Ва Ўкраіне разьбіўся зьнішчальнік Mirage 2000 францускай вытворчасьці

Самалёт Mirage 2000, архіўнае фота

Паветраныя сілы ўкраінскага войска паведамілі аб страце зьнішчальніка Dassault Mirage 2000.

Самалёт Mirage 2000 разьбіўся падчас палётнага заданьня ў Валынскай вобласьці на захадзе краіны, паведамілі вайскоўцы.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 22 ліпеня. Паведамляецца, што ў самалёта адбылася адмова тэхнікі. Пілёт катапультаваўся, яго стан «стабільны», заявілі ў УСУ. Вядзецца расьсьледаваньне здарэньня.

Францускія зьнішчальнікі чацьвёртага пакаленьня Mirage 2000 выпускаліся з канца 1970-х да сярэдзіны 2000-х гадоў.

Украінская армія атрымала іх ад Францыі ў мадыфікацыі 5F, прызначанай у першую чаргу для перахопу паветраных цэляў. Першая партыя была дастаўлена ў лютым. Колькі самалётаў было пастаўлена не паведамлялася. Гэта першая вядомая страта УСУ самалёта такога тыпу.

Самалёты пастаўляліся зь ліку тых, што былі ўнаяўнасьці ў францускай арміі. Зьнішчальнікі былі пабудаваны ў 1980-я і мадэрнізаваны ў канцы 1990-х.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну з Францыі прыбылі першыя зьнішчальнікі Mirage 2000