Толькі 12,5% выдадзеных летась у Беларусі кніг былі па-беларуску

Паліца з кнігамі беларускіх выдавецтваў у кнігарні, архіўнае фота

У 2024 годзе ў агульнай колькасьці назваў кніг, выдадзеных у Беларусі, беларускамоўных было толькі 12,5%.

Гэта 17% ад усіх выдадзеных накладаў — 893 назвы агульным накладам 3,1 млн асобнікаў.

Асноўная доля — 80,9% — па-ранейшаму прыпадае на расейскамоўныя выданьні.

Доля тытулаў на беларускай мове ў кнігавыданьні не перавышае 13% ужо шмат гадоў. Яна тлумачыцца тым, што многія выдавецтвы арыентуюцца на расейскамоўных чытачоў як у Беларусі, так і за ўсходняй мяжой.

Разам з тым амаль палова дзіцячых казак выходзіць па-беларуску, у той час як у дзіцячай прозе беларускамоўных выданьняў толькі каля 26%, паведаміла Кніжная палата Беларусі.

Сёлета ў першыя паўгоду доля беларускамоўных кніг склала 13,9%, іх наклады вырасьлі на 18,8%, а колькасьць выданьняў — на 24%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў: у першай палове 2025 году русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі ўзмацніліся

Найбольшая доля беларускамоўных выданьняў была ў 1930 годзе

Тады беларусізацыя яшчэ не была абарваная рэпрэсіямі. І па-беларуску надрукавалі 88% назваў кніг і 93% ад іх агульнага накладу.

Але беларускія выданьні пераважалі ў кнігавыданьні аж да 1960 году. Потым пачалося імклівае скарачэньне іх долі пры росьце агульных накладаў.

У 1985 годзе доля беларускамоўных кніг зьнізілася да 11,5%, а агульны наклад — да 5 мільёнаў, што ўдвая менш, чым у найлепшыя часы.

У пачатку 1990-х на хвалі беларускага адраджэньня доля беларускамоўных кніг вырасла да 21%, але ў канцы 90-х вярнулася да знаёмых 11% і з таго часу істотна не мяняецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тузін бэстсэлераў гэтага лета: дэтэктывы, трылеры, жаночыя раманы. Расказваем, што пачытаць у адпачынку


З 2020 году — новы этап рэпрэсіяў супраць беларускамоўных кніг і выдавецтваў

Рапартуючы пра дасягненьні афіцыйнага кнігавыдавецтва, улады рэгулярна забараняюць беларускамоўныя кнігі, навешваючы на іх ярлык «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Сярод аўтараў забароненых кніг як тыя, каго ўжо няма, так і сучасныя пісьменьнікі — Вацлаў Ластоўскі, Ларыса Геніюш, Натальля Арсеньнева, Алесь Петрашкевіч, Лідзія Арабей, Уладзімер Някляеў, Альгерд Бахарэвіч і іншыя.

Адметна, што ў сьпіс трапіў нават верш «Гутарка старога дзеда» 1861 году.

Сярод выдавецтваў, кнігі якіх папоўнілі «экстрэмісцкі сьпіс», — «Беларускі кнігазбор», «Янушкевіч», «Харвест», «Зьміцер Колас» і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі яшчэ больш як 30 рэсурсаў дадалі ў сьпіс экстрэмісцкіх. А колькі там усяго?