Азэрбайджан падасьць у суд на Расею за катастрофу самалёта AZAL

Ільхам Аліеў

Афіцыйны Баку рыхтуе дакумэнты для падачы ў міжнародныя суды супраць Расеі ў сувязі з катастрофай самалёта AZAL у Казахстане ў сьнежні 2024 году.

Пра гэта заявіў прэзыдэнт краіны Ільхам Аліеў у сваім выступе на Шушынскім мэдыяфоруме ў Ханкендзі, піша азэрбайджанская служба Радыё Свабода.

Паводле Аліева, Азэрбайджан ужо сем месяцаў не атрымлівае ніякага адказу ад расейскіх чыноўнікаў. Аліеў сказаў, што генэральны пракурор Азэрбайджану рэгулярна накіроўвае запыты ў сьледчы камітэт Расеі, «і адказ такі, што расьсьледаваньне працягваецца». Аліеў назваў такую пазыцыю «непрадуктыўнай»:

«Нам усё зразумела, мы ведаем, што адбылося. Мы можам гэта даказаць, і мы ведаем, што расейскія чыноўнікі таксама ведаюць пра гэтае пытаньне. Пытаньне ў наступным: чаму яны не зрабілі таго, што павінен рабіць кожны сусед у падобнай сытуацыі?»

Аліеў падкрэсьліў, што Азэрбайджан патрабуе прызнаньня віны, пакараньня тых, хто зьбіў самалёт, кампэнсацыі сем’ям загінулых і параненых у аварыі, а таксама за самалёт AZAL.

Палітык нагадаў, што расьсьледаваньне зьбіцьця Boeing 777 Малайзійскіх авіялініяў над Украінай доўжылася больш за 10 гадоў. Паводле яго, Азэрбайджан таксама гатовы чакаць столькі, колькі спатрэбіцца.

Рэакцыя расейскага боку на заяву азэрбайджанскага прэзыдэнта пакуль незразумелая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уплыў Расеі на Паўднёвым Каўказе слабее, адкрываюцца дзьверы для новых гульцоў

25 сьнежня летась самалёт AZAL, які выконваў рэйс Баку – Грозны, разьбіўся, у выніку загінулі 38 чалавек. Азэрбайджанскія службоўцы заявілі, што Расея нясе адказнасьць за катастрофу, але адзначылі, што яна не была наўмыснай.

Паведамлялася, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у тэлефоннай размове з Аліевым папрасіў прабачэньня за аварыю, але не прызнаў, што яго краіна нясе адказнасьць за здарэньне.

Міністэрства транспарту Казахстану апублікавала папярэднюю справаздачу аб расьсьледаваньні аварыі ў пачатку лютага. У справаздачы адзначалася, што самалёт AZAL зазнаваў вонкавых узьдзеяньняў перад ударам аб зямлю. Пры гэтым самалёт перад узьлётам быў у добрым тэхнічным стане .

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан зьбірае доказы для падрыхтоўкі пазову ў міжнародны суд у сувязі з крушэньнем самалёта ў Актаў, — СМІ