Мы пагаварылі з дзьвюма экспэрткамі ў тэме хатняга гвалту пра тое, як беларусы «вывезьлі з сабой у эміграцыю» праблему хатняга гвалту, а таксама пра тое, што гвалт не залежыць ад адукацыі, сацыяльнага статусу і месца жыхарства.
Што расказала Мэрыем Герасіменка
Тыдзень таму былая палітзьняволеная сьпявачка Мэрыем Герасіменка выставіла на сваёй старонцы ў Instagram у сторыс сваё фота са зьбітым тварам. Паводле сьпявачкі, муж яе зьбіваў на працягу двух гадоў. Праз тыдзень 18 ліпеня Мэрыем ізноў зьвярнулася да сваёй аўдыторыі ў Instagram, апублікаваўшы фота, як цяпер яна выглядае пасьля зьбіцьця:
«Нехта скажа „для хайпа“, а я скажу — для гісторыі. Я хачу і не баюся гэтым дзяліцца, занадта доўга я маўчала, мне ніякага жалю ня трэба. Проста вы гэтую гісторыю павінны ведаць... Ён не зьяўляўся пасьля выкліку мной паліцыі. Так недзе і бегае. Толькі праз сяброў прасіў забраць рэчы... Хацела падзякаваць кожнаму з вас, дзякуй за падтрымку. Вас неверагодная колькасьць. Сёньня прайшоў тыдзень пасьля інцыдэнту. Першыя пяць дзён хочацца ўвогуле выкрасьліць з жыцьця, паколькі было цяжка фізычна. Цяпер сінякоў становіцца меней, нос зрастаецца, таму „вешаць“ мне яго ніяк нельга. І я была б не я, каб не захоўвала свой пазытыў».
Яе Мэрыем Герасіменку зьняволілі за песьню «Акеана Эльзы»
3 жніўня 2022 году ў Менску на Зыбіцкай прайшоў вулічны канцэрт сьпявачкі Мэрыем Герасіменкі на тэрасе бара «Банки-Бутылки». Яна сьпявала песьню «Океана Эльзи» «Обійми» у падтрымку Ўкраіны. Сьпявачку затрымалі і двойчы арыштавалі на 15 сутак, а потым завялі крымінальную справу за «актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушылі грамадзкі парадак». У студзені 2023 году, напярэдадні ейнага 30-годзьдзя Мэрыем Герасіменку асудзілі на тры гады «хатняй хіміі». Сьпявачку ўдалося пасьпяхова вывезьці зь Беларусі дзякуючы намаганьням фонду BySol.
Бар «Банки-Бутылки» быў вымушаны закрыцца ў Менску. Год таму бар адрадзілі ў Варшаве. Цяпер ён называцца па-ангельску Buns & Bottles.
Як пісала «Наша Ніва», муж Мэрем Антон— грамадзянін Расеі, але з дзевяцігадовага ўзросту жыў у Беларусі. Ён быў дэпартаваны за адмову ад дачы паказаньняў на Мэрыем. З лета мінулага года пара жыла ў Варшаве. Праз год, у красавіку 2025 года, Мэрыем у сацсетках расказала аб растаньні з мужам.
«Гвалтаўнікамі могуць быць і выкладчыкі ёгі, і багатыя айцішнікі, хто заўгодна»
Наста Базар, прызнаная беларускай праваабарончай супольнасьцю праваабаронцай 2024 году, шмат гадоў займаецца тэмай гендэрнага гвалту. Сёлета ў лютым у Камітэце ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын ААН Наста прадстаўляла альтэрнатыўную справаздачу, якую падрыхтавала кааліцыя жаночых арганізацый, якія займаюцца дапамогай жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту. Паводле Насты, праблема хатняга гвалту закранае вельмі вялікую колькасьць людзей.
— Пра гэта яшчэ ў Беларусі шмат казалі каляжанкі, прадстаўніцы арганізацый, якія працавалі з жанчынамі ў сытуацыі хатняга гвалту, якія працавалі над законам супраць хатняга гвалту, які 10 год таму распрацоўваўся і потым у 2018-м годзе адным росчыркам перакрэсьлены. Сытуацыі хатняга гвалту вельмі розныя, як і абсалютна розныя людзі церпяць ад гвалту. У большасьці людзей прынята думаць, што гэта робяць нейкія маргінальныя групы людзей, людзі з алькагольнай залежнасьцю і гэтак далей. Гэта далёка не праўда. Гэта могуць быць і выкладчыкі ёгі, і багатыя айцішнікі, хто заўгодна. Гэта абсалютна не залежыць, на жаль, ад адукацыі.
Наста Базар канстатуе, што здараюцца сытуацыі, калі людзі, якія прайшлі праз катаваньні, потым самі могуць ужываць гвалт. Экспэртцы вядомыя выпадкі, калі ў Беларусі гвалтаўнікі шантажывалі жанчын тым, што пойдуць у міліцыю і пакажуць фотаздымкі з пратэстаў.
— То бок гэта людзі, якія выходзілі ў 2020-м, гэта людзі, якія былі з БЧБ на гэтых маршах, яны потым прыходзілі і зьбівалі сваіх жанчын. Вядомыя выпадкі, на жаль, і сярод палітзьняволеных, калі жанчыны, якія былі палітзьняволенымі, потым траплялі ў сытуацыі хатняга гвалту, калі мужчыны, якія былі палітычнымі вязьнямі, таксама потым чынілі хатні гвалт. Мне цяжка гэта зразумець, таму што калі ты сам ці сама прайшлі такую сытуацыю, калі быў гвалт у дачыненьні да цябе, ну, здаецца, павінна быць разуменьне, што гэта няправільна і што ты таксама не можаш. Але гэта ня так. Зараз, на жаль, я заўважаю, што частка людзей, якія самі пацярпелі, у тым ліку палітзьняволеныя, лічаць, што ім усё можна. І яны прыкрываюцца тым, што я быў у калёніі...
«Статыстыка па Беларусі да 20-га году была такая, што ў сярэднім пасьля 13-га зьбіцца жанчына наважваецца зьвярнуцца па дапамогу»
Наста Базар ініцыявала флэшмоб «Хопіць гвалціць і сабрала шмат пэрсанальных гісторый гвалту, на аснове якіх разам з арганізацыяй «Прававая ініцыятыва» падрыхтавала справаздачу «Сэксуалізаваны харасмэнт у беларускай грамадзянскай супольнасьці за мяжой: вынікі апытаньня і рэкамэндацыі».
— Я маю вялікае жаданьне падтрымліваць жанчыну ў такіх кейсах. Я разумею, чаму пасьля агучваньня часта жанчыны заходзяць у цень і не адказваюць, чаму не ўздымаюць гэтую тэму болей, таму што вельмі шмат трэба рэсурсаў, каб апублічыць гэта. Менавіта таму, што вялікая частка людзей будзе абвінавачваць ахвяру. Гэта вікцім блэймінг, калі ахвяра сама вінаватая, ня тое зрабіла.
Наста Базар падкрэсьлівае, што беларусы вельмі доўга жылі ў дыктатарскай сыстэме, у сыстэме нармалізацыі гвалту і паводле яе чым далей, тым больш гэта нармалізацыя ідзе. Экспэртка выказвае падтрымку Мэрыем і кажа, што тая мае права сама вырашаць, ці размаўляць з мэдыя, ці камэнтаваць далей гісторыю гвалту.
— Гэта толькі яна можа казаць, і яна мае права не казаць. Я разумею, што калі гэта чалавек, які забіў табе балюча, а ты публічная асоба і шмат дзе бываеш, то ўвесь час у цябе пытаюцца, а гэта можа быць балюча. Пачынаючы з таго, каб проста людзі адчапіліся, заканчваючы тым, што гэта тая самая кропка невяртаньня, той момант, калі ты разумееш, што ты ня можаш больш трываць. У розных жанчынах гэта адбываецца ў розны момант. Статыстыка па Беларусі яшчэ да 20-га году была такая, што ў сярэднім пасьля 13-га зьбіцьця жанчына наважваецца зьвярнуцца па дапамогу. Акрамя гэтага, вядомы факт, што з любых шэлтэраў для пацярпелых ад гвалту, даволі вялікі адсотак жанчын вяртаецца, таму што часьцей за ўсё гэтыя жанчыны былі так выхаваныя, таму што яны жылі ў сыстэме сузалежнасьці. І гэта таксама не мяняецца хутка.
