Пра скасаваньне канцэрту паведамілі італьянскае інфармацыйнае агенцтва ANSA і The Violin Channel.
Агенцтва адзначае, што рашэньне запрасіць Валерыя Гергіева на фэстываль «выклікала гарачыя спрэчкі». Акрамя таго, выказваліся асьцярогі з нагоды магчымых пратэстаў у дзень выступу, якія маглі б правесьці ўкраінскія актывісты.
Сам Гергіеў у размове з расейскім дзяржаўным інфармацыйным агенцтвам ТАСС заявіў, што нічога ня ведае пра скасаваньне выступу на фэстывалі. Пасольства Расеі ў Італіі раскрытыкавала сытуацыю.
Гергіеў меўся выступіць на фэстывалі UnEstate da Re ў Казэрце з салістамі Марыінскага тэатру. Віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Піна Пічэрна запатрабавала выключыць дырыгента з праграмы, бо ён «вядомы прыхільнік Пуціна і крамлёўскага рэжыму».
Фонд барацьбы з карупцыяй, заснаваны палітыкам Аляксеем Навальным, які памёр у расейскай калёніі, таксама запатрабаваў скасаваць выступ Гергіева на фэстывалі.
У пачатку сакавіка 2022 году Гергіева звольнілі з пасады галоўнага дырыгента Мюнхэнскага філярманічнага аркестру за адмову выступіць супраць паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Пазьней Баварская дзяржаўная опэра адмовілася ад супрацы з Гергіевым. Выступ у Італіі павінен быў стаць першым канцэртам Гергіева на эўрапейскіх фестывалях ад лютага 2022 году. Але і ён не адбудзецца.
Валерый Гергіеў быў даверанай асобай Уладзіміра Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах 2012 і 2018 гадоў, а ў 2014 годзе падпісаў ліст дзеячаў культуры, з падтрымкай «пазыцыі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі па Ўкраіне і Крыме».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Навальнага знайшла ў даверанай асобы Пуціна дырыжора Гергіева актывы ў Італіі на 100 мільёнаў эўра