У Банглядэш вайсковы самалёт урэзаўся ў школу, больш як 30 загінулых

На месцы авіякатастрофы ў Банглядэш

21 ліпеня вайсковы вучэбны самалёт F-7 BGI упаў на школу ў сталіцы Банглядэш Дацы.

Самалёт вылецеў з базы каля 13-й гадзіны мясцовага часу і, паводле вэрсіі вайскоўцаў, страціў кіраваньне праз тэхнічную няспраўнасьць, паведаміла BBC.

Прынамсі 31 чалавек загінуў у выніку катастрофы самалёта ВПС Банглядэш у кампусе прыватнай школы ў сталіцы краіны Дацы. Сярод загінулых — 25 дзяцей, настаўніца і пілёт самалёта.

Людзі сабраліся на месцы здарэньня

Сярод параненых пераважна дзеці 10–15 гадоў, многія зь цяжкімі апёкамі ад паліва. Некаторыя целы трэба ідэнтыфікаваць праз ДНК.

Школьнікі якраз выходзілі з заняткаў, калі самалёт урэзаўся ў будынак. Многія бацькі чакалі дзяцей каля школы. Гэта прыватная школа, дзе вучацца каля 2 тысяч дзяцей.

22 ліпеня ў краіне абвясьцілі нацыянальны дзень жалобы.

Самалёт F-7 BGI, які разьбіўся, — варыянт кітайскага зьнішчальніка. Паводле зьвестак вайскоўцаў і пажарнай службы, пілёт загінуў, а 171 чалавек, пераважна вучні, атрымалі раненьні, 78 чалавек застаюцца ў шпіталі.

Вайскоўцы заявілі, што пілёт спрабаваў унікнуць густанаселеных раёнаў, але самалёт урэзаўся ў двухпавярховы будынак. Яны паведамілі, што ў самалёце адбылася «тэхнічная няспраўнасьць», дадаўшы, што прычыну расьсьледуе камітэт ВПС высокага ўзроўню.

На месцы здарэньня

Аварыя адбылася ў кампусе школы Milestone, у якой займаюцца каля 2000 вучняў.

Раён Утара, дзе адбылася катастрофа, знаходзіцца ў паўночнай частцы сталічнага рэгіёну з насельніцтвам больш за 20 мільёнаў чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Авіякатастрофа ў Паўднёвай Карэі: Колькасьць загінулых вырасла да 179 чалавек