Успомнілі празь пяць гадоў. Чаму зноў усплыла «справа дваровых чатаў»

"Дваравая актыўнасьць" у Менску падчас пратэстаў 2020 году. Архіўнае фота

У Беларусі зноў адбываюцца масавыя суды ў «справах дваровых чатаў». Чаму сілавікі ня могуць спыніць рэпрэсіяў праз амаль пяць гадоў пасьля пратэстаў? Чаму ўлада спыняе ўсякую актыўнасьць беларусаў?

Інструмэнт самаарганізацыі

Летам 2020 года ў Беларусі масава пачалі стварацца тэлеграм-чаты двароў, вуліц, мікрараёнаў. Гэта адбывалася і ў Менску, і ў рэгіёнах. Спачатку для каардынацыі выхадаў на «ланцугі салідарнасьці», потым — для супольных нядзельных выхадаў на маршы. Валянтэры зрабілі падрабязную мапу, дзе кожны мог лёгка знайсьці свой мясцовы чат. Толькі ў Менску ў той час было больш за 800 дваровых чатаў, некаторыя з тысячамі ўдзельнікаў (напрыклад, у тэлеграм-канале «Новая Баравая 98%» было больш за 3 тысячы).

Дваровыя чаты сталі эфэктыўным інструмэнтам грамадзянскай самаарганізацыі: там абмяркоўвалі акцыі пратэсту, бясьпечныя маршруты выхаду на маршы. Таксама з дапамогай чатаў людзі ладзілі супольныя культурныя імпрэзы (дваровыя канцэрты, чаяваньні, талокі).

Дзякуючы самаарганізацыі праз дваровыя чаты беларусы праяўляілі салідарнасьць і аказвалі дапамогу іншым. У лістападзе 2020 году ўлады адпомсьцілі жыхарам Новай Баравой за актывізм: на тры дні адключылі ваду і ацяпленьне. І людзі літаральна «завалілі» жыхароў раёну тысячамі бутляў вады, якія дастаўлялі пад кожны пад’езд

Актывіст, урбаніст Дзяніс Кобрусеў у размове з Свабодай адзначае, што супольнасьці, узьніклыя падчас пратэстаў, былі лягічным разьвіцьцём грамадзкай актыўнасьці. Мабілізацыяй, натхненьнем, калі людзі зразумелі, што яны самі могуць выстройваць сацыяльныя сувязі з суседзямі.

Дзяніс Кобрусеў

«Калі раней нейкая аб’яднаньне існавала для разьвязаньня адной праблемы — спыненьня высечкі дрэваў ці ўшчыльненьня забудовы, калі людзі зьбіралі подпісы, то ў 2020-м аб’яднаньні пашырылі сваю актыўнасьць — у тым ліку на палітычную дзейнасьць. І гэта аказалася дзейсным, істотным інструмэнтам. Разьяднаныя людзі зразумелі, што яны разам могуць шмат чаго зрабіць, калі будуць аб’яднаныя.

Тады гэта выклікала вялікую занепакоенасьць уладаў, пагатоў мы памятаем, што многія маршы ў Менску пачыналіся як дваровыя: з двароў ішлі аб’яднанымі групамі. З таго часу і такая ўвага да дваровых чатаў. Увосень 2020-га пачаўся прэсінг, і, думаю, ён ніколі не спыняўся», — выказаў думку Дзяніс Кобрусеў.

Мэтады «лялькаводзтва»

Дваровымі чатамі адразу зацікавіліся сілавікі. Чаты ўзломвалі, затрымлівалі мадэратараў, актывістаў. Улады адразу абвясьцілі, што ўдзел у дваровых чатах прыроўніваецца да «экстрэмісцкай дзейнасьці» і падлягае крымінальнаму перасьледу паводле артыкулу 361 КК (да 7–10 гадоў пазбаўленьня волі).

21 лістапада 2020 года сілавікі захапілі некалькі папулярных менскіх дваровых чатаў, зьмяніўшы іх аватаркі на дзяржаўны сьцяг ці герб.

Так, дваровы чат «Малінаўка 007» рэзка зьмяніў тэматыку (там зьявіліся рэпосты з праўладнага тэлеграм-каналу «Жоўтыя зьлівы»). Іншыя дваровыя чаты — «Малінаўка 1», «Малінаўка 8–9» і «Слабадзкая 111» — зьмянілі аватаркі на аднолькавыя выявы дзяржаўнага герба.

15 студзеня 2021 году супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі31-гадовага менчука, які стварыў і адміністраваў некалькі дваровых Telegram-чатаў, у тым ліку «Сухарава-97» (больш за 3300 удзельнікаў), «Сухарава News» (больш за 1100 удзельнікаў).

Тэлеграм-канал ГУБАЗіКу тады паведаміў: «Стварылі асобны чацік „Эліта Сухарава“, дзе практыкаваліся ва ўдасканаленьні мэтадаў „лялькаводзтва“».

