Праект, створаны Цэнтрам беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны, стаў адным зь першых прыкладаў мультымэдыйнай прэзэнтацыі беларуска-габрэйскай спадчыны на міжнароднай музэйнай пляцоўцы.
Воўпаўская сынагога лічыцца адной з самых прыгожых драўляных сынагог у гісторыі Эўропы, піша Chrysalis mag — беларускі часопіс пра сучаснае мастацтва. Унікальны будынак, які знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, быў цалкам зьнішчаны ў Другую ўсясьветную вайну. Цяпер дзякуючы інтэграцыі архіўных крыніц, гістарычнага аналізу і найноўшых 3D-тэхналёгій, каманда Цэнтру беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны стварыла віртуальную мадэль сынагогі з максымальнай гістарычнай дакладнасьцю.
«Усё пачалося з маёй рэзыдэнцыі ў Парыжы, у гэтым самым музэі, вясной 2022 году, — расказала прадусарка праекту Мая Кацнэльсон. — Ужо тады мы распрацоўвалі канцэпцыю мультымэдыйнай экспазыцыі Belarus Shtetl, у аснове якой былі VR-рэканструкцыі розных беларускіх сынагог. Таму, калі я ўбачыла ў экспазыцыі MAHJ драўляную мадэль Воўпаўскай сынагогі, зробленую студэнтамі ОРТ у 1950-х, узьнікла ідэя партнэрства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віртуальную рэканструкцыю Вялікай Воўпаўскай сынагогі прэзэнтавалі ў Meta StoreПраект, куратарам якога стаў Рыгор Хейфіц, выконваўся больш за год з поўнай ручной адмалёўкай і гістарычным дасьледаваньнем музэйнага ўзроўню.
«Мы дасьледавалі архіўныя матэрыялы, стваралі ручныя адмалёўкі, мадэлявалі кожную дэталь. У выніку атрымалася сапраўды музэйная праца, якая ўвайшла ў сталую экспазыцыю ў Парыжы. І важна, што цяпер мадэль сынагогі стаіць у цэнтры залі, а ня збоку, як было раней, а разам зь ёй цяпер экран з нашай відэаінсталяцыяй. З восені да экрану яшчэ дададуць VR-акуляры, каб наведнік мог атрымаць паўнавартасны досьвед пагружэньня ў прастору Воўпы», — падкрэсьліла прадусарка.
У час візыту ў Парыж каманда Цэнтру таксама прэзэнтавала праект на канфэрэнцыі эўрапейскіх габрэйскіх музэяў у Парыжы. Там ідэі беларусаў выклікалі вялікую цікавасьць міжнароднай музэйнай супольнасьці.
«Гэта паказвае, што мы працуем на ўзроўні і нават наперадзе многіх музэйных практык. І самае галоўнае — гэта падкрэсьлівае значнасьць Беларусі і беларуска-габрэйскай спадчыны ў эўрапейскай гісторыі», — дадала Мая Канцэльсон.
VR-тур Воўпаўскай сынагогі таксама даступны на сайце Цэнтру беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны. Ён зьяўляецца часткай шырокай ініцыятывы Belarus Shtetl па стварэньні віртуальнага музэю беларуска-габрэйскай спадчыны, адкрытага для сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачалі ладзіць віртуальную экскурсію ў слонімскую сынагогу