Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт Баку і Масквы выклікае ў Лукашэнкі цёплыя пачуцьці — меркаваньне палітычнага аналітыка Вадзіма Дубнова


Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў, 17 траўня 2024
Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў, 17 траўня 2024

Лукашэнка будзе дыстанцыявацца ад канфлікту паміж Азэрбайджанам і Расеяй, пры гэтым цешыцца ад таго, што Масква «атрымала па носе» — лічыць палітычны аналітык праграмы «Эхо Кавказа» Вадзім Дубноў.

Сьцісла:

  • Напружанасьць у адносінах Азэрбайджану і Расеі — пошук новай формы адносін, адыход Баку ад збліжэньня з Масквой, які быў зьвязаны з вайной у Карабаху.
  • Лукашэнка ў гэтым канфлікце будзе адмоўчвацца, не становячыся ні на чый бок. Зрабіць адназначны выбар яго ня будуць прымушаць ні Пуцін, ні Аліеў.
  • Наконт напружанасьці ў адносінах Азэрбайджану і Расеі Лукашэнка думае: «Аказваецца з Масквой так можна. Гэта ня значыць, што нам так можна. Нам вось якраз нельга. Але прыемна»


— Адносіны Азэрбайджану і Расеі абвастраюцца. Быў перасьлед азэрбайджанцаў у РФ, былі меры ў адказ Баку. У некаторым сэнсе кульмінацыяй канфрантацыі стаў выступ 19 ліпеня прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева на форуме ў Шушы. Ён заклікаў украінцаў «ніколі не зьмірацца з акупацыяй», спасылаючыся на досьвед Азэрбайджану адносна Карабаху: «Усе нашыя аргумэнты аб міжнародным праве разьбіваліся аб сьцяну пагардлівых павучэньняў — зьмірыцеся з рэаліямі. І потым мы вырашылі, што мы створым новыя рэаліі, і вы будзеце зь імі мірыцца. Так і здарылася».

І ў сытуацыі са зьбітым азэрбайджанскім самалётам Баку паказаў, што не зьбіраецца прымаць за прабачэньні тыя двухсэнсоўныя тлумачэньні, якія гучалі з Масквы. Было заяўлена, што Азэрбайджан падасьць на Расею пазоў у міжнародны суд. Многія постсавецкія краіны маюць таксама ня вельмі простыя адносіны з Расеяй. Але ніхто не адважваўся ісьці на такую прамую канфрантацыю. Чаму Аліеў пайшоў?

Вадзім Дубноў
Вадзім Дубноў

— Напружанасьць паміж Расеяй і Азэрбайджанам была заўсёды. Але яна спалучалася з асаблівымі адносінамі. Яшчэ з савецкіх часоў Азэрбайджан быў для Масквы галоўным прызам на Паўднёвым Каўказе, лякаматывам усяго паўднёвакаўкаскага напрамку. Азэрбайджан быў ключом да рэгіёну, яго нарожным каменем. У савецкія часы сталі мемам словы Леаніда Брэжнева, сказаныя падчас візыту ў Баку: «Шырока крочыць савецкі Азэрбайджан». У тыя часы нішто не рабілася мемам выпадкова.

Яшчэ ў тыя часы склаліся вельмі нефармальныя і вельмі глыбокія міжэлітныя маскоўска-бакінскія сувязі. І яны працавалі да апошняга часу. Бацька — Гэйдар Аліеў — чалец палітбюро ЦК КПСС, намесьнік старшыні ўраду СССР, гэтыя сувязі пакінуў у спадчыну сыну. Але сын, зноў жа па запаветах бацькі, выбудаваў мадэль роўнааддаленасьці ад усіх цэнтраў сілы. І яна дзейнічала даволі эфэктыўна. Зрэшты, пасьля 2014-2016 года назіраўся некаторы нахіл Баку ў бок Масквы. Асабліва яўным гэта стала падчас вайны за Карабах. Але з заканчэньнем Карабахскай кампаніі высьветлілася, што ўсё, што можна было, Баку ад Масквы атрымаў. Гэта была ня толькі зьнешнепалітычная перамога, гэта неверагодная перамога для Аліева ўнутры краіны. Гэта цяпер разьдзел падручніка, у якой менавіта Ільхам — стваральнік дзяржавы, а яго бацька толькі стаяў ля вытокаў.

