Міністэрства культуры вызначыла, якія часткі «Валадаркі» зьнясуць, а якія захаваюць

Валадарка

Міністэрства культуры Беларусі вызначыла ахоўныя зоны гістарычнага аб’екту на вуліцы Валадарскага — там, дзе яшчэ нядаўна было СІЗА.

Пра гэта стала вядома з пастановы, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з канцэпцыяй, захаваюць некалькі пабудоў, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. У прыватнасьці, сам замак, аднапавярховы будынак побач і аб’екты першай лініі з боку вуліцы Валадарскага, якія сёньня схаваныя за агароджай. Пазьнейшыя прыбудовы і плот дэмантуюць.

Тэрыторыя стане адкрытай для гараджан. Тут зьявяцца плошча для канцэртаў і гістарычных рэканструкцый, прагулачная зона і паркоўка. Цалкам абновяць разбураную сьцяну адной з кутніх вежаў. Вернуць аўтэнтычныя вокны і дзьверы. Адрэстаўруюць цэнтральныя мэталічныя сходы, а таксама вітую лесьвіцу, адкуль можна ўбачыць горад. Прыбяруць позьнія перагародкі, пакінуўшы сьцены XIX стагодзьдзя.

Таксама ў будынках разьмесьцяцца турыстычнае бюро, працоўні, кавярні і іншыя ўстановы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пішчалаўскі замак, дзе заўжды былі вязьні, сваё 200-годзьдзе сустракае пустым

Гісторыя замку

У 1825 годзе ў цэнтры Менску зьявілася адметная пабудова. Архітэктар Казімер Хрышчановіч спраектаваў на замову абшарніка Рудольфа Пішчалы каменную фартэцыю-замак. Драўляны астрог, які стаяў на месцы цяперашняга трэцяга гарадзкога шпіталя, быў у аварыйным стане. Для будоўлі новай турмы абралі тагачасную ўскраіну Менску — Раманаўскі пагорак.

Будынак быў выкананы ў выглядзе турэмнага астрогу з элемэнтамі архітэктуры клясыцызму — такі стыль тады быў распаўсюджаны ў Расейскай імпэрыі.

Як адзначаў аўтар кнігі «Менскі турэмны замак» Зьміцер Дрозд, у сьнежні 1821 году Рудольф Пішчала перамог у публічным тэндэры на гэты будынак, а сама турма была прынятая камісіяй 30 студзеня (11 лютага) 1825 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як будзе выглядаць Пішчалаўскі замак пасьля рэканструкцыі

Знакамітыя вязьні: ад Дунін-Марцінкевіча і Коласа да Пілсудзкага і Дзяржынскага

У вязьніцы трымалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў.

У чэрвені 1863 году каля брамы Пішчалаўскага замку царскія карнікі расстралялі маладога афіцэра, ураджэнца Барысаўскага павету шляхціча Міхала Цюндзявіцкага за тое, што ён у карчме вёскі Камень на Барысаўшчыне прачытаў сялянам адзін з нумароў «Мужыцкай праўды», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі. Цюндзявіцкі быў пахаваны на месцы пакараньня, яго магіла хутка стала месцам паломніцтва і малітваў менчукоў, якія спачувалі паўстаньню. Таму яго неўзабаве перапахавалі.

На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова ў 1906 годзе быў павешаны Іван Пуліхаў. За свае перакананьні ў розныя гады тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар. Якуб Колас адседзеў за ўдзел у несанкцыянаваным зьезьдзе радыкальна настроеных настаўнікаў, Максім Танк — за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы. Памятаюць сьцены Пішчалаўскага замку і Фэлікса Дзяржынскага, Юзэфа Пілсудзкага, Барыса Савінкава.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі турэмны астрог атрымаў нефармальную назву «Валадарка» (вуліцу Серпухаўскую тады перайменавалі ў вуліцу Валадарскага). Замак перажыў і Другую ўсясьветную: немцы яго таксама выкарыстоўвалі як турму.

Да пачатку 2024 году тут быў СІЗА № 1.

З 1994 і да 2024 году празь СІЗА на Валадарскага прайшлі сотні палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МУС адкрыў новы СІЗА, які пабудавалі замест «Валадаркі»