэрыя» дзейнічала з траўня 2024 году, у ёй налічвалася каля 50 прыхільнікаў. У жніўні 2024 году МУС Беларусі паведаміў пра затрыманьне 11 актыўных прыхільнікаў сэкты.
Падчас расьсьледаваньня справы з санкцыі пракурора былі «ўзятыя пад варту 5 кіраўнікоў экстрэмісцкага фармаваньня, ім былі прад’яўлены абвінавачаньні паводле ч.1 арт.361-1 (стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваньнем); ч.2 арт.193 (арганізацыя і кіраўніцтва рэлігійнай арганізацыяй, якая замахваецца на асобу, правы і абавязкі грамадзян); ч. 3 арт. 130 (распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці і звады)».
Між тым, як паведаміў СК, кіраўнік беларускай групоўкі міжнароднай сэкты хаваецца за межамі краіны, абʼяўлены яго вышук.
Форум