Пра гэта паведаміў кіраўнік фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак:
«Гэтак было ў траўні — прыкладна 50 вязьняў СІЗА ў той ці іншай форме былі зьвязаныя зь „Беларускім Гаюном“. Прычым лічбы маглі зьмяніцца, бо летам больш людзей едзе празь мяжу, а менавіта на такіх праверках людзей затрымліваюць. Спачатку паводле адміністрацыйнага артыкулу, калі нешта знаходзяць у тэлефоне, а потым зьбіраюць новыя факты і выстаўляюць крымінальнае абвінавачаньне. Рэжым ні на кроплю ня стаў больш гуманным», — кажа праваабаронца Андрэй Стрыжак.
Андрэй Стрыжак папярэджвае пра небясьпеку трапіць пад крымінальны перасьлед, калі зьвесткі пра асобу знойдуць у тэлефонах іншых людзей.
«У вашым тэлефоне могуць знайсьці зьвесткі ці фота іншых людзей, якім вы можаце нашкодзіць. Або ў чужым тэлефоне нешта небясьпечнае могуць знайсьці пра вас. Таму мы і просім, каб той, хто едзе празь мяжу, папярэдне чысьціў свой тэлефон ад усіх небясьпечных зьвестак і выдаляў усе фота, а ня толькі свае выявы», — сказаў Андрэй Стрыжак.
Стрыжак не выключае, што ня толькі ў Берасьцейскім СІЗА, але ў сьледчых ізалятарах Горадні і Гомля таксама могуць трымаць фігурантаў справы «Беларускага Гаюна». Праваабаронца кажа, што яшчэ дзясяткі людзей могуць быць затрыманыя ў гэтай справе.
«З горадзенскага рэгіёну таксама едуць людзі, а яшчэ, відаць, у Гомельскай вобласьці маглі быць добраахвотныя памочнікі „Гаюна“, бо там побач мяжа з Украінай. Яшчэ могуць быць дзясяткі людзей, але дакладных зьвестак у нас пакуль няма», — прызнаў праваабаронца Андрэй Стрыжак.
Праваабаронца зь «Берасьцейскай Вясны» Ўладзімер Вялічкін, ацэньваючы колькасьць затрыманых у справе «Беларускага Гаюна» ў Берасьцейскім СІЗА, не аспрэчыў Андрэя Стрыжака.
«Прыблізна гэтак і ёсьць, але дакладных лічбаў ня маем», — сказаў Уладзімер Вялічкін.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у справе «Беларускага Гаюна» ўжо адбылося прынамсі шэсьць судовых працэсаў. Праваабаронцам вядомыя імёны 26 фігурантаў справы, якія знаходзяцца пад вартай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаюцца суды ў справе «Беларускага Гаюна», — «Вясна»- «Беларускі Гаюн» быў заснаваны блогерам Антонам Матолькам, які зьехаў зь Беларусі, а пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году стварыў праект для маніторынгу вайсковай актыўнасьці ў Беларусі.
- Праект закрыўся праз тры гады працы пасьля таго, як спэцслужбы Беларусі атрымалі доступ да чат-боту ініцыятывы.
- «Мы ня ведаем, які аб’ём зьвестак мог быць выгружаны за той час, пакуль староньні акаўнт меў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сытуацыі адбылася чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй», — сказаў Антон Матолька. Цяпер ён недаступны для камэнтару.
- У чэрвені 2025 году Горадзенскі абласны суд завочна вынес Антону Матольку прысуд — 20 гадоў пазбаўленьня волі за «шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці».
- 8 ліпеня стала вядома, што Віцебскі абласны суд прысудзіў 3 гады абмежаваньня волі 25-гадоваму Мікіту Лосіку, малодшаму брату палітвязьня, журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Яго асудзілі за перасылку некалькіх фота ў чат-бот праекту «Беларускі Гаюн».