"Плошча перамен" стала адным з сымбаляў дваравых пратэстаў. Архіўнае фота

10 сакавіка 2021 году прайшлі аблавы і масавыя затрыманьні ў сталічных мікрараёнах Новая Баравая і Лебядзіны. 12 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС далажылі, што выявілі і затрымалі каля трох дзясяткаў адміністратараў дваровых чатаў.

«Так званыя дваровыя чаты атрымалі сваё разьвіцьцё пасьля спыненьня масавых вулічных пратэстаў восеньню мінулага году. Выяўлена звыш тысячы такіх чатаў, больш за палову знаходзіцца ў Менску і Менскім раёне. Мы вылучылі найбольш радыкальныя, якія носяць экстрэмісцкі характар. Іх адміністратары будуць прыцягнутыя да адказнасьці», — гаварылася тады ў заяве ГУБАЗіКу.

Наступная хваля затрыманьняў у «справах дваровых чатаў», якія нібыта «спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю», пракацілася ўвосень 2024 году.

31 кастрычніка і 1 лістапада па ўсёй краіне супрацоўнікі КДБ прыходзілі да людзей у рамках новай крымінальнай справы, заведзенай паводле арт. 357 КК („Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады“). Адбыліся масавыя праверкі і затрыманьні ў Смаргонях, Ваўкавыску, Менску, Гомлі, Маладэчне, Наваградку, Магілёве, Хвойніках.

Прыкладна ў той жа час КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» ініцыятыву «Ордэн», у якую ўваходзяць дваровыя чаты «Злыя кіпцюры», «Сухарава», «Сеніца2.0», «Салідарнасьць», «Вольныя ваўкі», «Наваградзкія партызаны», «Вілія», «Сьціплыя матрошкі», «Суседзі».

Летась у лістападзе начальнік аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства аб дзяржаўнай бясьпецы Генэральнай пракуратуры Валеры Шуляк заявіў, што ўдзел у дваровых чатах — гэта сур’ёзнае крымінальнае злачынства.

«Артыкул дастаткова сур’ёзны, я ня буду яго агучваць для захаваньня таямніцы сьледзтва, але да 15 гадоў пазбаўленьня волі», — заявіў тады Шуляк.

Цяпер, паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Беларусі пачынаюць судзіць людзей, затрыманых у „справах дваровых чатаў“. Некаторыя судовыя працэсы ўжо пачаліся, іншыя пачнуцца ў бліжэйшы час.

"Плошча перамен", архіўнае фота

Што да ўсплёску інтарэсу да дваровых чатаў увосень 2024 году, Дзяніс Кобрусеў мяркуе, што ёсьць розныя сілавыя органы, якія робяць справу паралельна, не ў каапэрацыі адзін з адным.

«Чымсьці можа займацца ГУБАЗіК, чымсьці — КДБ, чымсьці — СК. І апошнюю хвалю, як я разумею, ініцыяваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Яны зьбіралі інфармацыю і з розных іншых справаў „зьляпілі“ адну „сетку“: маўляў, выкрылі нейкую змову, асаблівую каардынацыю, каб апраўдаць далейшыя рэпрэсіі і паказаць значнасьць сваёй працы. Што гэта ня проста разрозьненая актыўнасьць, але адна вялікая сетка. І гэтая справа ўжо дайшла да судоў», — тлумачыць Дзяніс Кобрусеў.

«Усякая актыўнасьць будзе выклікаць нэгатыўную рэакцыю»

З словаў Кобрусева, кожная актыўнасьць людзей будзе выклікаць нэгатыўную рэакцыю ўлады. Ён прывёў прыклад Жодзіна, дзе сёлета ўвесну людзі зьбіралі подпісы супраць пабудовы за 7 км ад гораду сажалкі — зборніку каналізацыйных сьцёкаў зь Менску.

Грамадзкасць даведалася пра гэта постфактум. Ні абвестак, ні абмеркаваньняў, прадугледжаных законам, у Жодзіне, Смалявіцкім раёне і навакольных вёсках не было. Жодзінцы пачалі зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва такіх «ачышчальных збудаваньняў». Але ў справу ўмяшалася міліцыя: тэлеграм-чат, у якім абмяркоўвалі будаўніцтва зборніку фэкальных адкідаў, быў выдалены, а ўсе аркушы з подпісамі супраць будоўлі сканфіскаваныя.

«Раней збор подпісаў быў нармальнай зьявай, а зараз усё, што выходзіць у публічную прастору, прыцягвае увагу сілавікоў, выклікае рэакцыю — яны прыходзяць да актывістаў, пагражаюць. Людзі былі супраць, стваралі чаты для абмеркаваньня чыста гэтай праблемы — для каардынацыі збору подпісаў. Гэта зацікавіла сілавыя органы, і яны спрабавалі спыніць гэтую актыўнасьць грамадзянаў», — кажа Дзяніс Кобрусеў.