Наста Базар адзначае, што часам вымушаная эміграцыя часам зьяўляецца маркерам, ці ўсё ў парадку ў стасунках.
— Адна справа, калі мы жывем у сябе дома, у сваім жытле, нам не трэба здымаць кватэру, нам не трэба мець тыя клопаты, якія маем у эміграцыі. А другая справа, калі мы пераяжджаем і вялікая колькасьць дробязяў, якія здаваліся дробязямі ў Беларусі, становяцца вельмі бачнымі. Тады становіцца зразумела, што людзям не па дарозе. Насамрэч вялікая колькасьць людзей расстаецца ў эміграцыі. І я не бачу ў гэтым нічога дрэннага, калі гэта насамрэч зроблена спакойна, з падзякай, з разуменьнем. Я ведаю семʼі ў разводзе, дзе ёсьць дзеці, тата і мама ўключаныя ў выхаваньне, нягледзячы на тое, што яны не разам у рамантычным пляне. Але сытуацыя эміграцыі больш дае кантэксту для хатняга гвалту, таму што больш залежнасьці.
Наста Базар згадвае, што пасьля таго, як яна запусьціла хэштэг #хопігвалціць, вельмі шмат жанчын зьвярнуліся да яе са сваімі гісторыямі гвалту.
— Вялікая колькасьць жанчын легалізавана па мужу, па працы мужа. У вялікай колькасьці гэтых сямей яшчэ і маленькія дзеці. То бок жанчына ў дэкрэце, яна мала камунікуе, яна не працуе, не інтэгруецца ў новую супольнасьць, ня ведае новую мову. У Беларусі пайсьці ў міліцыю — гэта траўматычны вопыт, а ў іншай краіне прайсці ў паліцыю, не ведаючы добра мову... І калі мне пятая жанчына сказала адну і тую ж фразу: «Я баюся дэпартацыі», я зразумела, у чым праблема. Гэтыя жанчыны баяцца дэпартацыі, баяцца, што калі яны заявяць на свайго гвалтаўніка, то іх легалізацыя будзе пад пытаньнем. У прынцыпе, яны часткова маюць рацыю, да. Я ня ведаю, як тады ім атрымаць легалізацыю, калі яны былі легалізаваны па мужу. Гэта можа быць і фінансавая залежнасьць, асабліва калі малыя дзеці.
«Калі пацярпелыя ад рэжыму выбралі новую Беларусь і дэмакратычныя зьмены, гэта аўтаматычна не значыць, што яны ня будуць агрэсарамі і агрэсаркамі ў сямʼі»
Гендэрная экспэртка Алена Агарэлышава падкрэсьлівае, што чым больш канфліктаў узьнікае ў грамадзтве, тым большай будзе колькасьць выпадкаў сямейнага гвалту і гвалту ў адносінах.
— У нестабільнай сытуацыі стрэс, пэўныя непаразуменьні, праблемы з эмоцыямі вядуць да таго, што людзі, якія больш-менш схільныя да праяваў гвалту, да праяваў гневу, будуць гэты гвалт і гнеў праяўляць там, дзе яны маюць моц. Найбольш верагодна, што гэта будзе адбывацца ў сямʼі.
— На жаль, так, калі беларусы зьяжджаюць з Беларусі, у тым ліку пацярпелыя ад рэжыму, якія выбралі новую Беларусь і дэмакратычныя зьмены, гэта аўтаматычна не значыць, што яны дакладна ня будуць агрэсарамі і агрэсаркамі ў сваёй сямʼі. Людзі перажываюць цяжкія выпрабаваньні. І першы крок — не трымаць усё ў сябе, а пачытаць пэўныя парады псыхолягаў, як спраўляцца з гневам, з агрэсіяй. Гэта натуральна, што людзі адчуваюць гнеў, агрэсію, не натуральна тое, якім чынам яны могуць гэты гнеў і агрэсію распаўсюджваць. Ёсьць процьма спосабаў акрамя таго, каб даводзіць сытуацыю да фізычнага гвалту.
Паводле Агарэлышавай, фізычнаму гвалту няма аніякага апраўданьня.
