Пра гэта заявіў прэзыдэнт краіны Ільхам Аліеў падчас свайго выступу на Шушынскім мэдыяфоруме ў Ханкендзі, піша азэрбайджанская служба Радыё Свабода.
Паводле слоў Аліева, Азэрбайджан ужо сем месяцаў не атрымлівае ніякага адказу ад расейскіх чыноўнікаў. Ён сказаў, што Генэральны пракурор Азэрбайджану рэгулярна накіроўвае запыты ў Сьледчы камітэт Расеі, «і адказ такі, што расьсьледаваньне працягваецца». Аліеў назваў такую пазыцыю «непрадуктыўнай»:
«Нам усё зразумела, мы ведаем, што адбылося. Мы можам гэта даказаць, і мы ведаем, што расейскія чыноўнікі таксама ведаюць пра гэтае пытаньне. Пытаньне ў наступным: чаму яны не зрабілі тое, што павінен рабіць кожны сусед у падобнай сытуацыі?»
Аліеў падкрэсьліў, што Азэрбайджан патрабуе прызнаньня віны, пакараньня тых, хто зьбіў самалёт, кампэнсацыі сем’ям загінулых і параненых у аварыі, а таксама за самалёт AZAL.
Палітык нагадаў, што расьсьледаваньне зьбіцьця Boeing 777 малайзійскіх авіяліній над Украінай доўжыцца больш за 10 гадоў. Паводле яго слоў, Азэрбайджан таксама гатовы чакаць столькі, колькі спатрэбіцца.
Рэакцыя расейскага боку на заяву азэрбайджанскага прэзыдэнта пакуль незразумелая.
25 сьнежня мінулага году самалёт AZAL, які выконваў рэйс Баку-Грозны, разьбіўся, у выніку чаго загінулі 38 чалавек. Азэрбайджанскія чыноўнікі заявілі, што Расея нясе адказнасьць за катастрофу, але адзначылі, што яна не была наўмыснай.
Паведамлялася, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас тэлефоннай размовы з Аліевым папрасіў прабачэньня за аварыю, але не прызнаў, што яго краіна нясе адказнасьць за тое, што здарылася.
Міністэрства транспарту Казахстану апублікавала папярэднюю справаздачу аб расьсьледаваньні аварыі ў пачатку лютага. У справаздачы адзначалася, што самалёт AZAL зазнаваў вонкавых узьдзеяньняў перад ударам аб зямлю. Пры гэтым самалёт быў у добрым тэхнічным стане перад узьлётам.
Форум