Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджанскі досьвед для Беларусі. Карбалевіч тлумачыць, чаго бракуе Лукашэнку


Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Ільхам Аліеў у Менску ў 2018 годзе
Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Ільхам Аліеў у Менску ў 2018 годзе

Канфлікт паміж Азэрбайджанам і Расеяй дае падставы для таго, каб вывесьці пэўныя ўрокі і для Беларусі.

Каб супрацьстаяць ціску імпэрыі, трэба мець трывалыя пазыцыі ўнутры краіны, моцных саюзьнікаў і цьвёрды ідэалягічны падмурак. Як раз гэтага бракуе рэжыму Лукашэнкі.

Сьцісла:

  • З пачаткам вайны Расеі супраць Украіны моцна скараціўся расейскі ўплыў на Блізкім Усходзе і Паўднёвым Каўказе.
  • Азэрбайджанскі досьвед паказвае, што пазбаўляцца ад кантролю з боку Расеі можна толькі праз канфлікт. Імпэрыя проста так нікога адпускаць з зоны свайго ўплыву не зьбіраецца.
  • За плячыма Ільхама Аліева — перамога ў вайне за Карабах, што стварае яму вобраз «Пераможцы». У Аляксандра Лукашэнкі няма такой гісторыі посьпеху.
  • Баку ў супрацьстаяньні Маскве змог знайсьці моцнага саюзьніка па-за межамі постсавецкай прасторы. Гэта Турэччына. Беларусь імкнецца атрымаць падтрымку Кітая. Аднак наўрад ці Пэкін гатовы псаваць адносіны з Масквой, каб падтрымаць Лукашэнку.
  • Аліеў мае магчымасьць абаперціся на азэрбайджанскі нацыяналізм. Лукашэнка, наадварот, вядзе барацьбу з беларускім нацыяналізмам і пазбаўляе сябе ідэалягічнага апірышча каб супрацьстаяць «рускаму сьвету».


Расея траціць міжнародны ўплыў

Кінуўшы ўсе сілы і рэсурсы на вайну супраць Украіны, Расея нечакана атрымала пабочны эфэкт у замежнай палітыцы. Моцна ўзрасла яе залежнасьць ад Кітая. І адначасова значна і вельмі заўважна зьменшыўся ўплыў Масквы ў іншых рэгіёнах сьвету.

У прыватнасьці моцна ўпала міжнародная вага РФ на Блізкім Усходзе. Мінулым годам абрынуўся рэжым Башара Асада ў Сірыі, які трымаўся на расейскай падтрымцы. Месяц таму другі саюзьнік Расеі — Іран — пацярпеў паразу ў вайне з Ізраілем і ЗША. Цяпер пляны аднаўленьня ваеннага патэнцыялу іранцы зьвязваюць не з Расеяй, а з Кітаем.

На вачах адбываецца страта расейскага ўплыву на Паўднёвым Каўказе. Спачатку Армэнія прыйшла да высновы, што Расея як галоўны саюзьнік здрадзіла ёй, і пачала дыстанцыявацца ад Масквы. Яна замарозіла сваё сяброўства ў АДКБ і шукае падтрымкі ў іншых месцах. Узмацняюцца сувязі Ерэвана з Захадам. Армэнія спрабуе нармалізаваць адносіны з сваім адвечным ворагам Турэччынай.

І вось цяпер на адкрыты канфлікт з Расеяй пайшоў Азэрбайджан. З самага пачатку незалежнага існаваньня гэтая краіна імкнулася пазьбягаць шчыльных сувязяў з Масквой. Маючы свае запасы нафты, Баку пашыраў поле для манэўру. Азэрбайджан ухіліўся ад сяброўства ў АДКБ і ЭАЭС. А цяпер робіць рашучыя крокі, каб аддаліцца ад Расеі.

Канфлікт Азэрбайджану з Расеяй і ўрокі для Беларусі

Досьвед Азэрбайджану дае пэўныя ўрокі і для Беларусі.

1. Азэрбайджан разбурае стэрэатыпы, якія ўкараніліся ў сьвядомасьць палітычнай эліты і экспэртнай супольнасьці. Яны палягаюць у тым, што дэмакратычныя ці паўдэмакратычныя рэжымы на постсавецкай прасторы арыентуюцца ў сваёй замежнай палітыцы на Захад, а дыктатуры шукаюць шчыльнага саюзу з Расеяй як гаранта захаваньня аўтакратый і супрацьядзьдзя ці антыдота супраць «каляровых рэвалюцый».

