Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заявілі аб новай хвалі рэпрэсіяў за пратэсты і расказалі аб асноўных правілах бясьпекі


Беларускія сілавікі, архіўнае фота
Беларускія сілавікі, архіўнае фота

Беларускія праваабаронцы сочаць за разьвіцьцём падзей і папярэджваюць: «Маючы фота і відэа, сілавікі могуць знайсьці яшчэ дзясяткі пратэстоўцаў».

Праваабаронцы «Вясны» фіксуюць новую хвалю рэпрэсіяў супраць удзельнікаў вулічных пратэстаў 2020 году, якім звычайна інкрымінуюць артыкул 342 Крымінальнага кодэксу — «арганізацыя або падрыхтоўка дзеяньняў, які груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

У Менскай вобласьці, у Менску, Жодзіне, Дзяржынску, як інфармуюць «вясноўцы», паводле артыкулу 342 КК завялі дзясяткі новых крымінальных справаў. Актывізацыя сілавікоў заўважана таксама ў Жлобіне, Баранавічах, Бярозе, іншых месцах Беларусі.

«Гэта зьвязана з тым, што падыходзіць да заканчэньня пяцігадовы тэрмін даўніны, калі паводле 342 артыкулу яшчэ можна прыцягваць да адказнасьці. Канцавы тэрмін наступіць восеньню. Але найвышэйшая ўлада пляну рэпрэсіяў сілавікам не скасоўвала, а вось магчымасьцяў у іх стане менш. Вось яны і актывізаваліся», — кажа пра сілавікоў праваабаронца «Вясны» Яніна (жанчына просіць не называць яе прозьвішча праз асьцярогу за сваякоў і сяброў у Беларусі. — РС).

Паводле яе слоў, найбольшую актыўнасьць, як і раней, у рэпрэсіях выяўляюць ГУБАЗіК, супрацоўнікі Сьледчага камітэту, міліцыянты на месцах.

«Спрабуюць усімі спосабамі адшукаць яшчэ людзей, якія ў жніўні і ўвосень 2020 году выходзілі на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць фальшаваньня выбараў прэзыдэнта. На мяжы звышпільна правяраюць тэлефоны, сьледчыя дапытваюць у тым ліку тых, каго ўжо судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, гучаць заклікі да грамадзянаў паведамляць пра тых, каму ўдалося ўнікнуць адказнасьці. Ведаем пра выпадак, калі выкарысталі дакумэнтальны фільм, каб выявіць пратэстоўцаў і завесьці на іх справы. Прычым гэта не выпадковая, а падрыхтаваная кампанія. Нездарма ў пачатку году закрылі сайт Вярхоўнага суду — каб грамадзкасьць не змагла ацаніць новы маштаб рэпрэсіяў», — мяркуе Яніна.

Паводле праваабаронцы, апошнім часам у судах скарацілі тэрміны прызначэньня апэляцыяў на прысуды паводле 342-га артыкулу, што таксама сьведчыць пра мэту — новыя рэпрэсіі.

«Каб пасьпець асудзіць чалавека паводле „народнага“ артыкулу, уклаўшыся ў пяцігадовы тэрмін, калі, скажам, пратэст быў у сярэдзіне жніўня, трэба ня проста вынесьці прысуд да сярэдзіны будучага месяца, але і пасьпець разгледзець апэляцыю. А ўяўляеце, якая цяпер у судах напружанасьць? Лета, судзьдзі ідуць у адпачынкі, супрацоўнікаў не хапае, між тым агульную нагрузку ніхто не здымае, зьверху прысьпешваюць. Вось мы і бачым, што калі раней на апэляцыю ў сярэднім ішло 2-3 месяцы, дык цяпер 2-3 тыдні», — падзялілася назіраньнямі праваабаронца.

Санкцыя за 342-і артыкул КК — да 4 гадоў пазбаўленьня волі, але магчыма, што прысуджаюць і «хатнюю хімію».

Праваабаронца «Вясны» Яніна заўважае, што гэтае пакараньне апошнім часам сталі ўжываць часьцей:

«Хімію» ці «хатнюю хімію» сталі прызначаць часьцей, чым у першыя гады пасьля пратэстаў, гэта бачна ўва ўсіх рэгіёнах. Але і пазбаўленьне волі ўжо зноў ня рэдкасьць, даюць у сярэднім год-паўтара. Праблема, аднак, у тым, што ў беларускіх умовах і «хатняя хімія» — як сапраўднае пазбаўленьне волі, бо кантроль вельмі пільны, умовы дрэнныя, гарантыі, што зноў не забяруць, няма. Таму многія не вытрымліваюць і ўвогуле ўцякаюць зь Беларусі«.

Парады ад правабаронцаў

Яніна пералічыла асноўныя парады беларусам у сувязі з новай хваляй падазрэньняў і рэпрэсіяў. Найперш парады праваабаронцаў тычацца тых, хто ўлетку шмат вандруе, у тым ліку прыяжджае ў Беларусь ці выяжджае з краіны.

«Цяпер найбольш пільна чалавека правяраюць на мяжы. Таму яшчэ да таго, як паехаць у Беларусь ці зь Беларусі, без ілюзіяў ацаніце ўсе рызыкі. Трэба ўлічваць, што нават калі ў вашым тэлефоне ўсё чыста, дык вы маглі застацца на фота ці відэа іншых людзей. Таму задумайцеся, ці варта ехаць, можа лепш перачакаць.

Калі ўсё ж вырашылі перасекчы мяжу, дык загадзя паклапаціцеся, каб ваш тэлефон быў цалкам чысты ад небясьпечных фота, відэа, лайкаў, камэнтароў, спасылак. Прычым ня толькі тых, якія зьявіліся пасьля 2020 году, але і ранейшых. Не супакойвайце сябе тым, што вы нешта схавалі ў воблаку. Улічыце, што ГУБАЗіК ды іншыя структуры ўмеюць „выбіваць“ паролі з самых упартых», — папярэдзіла праваабаронца.

Таксама Яніна нагадала практыку затрыманьняў чалавека, у якога ў тэлефоне ўсё ж знайшлі падазроны зьмест: звычайна яго спачатку зьмяшчаюць у цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, а ўжо потым заводзяць крымінальную справу. Гэты час важны для інфармаваньня пра здарэньне.

«Трэба мець чалавека, якому вы давяраеце, які зможа хоць у мінімальнай ступені высьветліць ваш лёс і паінфармаваць праваабаронцаў ці адваката пра тое, што вы затрыманыя. Такая інфармацыя дапаможа ў вашай далейшай абароне», — раіць Яніна.

Рэпрэсіўны апарат актывізаваўся, і на гэта простым людзям таксама трэба адказаць большай пільнасьцю і самаарганізацыяй, — мяркуе праваабаронца «Вясны».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG