У літоўскім грамадзтве ўзьнікла дыскусія, ці належным чынам адрэагавалі інстытуты краіны на інцыдэнт, калі некалькі тыдняў таму на літоўскай мяжы разьбіўся бесьпілётнік «Гербера», які прыляцеў зь Беларусі.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа з гэтай нагоды заявіў, што калі яшчэ адбудзецца падобны інцыдэнт, ён ня будзе хавацца раней за іншых.
«Я хачу сказаць, што калі ў будучыні здарацца падобныя інцыдэнты і грамадзкасьць ня будзе праінфармаваная, пакуль яе не паінфармуюць, я адмаўляюся ісьці ў сховішча. Мы ўсе павінны мець роўныя ўмовы ў пляне інфармаваньня», — заявіў Наўседа тэлеканалу LRT.
Прэзыдэнт Літвы такім чынам ацаніў працу і камунікацыю службаў падчас інцыдэнту. Паводле Наўседы, інфармаваньне было хаатычным, а рашэньне адвесьці ў сховішчы прэм’ер-міністра і сьпікера Сейму, якія ў той час знаходзіліся ў Літве, выклікала раздражненьне.
«Гэта сапраўды выклікала вельмі нэгатыўную рэакцыю людзей, і я разумею чаму. Таму што некаторыя людзі пачуваліся быццам забытымі, іх не паінфармавалі, яны ня ведалі, якога характару пагроза, у той час як кіраўнікоў дзяржавы адводзілі ў сховішчы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Сам Наўседа ў момант інцыдэнту 10 ліпеня ня быў у Вільні.
Раней Міністэрства замежных справаў Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту ў сувязі зь нядаўнім залётам расейскага дрону «Гербера» на тэрыторыю краіны.
У ноце выказваецца рашучы пратэст супраць незаконнага залёту расейскага бесьпілётніка зь Беларусі.
Паводле кіраўніка МЗС Літвы Кястуціса Будрыса, за тое, што ў Літву залятаюць вайсковыя дроны, нясе адказнасьць Беларусь, якая гэта дапускае.
Міністар назваў зьяўленьне «Герберы» ў Літве «сур’ёзным парушэньнем», Літва ня мела магчымасьці хутка ідэнтыфікаваць абʼект, таму давялося падымаць паветраную паліцыю NATO, сказаў Будрыс.
Пасьля парушэньня паветранай прасторы Літвы дронам «Гербера» зь Беларусі кіраўнікоў дзяржавы адвялі ў сховішча, аднак агульную трывогу не аб’яўлялі.
10 ліпеня ў Літву зь Беларусі заляцеў бесьпілётнік, падобны да самаробнага самалёта. Паводле памежнікаў, дрон ляцеў на вышыні 100 мэтраў з хуткасьцю 50-60 км/г.
Дрон ляцеў над тэрыторыяй Літвы вельмі нядоўга, таму, на думку часткі службоўцаў, папярэджаньне жыхароў аб набліжэньні бесьпілётніка магло б стварыць бессэнсоўную напружанасьць.