Пры гэтым для Азэрбайджану вельмі ўдала склаўся саюз з Турэччынай. Азэрбайджан — даўні партнэр Расеі, але цяпер ён гулец, які цікавы ўсім. І пасьля Карабахскай вайны пачалося аддаленьне Баку ад Масквы зь відавочным акцэнтам на самастойную гульню з апорай на Турэччыну. Пры гэтым я б не тлумачыў адносіны Баку і Анкары як адносіны васала і сэньёра. Азэрбайджан — вельмі важны партнэр для Турэччыны, і Азэрбайджан можа ўплываць на турэцкую палітыку ў пэўнай ступені. Гэта ня роўнасьць, але адносны парытэт.

Азэрбайджан таксама выкарыстоўвае тую акалічнасьць, што зараз у міжнароднай палітыцы каштоўнасьці адыходзяць на другі плян. Пасьля прыходу да ўлады Дональда Трампа відавочна паляпшаюцца адносіны Баку з Вашынгтонам, і Баку не саромеецца казаць аб стратэгічным партнэрстве з ЗША. Масква ад цяперашняга канфлікту губляе больш за Баку.

— А цяпер пра трэцяга — ці то які радуецца, ці то лішняга — пра Аляксандра Лукашэнку. У яго выдатныя адносіны і з Аліевым, і з Пуціным, і з Баку, і з Масквой. З Масквой — эканамічнае, палітычнае і вайсковае саюзьніцтва, удзел у вайне Расеі ва Ўкраіне, няхай і ўскосны. Але і з Азэрбайджанам — даволі шчыльныя і эканамічныя, і палітычныя адносіны. Варта ўзгадаць, што Армэнія пасварылася зь Беларусьсю менавіта з прычыны рэвэрансаў Лукашэнкі на адрас Азэрбайджану, пасьля яго віншаваньняў Аліеву зь перамогай у Карабаху.

І вось два сябры Лукашэнкі пасварыліся паміж сабой. Што ён будзе рабіць? Стане ўсё ж на бок Масквы, галоўнага саюзьніка, стане на бок Баку, адмаўчыцца, будзе гуляць у ката Леапольда, маўляў, хлопцы, давайце жыць дружна, памірыцеся. Можа, яшчэ і прапануе памірыць, што ён вельмі любіць. Пакуль ён ніяк на гэта не рэагаваў, і ад яго нібы гэтага і не патрабуюць. Але калі адрэагуе, дык як? Пры тым, што доўгае маўчаньне — гэта таксама рэакцыя.

— Будзе адмоўчвацца, дыстанцыявацца, не станавіцца ні на адзін бок. У яго ёсьць для гэтага ўсе магчымасьці і ўсе матывы. Я думаю, ён разумее галоўную рэч — мяняецца фармат адносін на ўсёй гэтай прасторы. І адносіны Азэрбайджану і Расеі мяняліся б незалежна ад таго, быў бы інцыдэнт з азэрбайджанскім самалётам, і ад таго, што робяць екацярынбурскія паліцыянты ў адносінах да азэрбайджанцаў. Гэта нагоды, а не прычыны. Вэктар быў першапачаткова запраграмаваны. Азэрбайджан выпраўляе нахіл, які быў змушаны зрабіць і які ён выкарыстаў для вяртаньня Карабаху. І ён цяпер выпраўляе гэты нахіл, вяртаючыся ў сваё раўнаважнае становішча паміж усімі цэнтрамі сіл.

І я думаю, што Масква ў прынцыпе ставіцца да гэтага з разуменьнем. І застаецца адзіная праблема — як дамовіцца двум лідэрам, двум «манархам». Каб яны далі каманду сваёй неразумнай чэлядзі ня біць посуд. Гэта старая опцыя, якая заўсёды працавала, і яна, думаю, спрацуе і зараз. Ніткі прымірэньня трымае ў сваіх руках Баку. І гэты Баку будзе вырашаць, калі і як памірыцца, і якой будзе гэтая формула кампрамісу.

Дарэчы, аб юрыдычным пазове да Расеі за самалёт Аліеў гаворыць ва ўмоўным ладзе. Ён кажа, што гатовы падаць гэты пазоў. І дае сыгнал Маскве. Ён нагадвае, што раней быў фармат, які дазваляў вырашаць такія праблемы па-сяброўску, нефармальна. Цяпер яго няма і цяпер бакі — не браты і не дзеці братоў. І пытаньні могуць вырашацца фармальна.

