Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне абмежавалі паўнамоцтвы двух антыкарупцыйных органаў. Перад гэтым у адным зь іх знайшлі агентаў ФСБ


Вярхоўная Рада Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Вярхоўная Рада Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла праект закону, які абмяжоўвае незалежнасьць двух антыкарупцыйных структур — Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро (НАБУ) і Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры (САП).

Як паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, гэтую ініцыятыву падтрымалі 263 народныя дэпутаты.

Разгляд законапраекту суправаджаўся выгукамі «Ганьба!» ад часткі дэпутатаў.

Перад разглядам кіраўніца парлямэнцкага камітэту ў пытаньняў антыкарупцыйнай палітыкі Анастасія Радзіна (фракцыя «Слуга народу») заявіла, што зьмены зробяць Спэцыялізаваную антыкарупцыйную пракуратуру «дэкаратыўнай інстытуцыяй і прадугледжваюць поўную залежнасьць дзейнасьці гэтых структур ад волі генпракурора».

У Нацыянальным антыкарупцыйным бюро Ўкраіны заявілі, што ў выніку ўхваленьня гэтага законапраекту кіраўнік Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры становіцца намінальнай асобай, а бюро страчвае незалежнасьць і ператвараецца на падразьдзел Генэральнай пракуратуры.

СБУ знайшла «кратоў» ФСБ у НАБУ

21 ліпеня Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла аб затрыманьні супрацоўніка цэнтральнага апарату НАБУ, якія працаваў у элітным закрытым падразьдзеле «Д-2» і шпіёніў для расейскай спэцслужбы.

Паводле СБУ, «падрыўную дзейнасьць агента каардынаваў намесьнік кіраўніка аховы колішняга прэзыдэнта-уцекача Віктара Януковіча». Сьледзтва задакумэнтавала сама меней 60 эпізодаў перадачы інфармацыі з абмежаваным доступам колішняму ахоўніку Януковіча, які стаў працаваць у ФСБ.

Згодна з вэрсіяй сьледзтва, «крот» зьбіраў інфармацыю аб украінскіх сілавіках і іншых грамадзянах, супраць якіх расейцы плянавалі тэракты і спэцыяльныя інфармацыйныя апэрацыі. Для атрыманьня пэрсанальнай інфармацыі затрыманы карыстаўся закрытай базай праваахоўных органаў Украіны.

22 ліпеня, за некалькі гадзін да разгляду праекту закону ў парлямэнце, СБУ паведаміла аб «новых фактах выцеку» з НАБУ інфармацыі з абмежаваным доступам. У часе ператрусу па месцы пражываньня народнага дэпутата ад Фёдара Хрысьценкі (прадстаўляў партыю-наступніцу Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча, а пасьля расейскага ўварваньня ўцёк з Украіны. — РС) знайшлі матэрыялы негалосных сьледчых дзеяньняў і анкеты дэтэктываў НАБУ, якія нібыта супрацоўнічаюць з Расеяй, адзін зь іх таксама выехаў з краіны.

Фёдару Хрысьценку паведамілі аб падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе. Паводле сьледзтва, ФСБ завэрбавала яго яшчэ ў часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча. Сам Хрысьценка нібыта падтрымліваў дачыненьні з кіраўніком падразьдзелу дэтэктываў НАБУ Аляксандрам Скамаровым.

У Эўразьвязе выказалі заклапочанасьць

Сьпікер Эўрапейскай камісіі Гіём Мэрсье заявіў, што Эўразьвяз заклапочаны апошнімі дзеяньнямі Ўкраіны наконт антыкарупцыйных органаў — НАБУ і САП.

«Гэтыя органы маюць вырашальнае значэньне для праграмы рэформ Украіны і павінны дзейнічаць незалежна, каб змагацца з карупцыяй і падтрымліваць давер грамадзкасьці», — працытавала Гіёма Мэрсье выданьне «Українська правда».

Ён нагадаў, што ЭЗ надае Ўкраіне фінансавую дапамогу «пры ўмове прагрэсу ў галіне празрыстасьці, судовай рэформы і дэмакратычнага кіраваньня».

«Для ўступу Ўкраіны ў ЭЗ неабходна магутная здольнасьць змагацца з карупцыяй і забясьпечыць інстытуцыйную ўстойлівасьць. ЭЗ будзе сачыць за сытуацыяй і падтрымліваць Украіну ў выкананьні вяршэнства закону», — заявіў сьпікер Эўракамісіі.

Другая спроба палітызаваць антыкарупцыйныя органы

Пасьля Рэвалюцыі Годнасьці ў 2014 годзе Ўкраіна, каб пачаць эўраінтэграцыйны працэс, правяла антыкарупцыйную рэформу.

У прыватнасьці, у сыстэме праваахоўных органаў Украіны ў 2015 годзе стварылі Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро (НАБУ займаецца выяўленьнем і раскрыцьцём карупцыйных злачынстваў, учыненых высокімі службовымі асобамі), Спэцыялізаваную антыкарупцыйную пракуратуру (САП працуе ў сыстэме Генэральнай пракуратуры Ўкраіны, наглядае за выкананьнем законаў падчас расьсьледаваньняў НАБУ і падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачваньне ў судах) і Нацыянальнае агенцтва прадухіленьня карупцыі (НАПК выконвае папераджальную функцыю — правярае дэклярацыі дзяржаўных службоўцаў і правярае інфармацыю пра факты карупцыі або злоўжываньня пасадай).

Адсутнасьць спэцыялізаванага суда ў 2017 годзе справакавала першы антыкарупцыйны крызіс ва Ўкраіне.

Спачатку (у лістападзе 2017 году) Служба бясьпекі затрымала «тайнага» агента НАБУ, які правакаваў на хабар намесьніцу старшыні Дзяржаўнай міграцыйнай службы Дыяну Пімахаву (ва Ўкраіне правакацыя хабару зьяўляецца злачынствам). Тагачасны кіраўнік НАБУ Арцём Сытнік заявіў, што СБУ ды Генпракуратура, сьледчыя якой пасьля затрыманьня «агента» прыйшлі зь ператрусамі ў бюро, сарвалі «спэцапэрацыю» ў выкрыцьці хабарніцтва. А тагачасны генэральны пракурор Юры Луцэнка абвінаваціў НАБУ ў незаконным праслухоўваньні чыноўнікаў.

Тады ўпершыню праўладная кааліцыя — кіраўнікі фракцый «Народнага фронту» ды Блёку Пятра Парашэнкі — зарэгістравалі законапраект, які кардынальна мог зьмяніць уплыў парлямэнту на сыстэму антыкарупцыйных органаў, зрабіўшы іх «падначаленымі» праўладнай кааліцыі і, як вынік, ператварыўшы ў палітычны інструмэнт звальненьне кіраўнікоў антыкарупцыйных органаў. Найперш тады, калі не спадабаецца назьбіраны дэтэктывамі карупцыйны матэрыял на якога-небудзь прадстаўніка ўлады.

Канфлікт удалося вырашыць шляхам доўгіх дыпляматычных перамоў з удзелам прадстаўнікоў Эўразьвязу і ЗША, якія папярэдзілі, што ў выніку ўхваленьня гэтага законапраекту могуць спыніць фінансавыя праграмы падтрымкі Ўкраіны і бязьвізавы рэжым.

Урэшце, амаль што перад самымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў 2019 годзе, стварылі Вышэйшы антыкарупцыйны суд. У яго юрысдыкцыю ўключылі справы адносна злачынстваў, якія прывялі да шкоды ня меней за 31 тысячу даляраў у эквіваленце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG