Памёр Міхал Балаш, польскі архітэктар беларускага паходжаньня, дзядзька экс-прэзыдэнта Польшчы Квасьнеўскага

Міхал Балаш

18 ліпеня ў Беластоку ва ўзросьце 102 гадоў памёр польскі архітэктар беларускага паходжаньня Міхал Балаш. Пра гэта паведаміў беларускі краязнаўца Кастусь Шыталь, які цяпер жыве ў Беластоку.

Балаш нарадзіўся ў 1923 годзе ў Вільні ў сям’і настаўніка.

«Яго бацькі мелі фальварак у Старым Двары ў Пастаўскім павеце, у гміне Лучай (ня ведаю, ці яны адтуль паходзілі, ці набылі фальварак пазьней). У час нямецкай акупацыі Міхал Балаш працаваў у Дунілавічах. Бываў у Глыбокім і Беразьвеччы. Бачыў там былую базыльянскую царкву, збудаваную ў XVIII стагодзьдзі па праекце Яна Тобіі Дыдэрштэйна, якую лічаць за адзін з найбольш дасканалых твораў віленскага барока. У 1990-я гады Міхал Балаш спраектаваў у Беластоку касьцёл Уваскрасеньня Панскага на ўзор беразвецкай сьвятыні, якую разбурылі бальшавікі. Міхал Балаш зьяўляецца аўтарам праектаў многіх будынкаў у Беластоку і на Падляшшы, у тым ліку некалькіх дзясяткаў хрысьціянскіх сьвятыняў. Таксама ён праектаваў рэканструкцыю дома Адама Міцкевіча ў Наваградку», напісаў Кастусь Шыталь на сваёй старонцы ў Фэйсбуку..

Пляменьнік Міхала Балаша, Аляксандар Квасьнеўскі, у 1995-2005 быў прэзыдэнтам Польшчы. Аляксандар Квасьнеўскі згадваў пра свае беларускія карані ў інтэрвію Свабодзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Квасьнеўскі пра беларускія карані і апошнюю сустрэчу з «абаяльным» Лукашэнкам. Вялікае інтэрвію