Вельмі многія ўспрынялі ўспрынялі зварот Аліева да ўкраінцаў у Шушы як раскрутку новага вітку канфлікту. А мне падаецца, што гэта ня новы віток, гэта яго інстытуцыяналізацыя. Аліеў прапануе новую формулу адносін, новы фармат, і ў гэтым сутнасьць пасланьня, зробленага ім у Шушы.

— Калі перавесьці заяву Аліева ў Шушы на недыпляматычную мову, то яна гучыць так: «Украінцы, не здавайцеся расейцам, супраціўляйцеся ім, не мірыцеся зь імі». Няўжо для расейцаў гэта не «паквапіцца на сьвятое»? У Тэлеграме ў расейскіх Z-каналах экспансіўныя, скажам так, людзі гавораць нават аб вайне Расеі з Азэрбайджанам. А ў Крамлі няма адчуваньня, што Аліеў «паквапіўся на сьвятое»?

— Не. Падобныя заявы Аліева за тры гады былі і раней, хаця можа і не ў такой форме. За тры гады ён даў магчымасьць Маскве паступова абвыкнуць да такой рыторыкі. Зрэшты, яна спалучаецца і зь іншымі заявамі. Ён нагадаў, што прыяжджаў у Маскву незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны ў лютым 2022 году. І нагадаў, што тады зазнаў крытыку з боку міжнароднай супольнасьці, рызыкнуў сваёй рэпутацыяй. Насамрэч не, ён насамрэч вельмі ўдала манэтызуе свой нэўтралітэт у вайне. Украіна для Аліева абсалютна інструмэнтальная, і ён ня спальвае масты з Масквой. І я думаю, што ў Маскве гэта добра разумеюць.

Лукашэнка таксама разумее, што гэта ня сварка, а пошукі нейкага новага фармату, які яму таксама цікавы, дарэчы. Я думаю, што ў гэтым напрамку ён бы і сам з задавальненьнем пагуляў, яму гэты фармат таксама спадабаўся б. І таму я думаю, што ад яго зараз, у гэтай далікатнай сытуацыі, ніхто нічога патрабаваць ня будзе. Маскве будзе дастаткова чакальнага, напружанага, зацікаўленага маўчаньня. І тое ж самае — Аліеву. Я ўжо сказаў, што базавай, асноўнай рэакцыяй Лукашэнкі будзе дыстанцыяваньне. Магчыма, з невялікім дамешкам «сцэнарыя ката Леапольда» — заклікаў да прымірэньня, дэманстрацыі сваёй значнасьці, пасылу: «Хлопцы, ну мы ж усе свае».

— Наколькі я зразумеў вашую думку, Лукашэнку цікава ня стаць на бок Баку, але крышку падыграць Аліеву. Вось у Менск Кіт Келаг прыяжджае, Беларусь вядзе нейкія свае перамовы з ЗША. А Аліеў сваёй сваркай з Масквой ускосна пашырае прастору геапалітычнага манэўру для Лукашэнкі.

— Я думаю, што ў Менску атрымліваюць задавальненьне ад таго, што хтосьці дае Маскве па носе.

— У тым ліку і калі па носе ёй дае вораг?

— Не, калі свой. Калі нехта са сваіх дае па носе «пахану». Атрымліваецца, што «пахан» як бы і не зусім «пахан». Злараднасьць не злараднасьць, але нейкае душэўнае цёплае пачуцьцё зараз Лукашэнка можа адчуваць наконт гэтага канфлікту. Ён разважае: «Аказваецца з Масквой так можна. Гэта ня значыць, што нам так можна. Нам вось якраз нельга. Але прыемна».

— Іншымі словамі, на ваш погляд, вельмі малаімаверны ці ўвогуле неймаверны варыянт, што ў Крамлі ў сувязі з канфліктам з Баку бразнуць па стале кулаком і грозна спытаюць Лукашэнку: «Дык ты з Расеяй ці супраць?»

— Вопыт апошніх трох гадоў паказвае, што Масква дастаткова далікатна, абачліва ставіцца да Аляксандра Рыгоравіча. Яна ня ставіць яго на залом, ня ставіла яго на залом і ў прасьцейшых сытуацыях. А зараз, я думаю, ня будзе ставіць і пагатоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG