Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Лідчыне абрынуўся чарговы занядбаны помнік архітэктуры. ФОТА


Фасад сядзібы Мінейкаў у 2021 і 2025 годзе. Каляж
Фасад сядзібы Мінейкаў у 2021 і 2025 годзе. Каляж

У вёсцы Дзікушкі Лідзкага раёну абрынуўся паркавы фасад сядзібы Мінейкаў — з франтонам і калённым порцікам.

Ён шмат гадоў стаяў на амаль страчаных апорах, піша тэлеграм-канал «Спадчына» з спасылкай на беларускага турыста.

У 2022 годзе людзі прасілі Лідзкі райвыканкам хаця б закласьці цэглай небясьпечныя праёмы і разбураны прасьценак. Але чыноўнікі адмовілі, сказаўшы, што такі варыянт «можа нанесьці яшчэ большую шкоду культурнай каштоўнасьці».

Маёнтак у Дзікушках вядомы з XVIII стагодзьдзя. Сядзіба Мінейкаў была пабудаваная пры канцы 1930-х.

Як разбураюцца занядбаныя беларускія камяніцы

Капліца сядзібы «Ганута» (в. Ручыца, Вялейскі раён). Увосень 2020 году абвалілася адна зь дзьвюх пахавальных капліц XVIII стагодзьдзя на тэрыторыі сядзібы Агінскіх. Гады занядбаньня, адсутнасьць рамонту і толькі саматужныя спробы мясцовых жыхароў спыніць разбурэньне не ўратавалі помнік, нягледзячы на ягоны ахоўны статус. Адну з капліц летась пачалі аднаўляць.

Руіны замку ў Смалянах (Аршанскі раён). За апошнія гады абвалілася адна зь дзьвюх арак брамнай вежы замка пачатку XVII стагодзьдзя. Без кансэрвацыі помнік паступова руйнуецца.

Руіны замку ў Смалянах, 2010 год
Руіны замку ў Смалянах, 2010 год

Касьцёл у Зэмбіне (Барысаўскі раён). У красавіку 2022 году часткова абвалілася сьцяна мураванага касьцёлу 1809 году, які доўгія гады стаяў занядбаны. У сьнежні з касьцёлу зьнялі франтон, скульптуру і з дапамогай экскаватара пабурылі аварыйны ўчастак сьцяны.

Касьцёл у Зембіне, 2010 год
Касьцёл у Зембіне, 2010 год

Бэрнардынскі кляштар у Селішчы (Ушацкі раён). У 2023 годзе абрынулася частка сьцяны кляштарнага корпусу XVIII стагодзьдзя, які стаяў без кансэрвацыі цягам дзесяцігодзьдзяў.

Кляштар бэрнардынцаў у Селішчы, 2016 год
Кляштар бэрнардынцаў у Селішчы, 2016 год

Таксама ўлады не спыняюцца перад зносам старых камяніц, якія ня могуць ці ня хочуць аднаўляць. Апошнім часам такія паведамленьні прыходзілі з Заслаўя, Воршы, Смалян, Горадні і іншых мясьцінаў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG