Малдова: пераможаныя ў палітычным крызісе пачынаюць пакідаць краіну

Лідэр дэмпартыі Малдовы Ўладзімір Плахатнюк

Лідэр Дэмакратычнай партыі Малдовы Ўладзімір Плахатнюк пакінуў краіну. Палітыкі, зьвязаныя з партыяй, таксама зьяжджаюць з краіны.

Лідэр Дэмакратычнай партыі Малдовы Ўладзімір Плахатнюк пакінуў краіну. Напярэдадні стала вядома, што ў адстаўку пайшоў Павел Філіп, кіраўнік ураду дэмпартыі — аднаго з двух урадаў у Малдове, якія зьявіліся пасьля чэрвеньскага палітычнага крызісу. Палітыкі, зьвязаныя з партыяй, таксама зьяжджаюць з краіны.

Прэс-служба Дэмакратычнай партыі ў ноч на суботу апублікавала заяву, у якой паведаміла, што Плахатнюк зьехаў на некалькі дзён, і заклікала прэсу пазьбягаць неправеранай інфармацыі.

«У сувязі са спэкуляцыямі, якія зьявіліся ў СМІ аб так званым зьнікненьні лідэра ДПМ, адзначаем, што Ўладзімір Плахатнюк зьехаў на некалькі дзён з краіны да сваёй сям’і», — гаворыцца ў заяве.

Мясцовая прэса піша, што палітыкі і бізнэсоўцы, зьвязаныя з Дэмакратычнай партыяй, пакідаюць краіну. Малдаўскае выданьне NewsMaker са спасылкай на дадзеныя Flightradar24, паведамляе, што на працягу некалькіх гадзін з Кішынэву вылецела некалькі прыватных самалётаў, сярод якіх:

  • Embraer Legacy 500 (E550) — прызямліўся ў кіеўскім аэрапорце Жуляны,
  • KlJ5133 — прызямліўся ў Шарамецьцеве ў Маскве,
  • Gulfstream G200 — прызямліўся ў Адэсе,
  • Bombardier CRJ-200LR — прыляцеў у Маскву.

Відавочцы ў сацсетках, а таксама мясцовыя тэлеканалы паведамляюць, што ў суботу ўвечары на дарозе ў напрамку аэрапорта ўтварыліся заторы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове сышоў у адстаўку кіраўнік аднаго з двух урадаў-«канкурэнтаў»

Увечары 14 чэрвеня ўрад Дэмакратычнай партыі на чале з Паўлам Філіпам абвясьціў аб адстаўцы. Паводле прадстаўнікоў партыі, якія сфармавалі ўрад Філіпа, яны сышлі ў адстаўку і перайшлі ў апазыцыю для таго, каб «зламаць палітычную сытуацыю і прадухіліць далейшую эскаляцыю крызісу». Віцэ-старшыня дэмпартыі Ўлад Чабатар паведаміў, што рашэньне было прынятае «каб паказаць, што партыя не трымаецца за ўладу».

Ад пачатку чэрвеня ў Малдове адначасова існавалі два кабінэта міністраў. Адзін узначальваў Павел Філіп, другі — Мая Санд. Абодва ўрады не прызнавалі легітымнасьць адзін аднаго і заклікалі дзяржаўных службоўцаў і армію не выконваць распараджэньні, якія яны атрымліваюць ад ураду «канкурэнтаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове два кіраўнікі і два ўрады, індыкі ля Апарату прэзыдэнта. Што адбываецца

Гэтая сытуацыя склалася пасьля таго, як Канстытуцыйны суд Малдовы часова адхіліў прэзыдэнта Ігара Додона ад пасады. Часовым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта тады прызначылі дзеючага прэмʼер-міністра Паўла Філіпа. Ён адразу падпісаў указ аб роспуску парлямэнту і прызначыў новыя выбары на 6 верасьня. Але ўжо пасьля гэтага ўказу Сацыялістычная партыя Дадона, якую лічаць прарасейскай, абʼядналася з праэўрапейскім альянсам ACUM і сфармавала новы ўрад, які ўзначаліла лідэр ACUM Мая Санд. Гэты ўрад прызналі і заявілі пра гатоўнасьць працаваць зь ім Эўразьвяз, ЗША, Расея і шэраг іншых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крызыс у Малдове: Эўразьвяз прызнаў кааліцыю ў парлямэнце, які ўжо распусьцілі

Былы прэзыдэнт Ігар Дадон заявіў, што лічыць рашэньне Філіпа правільным і яно дазволіць «разблякаваць працу дзяржорганаў». Адразу пасьля абвяшчэньня аб адстаўцы ўраду, паліцэйскія і прыхільнікі Дэмакратычнай партыі Малдовы, якія блякавалі будынак ураду і іншых дзяржустановаў, зьнялі пікеты і пачалі дэмантаваць палаткі, устаноўленыя ля будынка ўраду.