BySol паведаміў пра эвакуацыю палітвязьня Мікіты Лосіка

Мікіта Лосік, архіўнае фота

Фонд BySol на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў пра эвакуацыю сёньня ўначы палітвязьня Мікіты Лосіка.

Мікіту Лосіку прысудзілі тры гады «хіміі» па справе «Беларускага Гаюна». Віцебскі абласны суд разглядаў справу ў адкрытым працэсе. Прысуд стаў вядомы 8 ліпеня.

26-гадовага Мікіту Лосіка затрымалі ў Воршы ў пачатку красавіка 2025 году.

Лосіка абвінавацілі паводле артыкулу 361. 4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Па вэрсіі сьледзтва, Мікіта Лосік у лютым 2022 году даслаў на канал «Беларускага Гаюна» некалькі фотаздымкаў расейскай вайсковай тэхнікі, якая ехала праз Воршу.

Пасьля абвяшчэньня прысуду Мікіту вызвалілі ў залі суду. Адбываць пакараньне Мікіта Лосік меўся ва ўстанове адкрытага тыпу.

Мікіта — малодшы брат палітвязьня Ігара Лосіка, журналіста Свабоды, асуджанага на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за пяць гадоў.

BySol абвясьціў збор грошай на мэдычную і псыхалягічную дапамогу, базавыя побытавыя рэчы і жыльлё для Мікіты Лосіка на першы час.

Сёлета ў лютым стала вядома, што сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі гаюн». Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і заявіў пра спыненьне працы каналу. Свабодзе вядома як мінімум пра некалькі выпадкаў арыштаў, падставай для якіх сталі прысланыя вясной 2022 году ў «Беларускі Гаюн» фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай. Арыштаваным выставілі абвінавачаньні ў «спрыяньні экстрэмізму» паводле 4-й часткі 361-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Яна прадугледжвае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі або пазбаўленьня волі да сямі гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская сэнатарка заклікала да «неадкладнага і безумоўнага вызваленьня» Ігара Лосіка