У артыкуле на сайце літоўскага выданьня LRT прыводзіцца гісторыя беларускі Людмілы — былой супрацоўніцы «Белавія», якую прызналі пагрозай нацыянальнай бясьпекі ў Літве і не працягнулі ВНЖ.
Беларуска кажа, што перасякала мяжу з Беларусьсю 20 разоў. Паводле яе слоў, яна вымушана езьдзіць у Беларусь з-за пакінутых жывёл, прадаўжэньня пашпартоў для сябе і дзяцей. Ёй таксама трэба даглядаць хворага бацьку. Людміла паведаміла, што ў 2022 і 2023 гадах яна ўжо праходзіла праверкі, давала зьвесткі аб сваёй працы ў «Белавія» і тады ніякіх прэтэнзій з боку ведамства не ўзьнікала.
«Асноўны аргумэнт быў не ранейшая праца ў „Белавія“, а тое, што асоба ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы», — заявіла з гэтай нагоды кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце. Пры гэтым яна адзначыла, што стратэгічныя аб’екты ў Беларусі, такія як «Белавія», прымаюць на працу толькі ляяльных рэжыму супрацоўнікаў.
Цяпер Людміла рыхтуе апэляцыю ў суд. Па яе словах, вяртацца ў Беларусь для яе небясьпечна з-за поглядаў і ўдзелу ў пратэстах 2020 года.
Агулам Дэпартамэнт міграцыі Літвы на падставе высноваў Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі з пачатку 2025 году ануляваў дазволы на жыхарства 97 грамадзянам Беларусі.
«Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі мае свае крытэры. Гэта ня толькі ранейшыя месцы працы, але і цяперашнія сувязі зь Беларусьсю і іншыя абставіны. Гэта комплекс чыньнікаў. Мы адзначаем, што наяўнасьць ранейшых і цяперашніх сувязяў і супрацы, іх працягу, а таксама праца ў структурах, што падтрымліваюць беларускі рэжым, мае значэньне. Гэта адзін з чыньнікаў, які можа прывесьці да таго, што чалавек, напрыклад, уразьлівы ў дачыненьні да беларускіх службаў, або, магчыма, усё яшчэ падтрымлівае дачыненьні зь беларускімі ўладнымі структурамі», — сказала кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце ў інтэрвію выданьню LRT.
Эвеліна Гудзінскайце нагадала, што чалавек, дазвол на жыхарства якога ануляваны, павінен цягам 14 дзён добраахвотна выехаць, але ў асобных выпадках могуць дазволіць больш часу на завяршэньне справаў у Літве.
«Мы даем два тыдні, а потым дамаўляемся, колькі часу патрэбна, каб завяршыць справы», — сказала Эвеліна Гудзінскайце.
Раней Служба занятасьці Літвы паведамляла, што на літоўскім рынку працы за год колькасьць беларусаў скарацілася на 2,7% — да 47,2 тысячы.
Форум