Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я менскага чыгуначніка 100 гадоў захоўвала кавалачак хлеба з абеду ў Маскве


Захаваны хлеб і занатоўка Іосіфа Голубева пра маскоўскі абед
Захаваны хлеб і занатоўка Іосіфа Голубева пра маскоўскі абед

На выставе «Гастранамічная гісторыя Менску. ХХ стагодзьдзе» на Ракаўскай, 17 можна ўбачыць незвычайны экспанат: кавалачак хлеба, якому ўжо больш за 100 гадоў. Гэта порцыя хлеба 1918 году.

Хлеб захаваў менскі рэвалюцыянэр і рабочы-чыгуначнік Іосіф Голубеў, напісаў Музэй гісторыі Менску ў сваім інстаграме.

2-4 студзеня 1918 году Голубеў як дэлегат менскіх рабочых быў у камандзіроўцы ў Маскве ў галоўным чыгуначным камітэце, дзе адстойваў правы рамонтнікаў працаваць па новых зацьверджаных расцэнках.

Дэлегатаў у Маскве пачаставалі абедам, пра што рабочы зрабіў запіс на сурвэтцы. Хлебная порцыя складалася зь дзьвюх лустаў хлеба — з часам яны высахлі, разламаліся і сталі чатырма сухарыкамі. Голубеў захоўваў іх у бляшаначцы з-пад халвы на працягу ўсяго жыцьця. Прадмет перадаў у музэй унук Голубева Ўладзімер.

«Маскоўскі абед таварышаў Чарнова, Нікіціна, Аляшковіча і Голубева. Супчык зьеў, а хлябец пакінуў на памяць пра тое, як кормяць дэлегатаў менскіх. 3 студзеня 1918 году будучы ў Маскве адабедаў па членскім білеце ў гэты дзень порцыі … суп з рыбай … вараная капуста 3-е хлеб ¾ залатніка 4-е папяровая сурвэтка, у якую і загарнуў хлябец», — напісана на сурвэтцы.

Іосіф Голубеў
Іосіф Голубеў

Іосіф Голубеў (1873—1962) нарадзіўся ў сяле Кулебакі (цяпер Ніжагародзкая вобласьць Расеі), з 1900 году жыў у Менску і працаваў сталяром у Менскім чыгуначным дэпо. Удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905–1907 гадоў, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыях 1917 году. З 1922 году працаваў на заводзе «Энэргія». У 1933 ЦВК БССР даў Голубеву званьне Героя працы.

Рабочы пакінуў пасьля сябе дзёньнікі. Часткова гэтыя ўспаміны апублікаваныя ў кнізе «Счастье моё… Дневники Иосифа Голубева 1916–1923 гг.» (Шчасьце маё. Дзёньнікі Іосіфа Голубева 1916–1923 гг.). У Менску ў гонар Голубева назвалі вуліцу.

Цяпер рэчы Іосіфа Голубева знахідзяцца ў выставачным комплексе «Паўночны завулак» (зав.Паўночны, 15Б), дзе паказаная рэканструкцыя пакою менчука з аўтэнтычных прадметаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG