Юрыст Трампа расказаў, як вёў перамовы з Лукашэнкам, вынікам якіх стала вызваленьне палітвязьняў

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта Трампа Кітам Келагам і юрыстам Джонам Коўлам (справа). Менск, 21 чэрвеня 2025 году

Пасьля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта Трампа Кітам Келагам і юрыстам Джонам Коўлам 21 чэрвеня вызвалілі 14 беларускіх палітвязьняў.

Джон Коўл, адмысловы пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, раскрыў Politico дэталі перамоваў з Лукашэнкам, якія прывялі да вызваленьня палітвязьняў.

У красавіку 2025 году Коўлу пазванілі зь Дзяржаўнага дэпартамэнту. Ці гатовы ён паехаць у Менск, каб сустрэцца з Лукашэнкам, чалавекам, якога часта апісваюць як апошняга дыктатара Эўропы?

«Добра», — сказаў Коўл. Ці можа ён вылецець на наступны дзень? — «Ня добра», — адказаў ён. — «Але я ўсё роўна гэта зрабіў».

Празь некалькі дзён пасьля званка Коўл і некалькі амэрыканскіх дыпляматаў перасеклі мяжу Літвы і Беларусі, спыніўшыся на сельскай дарозе замяніць дыпляматычныя нумары на сваім транспарце, каб не прыцягваць увагу.

Яны прыбылі ў Палац Незалежнасьці, рэзыдэнцыю Лукашэнкі ў цэнтры Менску, з шкляным фасадам і выгнутым мэталічным дахам, памерам зь невялікі аэравакзал. Гэты велічны комплекс на праспэкце Пераможцаў сталіцы быў пабудаваны як сымбаль незалежнасьці краіны, паводле сайту прэзыдэнта Беларусі.

«Ён такі вялікі, што Том Брэйдзі ня змог бы дакінуць мяч з аднаго канца фае да другога», — сказаў Коўл. (Том Брэйдзі — легендарны гулец у амэрыканскі футбол на ключавой пазыцыі, вядомы сваімі шматлікімі перамогамі ў Супэркубку і рэкордным пасам на 90 мэтраў).

На абедзе з Лукашэнкам Коўл жартаваў, а гаворачы пра Дзяржаўны дэпартамэнт, сказаў:

«Так, усё, што яны хочуць, гэта бла-бла-бла». Гэта спадабалася Лукашэнку, якога Коўл ахарактарызаваў як разумнага і праніклівага.

Паводле Коўла, Лукашэнка «сапраўды хоча палепшыць адносіны са Злучанымі Штатамі» і «зацікаўлены ва ўдзеле ў перамовах аб вайне ва Ўкраіне».

Калі дайшла чарга да гарэлкі, Лукашэнка сказаў тост за Трампа. Коўл у адказ — за Лукашэнку. «Я выпіў дзьве чаркі, мяне ня вырвала, але трэцюю я ня стаў».

Адпраўка дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы або дзяржаўнага сакратара (на абедзьвюх пасадах цяпер Марка Рубіё) магла б быць ацэненая як поўная легітымізацыя ізаляванага прэзыдэнта Беларусі, сказаў Франак Вячорка, кіраўнік штабу Ціханоўскай, лідэра апазыцыі.

«Але калі мы гаворым пра пасланьнікаў — задача пасланьнікаў палягае ў заключэньні ўгодаў, у разьвязаньні крызісаў», — сказаў ён.

Коўла ня надта займаюць дыпляматычныя танцы Лукашэнкі, піша выданьне Politico:

«Гэта тое, пра што павінен хвалявацца Рубіё. Я гляджу на рэчы так: ці магу я вызваліць яшчэ некалькіх людзей. І калі гэта адпавядае маёй мэце і таму, што я спрабую зрабіць, мне ўсё роўна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку сустрэчы пасланьніка прэзыдэнта ЗША з Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Сярод іх — Сяргей Ціханоўскі

У красавіку 2025 году пра вызваленьне зьняволенага ў Беларусі грамадзяніна ЗША Юрася Зянковіча паведаміў дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Марка Рубіё.

Зянковіча, адваката беларускага паходжаньня з амэрыканскім пашпартам асудзілі на 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён праходзіў у адной справе з Рыгорам Кастусёвым і Аляксандрам Фядутам.

21 чэрвеня спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам. Празь некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы стала вядома пра вызваленьне 14 палітвязьняў, у тым ліку колішняга прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Сяргея Ціханоўскага.

21 чэрвеня былі вызваленыя і дэпартаваныя ў Літву блогер, заснавальнік ютуб-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі, былая выкладчыца Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Дуліна, журналіст Ігар Карней, бізнэсовец Сяргей Шэлег, фігурант справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонаў, анархіст Акіхіра Гаеўскі-Ханада, а таксама яшчэ 8 вязьняў: двое грамадзян Японіі, трое грамадзян Польшчы, двое — Латвіі, па адным — Эстоніі, Швэцыі ды ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка перакруціў словы адмысловага пасланца прэзыдэнта ЗША