На Магілёўшчыне другі тыдзень змагаюцца з наступствамі буры. У дапамогу прыехалі лесарубы зь Берасьця

Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі паведамілі аб накіраваньні на дапамогу ў Магілёўскую вобласьць 25 лесарубаў зь Берасьцейскай вобласьці. На 22 ліпеня абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі празь неспрыяльнае надвор’е.

Як адзначаецца ў Telegram-канале ведамства, 21 ліпеня яны пачалі расчышчаць паркі і сквэры ў Магілёўскай вобласьці, а пасьля будуць разьбіраць паваленыя дрэвы на могілках.

Паводле старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатоля Ісачэнкі, найбольшыя праблемы зь ліквідацыяй наступстваў непагадзі паўсталі менавіта на могілках і пад’язных да іх дарогах. У гэтых месцах, сказаў ён, найбольш патрэбная дапамога дасьведчаных лесарубаў.

Магілёўская вобласьць найбольш пацярпела ад прыроднай стыхіі, што абрынулася на Беларусь 9–10 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз тыдзень пасьля буры «Магілёўхімвалакно» ўсё яшчэ застаецца без электрычнасьці

Захоўваецца аранжавы ўзровень небясьпекі праз залевы

У Беларусі папярэдзілі аб аранжавым узроўні небясьпекі на 22 ліпеня празь некалькі неспрыяльных зьяваў — навальніцы, моцны вецер, залевы, град і сьпёку.

У Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў (МНС) Беларусі папярэдзілі аб магчымых абрывах лініяў сувязі і электраперадачаў, парушэньні энэргазабесьпячэньня, адключэньні электрападстанцыяў, пашкоджаньні і падзеньні канструкцыяў і дрэваў.

Белгідрамэт прагназуе навальніцы з шквалістымі вятрамі ў Берасьці, Віцебску, Горадні, Магілёве і Менску. У Гомлі тэмпэратура паветра дасягне 30 градусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства лясной гаспадаркі скасавала ўсе акцыі і нарады, каб засяродзіцца на разборы бураломаў пасьля непагадзі

Абмежаваньні на наведваньне лясоў засталіся ў трох раёнах Беларусі

Як вынікае з інтэрактыўнай мапы, разьмешчанай на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, абмежаваньні на наведваньне лясоў захоўваюцца ў трох раёнах Менскай вобласьці — Валожынскім, Слуцкім і Салігорскім. Аднак наведваньні не забароненыя.

На іншай тэрыторыі Беларусі наведваць лясы можна без абмежаваньняў. Пажаранебясьпечная сытуацыя стабілізавалася пасьля таго, як ва ўсіх вобласьцях прайшлі моцныя дажджы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад буры на Магілёўшчыне пацярпела 1800 га лясоў, частку іх будуць высякаць