— І тлумачэньне, што мы там усе так жылі, гэта не апраўданьне фізычнаму гвалту. Вельмі шкада ўсіх у гэтай сытуацыі, асабліва пацярпелых вельмі шкада, але гэта, на жаль, здараецца, таму што стрэс стварае патэнцыйныя магчымасьці для гвалту. Што да таго, што ня ўсе пра гэта кажуць, ці кажуць, але недастаткова публічна. Ня ўсе ахвяры гвалту — публічныя асобы, бачнымі становяцца толькі кейсы, калі публічная асоба расказала пра гвалт. Зразумела, тады будзе большы розгалас.
Ці ёсьць куды зьвяртацца па дапамогу
Беларусь дагэтуль не ратыфікавала Стамбульскую канвэнцыю, міжнароднае пагадненьне Рады Эўропы аб прадухіленьні і барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і хатнім гвалтам. Мэта Канвэнцыі — нулявая цярпімасьць да гвалту.
Гвалт у адносінах да жанчын — найбольш распаўсюджанае парушэньне правоў чалавека ў сьвеце, гэты панятак уключае ў сябе любую форму фізычнай, сэксуалізаванай, псыхалягічнай або эканамічнай шкоды жанчынам. Паводле зьвестак ААН, кожныя 10 хвілін у сьвеце адбываецца забойства жанчыны, кожную гадзіну больш за пяць жанчын забіваюць свае ж сямейнікі.
Зразумець рэальны маштаб гендэрнага гвалту ў Беларусі вельмі цяжка. Цэнтралізаваная статыстыка не публікуецца, канкрэтныя гісторыі толькі зрэдку зьяўляюцца ў дзяржаўных мэдыя.
Тым ня менш, толькі па афіцыйных заявах, штогод у Беларусі рэгіструецца каля 80 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт. Гэта мінімум 219 фактаў гвалту за дзень. Кожнае трэцяе забойства зьдзяйсьняецца рукамі блізкіх.
Паводле апытаньня, праведзенага онлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp. org пры дапамозе Chatham House, розныя віды хатняга гвалту зазнаюць 17,6% беларускіх гараджанак, якія маюць партнэра.
У Беларусі няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Распрацаваны законапраект раскрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду». Паводле Лукашэнкі, супрацьдзеяньне гвалту ў сям’і ідзе насуперак «славянскім традыцыям». Пасьля зьнішчэньня НДА-сэктару і ініцыятываў па барацьбе з хатнім гвалтам у 2023 годзе Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў «выкарчоўваць» з грамадзтва гвалт над жанчынамі і дзецьмі «самымі жорсткімі мэтадамі».
Пасьля атакі дзяржавы на не зьвязаныя з уладамі няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі не засталося адзінай інфармацыйнай лініі для ахвяраў хатняга гвалту, а таксама грамадзкіх арганізацый, якія б ім дапамагалі.
Ужо некалькі гадоў для беларусак унутры краіны і за мяжой працуе сэрвіс дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту Oliviahelp, ён аказвае інфармацыйную, псыхалягічную і прававую дапамогу.
Пацярпелым ад усіх формаў гендэрнага гвалту можна зьвярнуцца ў ініцыятывы «Не адна» , «Адно акно», або напісаць у прыват грамадзкай актывістцы Насьце Базар.
Застаюцца магчымасьці і ў Беларусі. Збольшага яны зьвязаныя з працай дзяржаўных органаў. Праваабаронцы заклікаюць зьвяртацца па дапамогу і адстойваць свае правы. У мэсэнджары Telegram oliviahelp.org дапаможа знайсьці неабходную дапамогу і падтрымку ў канкрэтным рэгіёне Беларусі.
Кругласуткавая лінія даверу для пацярпелых ад гвалту
Менскі гарадзкі цэнтар сацабслугоўваньня сям’і і дзяцей
+375 (17)317 32 32, +375 (29) 367 32 32, +375 (22) 603 32 32
SOS дзіцячыя вёскі
Працуюць зь цяжарнымі жанчынамі і жанчынамі зь дзецьмі
+375 (29) 155 32 07, +375 (17) 511 32 12, +375 (17) 511 32 01
Кругласуткавы тэлефон псыхалягічнай дапамогі
Псыхалягічныя кансультацыі (ня толькі ў выпадку гвалту)
+375 (17) 304 43 70, +375 (17) 352 44 44, +375 (17) 263 03 03
Форум