Азэрбайджан — клясычны аўтарытарны рэжым, да 2020 году больш жорсткі, чым беларускі. Тым ня менш, кляну Аліева не патрэбная падтрымка Расеі для ўтрыманьня ўлады.

2. Азэрбайджанскі досьвед пацьвярджае выснову, якая і дасюль была больш-менш зразумелая: пазбаўленьне ад кантролю з боку Расеі можа адбывацца толькі праз канфлікт. Імпэрыя проста так нікога адпускаць з зоны свайго ўплыву не зьбіраецца. Гэта пацьвярджае і досьвед Грузіі, і, асабліва, досьвед Украіны. Вось цяпер Баку давялося ісьці на жорсткае супрацьстаяньне з Масквой, каб пазбавіцца залежнасьці ад яе.

3. Кіраўніцтва Азэрбайджану пайшло на канфлікт з Масквой, маючы моцныя пазыцыі. За плячыма Ільхама Аліева — перамога ў вайне за Карабах, вяртаньне гэтай тэрыторыі пад кантроль Азэрбайджану. Гэты вобраз «Пераможцы», прызнаны грамадзтвам, надае яму рэальную папулярнасьць, дае свабоду рук у замежнай і ўнутранай палітыцы.

У Аляксандра Лукашэнкі няма такой гісторыі посьпеху. Перамога над народным пратэстам у 2020 годзе даволі сумнеўная. Яна атрымана не над вонкавым ворагам, а над уласным народам. Судзячы па тым, як ён увесь час згадвае тыя падзеі, зразумела, што яму даводзіцца даказваць слушнасьць той перамогі. Яна не прызнаецца за перамогу прынамсі паловай насельніцтва. Цяжка вызначыць рэальную папулярнасьць Лукашэнкі, але ў любым выпадку яна непараўнальная з той, што мае Аліеў. І гэта моцна абмяжоўвае свабоду рук, бо даводзіцца ўвесь час аглядвацца вакол, зважаць на тое, што скажуць унутраныя і вонкавыя палітычныя суб’екты.

Пра саюзьнікаў і чыньнік нацыяналізму

4. Нават тую ўмоўную перамогу ў 2020 годзе Лукашэнка атрымаў, у значнай ступені, дзякуючы падтрымцы Расеі. І гэта прывяло да моцнай залежнасьці лукашэнкаўскай Беларусі ад Масквы.

Азэрбайджан атрымаў сваю перамогу ў карабахскім канфлікце без удзелу Расеі. Таму мае магчымасьць ігнараваць пазыцыю Масквы.

5. Баку змог знайсьці моцнага саюзьніка па-за межамі постсавецкай прасторы. Гэта Турэччына. Абапіраючыся на гэтага хаўрусьніка Азэрбайджан можа супрацьстаяць ціску Расеі.

Беларусь таксама імкнецца знайсьці саюзьніка па-за межамі Саюзнай дзяржавы. Але атрымоўваецца не вельмі. Захад цяпер не можа быць нейкай кропкай апоры, наадварот, зьяўляецца пагрозай для рэжыму Лукашэнкі.

Менск імкнецца атрымаць падтрымку Кітая. Аднак у момант нейкага няхай сабе і малапрагназаванага канфлікту з Расеяй, наўрад ці Пэкін прыйдзе на дапамогу. І рэч тут нават не ў геаграфіі. Галоўнае пытаньне ў тым, навошта гэта Кітаю. Наўрад ці Пэкін гатовы псаваць адносіны з Масквой, каб падтрымаць Лукашэнку.

6. Аліеў мае магчымасьць абаперціся на азэрбайджанскі нацыяналізм — моцную палітычную зброю пры вонкавым супрацьстаяньні. Доўгі час ён падсілкоўваўся канфліктам з Армэніяй. Перамога ў вайне за Карабах узьняла гэта нацыяналізм на новую ступень. Цяпер Аліеў выкарыстоўвае яго супраць Расеі. Баку ідзе на абмежаваньне ўплыву на краіну ідэалёгіі «рускага сьвету». Зачынена прадстаўніцтва «Россотрудничества» ў азэрбайджанскай сталіцы.

Лукашэнка, наадварот, вядзе няспынную барацьбу з любымі праявамі беларускага этнакультурнага нацыяналізму, насьцеж адчыніў дзьверы для ідэалёгіі «рускага сьвету». Спроба рэжыму распаліць нацыяналістычныя жарсьці ў антыпольскім кірунку ня мелі асаблівага посьпеху. А вось у выпадку нейкага канфлікту з Расеяй улады ня маюць ідэалягічнага апірышча каб супрацьстаяць «рускаму сьвету».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG