Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, ніякіх іншых дэталяў затрыманьня ў паліцыі не назвалі. Адвакат Лучан Рогач, які прадстаўляе інтарэсы Плахатнюка ў малдоўскіх судах, адмовіўся камэнтаваць Свабодзе гэтую інфармацыю.
15 лютага Антыкарупцыйная пракуратура абвясьціла аб разблякаваньні «чырвонай карткі» Інтэрполу на вышук алігарха. Улады Малдовы спрабавалі абвясьціць яго міжнародны вышук яшчэ ў 2020 годзе, але Інтэрпол адхіліў іхны запыт.
У Рэспубліцы Малдове Плахатнюка судзяць завочна ў межах адной з справаў, зьвязаных з «крадзяжом мільярда» з трох малдоўскіх банкаў у 2014 годзе. Акрамя махлярства і адмываньня грошай, яго абвінавачваюць у стварэньні і кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй, празь якую ён нібыта атрымаў грошы, выкрадзеныя з Banca de Economii, Unibank і Banca Socială.
Колішні лідэр Дэмакратычнай партыі выехаў з Малдовы летам 2019 году, калі ў Кішынёве зьмяніўся ўрад. Пэўны час ён жыў у ЗША, потым у Турэччыне, а пасьля, паводле неафіцыйнай інфармацыі, на Паўночным Кіпры.
Уладзімір Плахатнюк быў дэпутатам парлямэнту Малдовы двух скліканьняў і першым віцэ-старшынём парлямэнту. Яго называюць найбагацейшым чалавекам у Малдове, а таксама самай уплывовай фігурай у краіне ў 2010-х гадах.
Палітычная кар’ера Плахатнюка завяршылася ў чэрвені 2019 году, калі ў выніку палітычнага крызісу ўрад Паўла Філіпа пайшоў у адстаўку. Паводле малдоўскіх СМІ, Плахатнюк і Філіп маглі мець дачыненьне да найбуйнейшага ў гісторыі Малдовы крадзяжу грошай — зьнікненьня зь некалькіх малдаўскіх банкаў грошай агульнай сумай прыкладна ў мільярд даляраў.
Форум