Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абнавіў «сьпіс тэрарыстаў» — уключылі блогера і Аб’яднаны пераходны кабінэт

КДБ Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абнавіў «Пералік арганізацый і фізычных асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Як паведаміла выданьне «Люстэрка», у яго ўключылі 11 чалавек і Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК).

Сярод уключаных — блогер Руслан Ліньнік, які ўжо адбыў турэмны тэрмін паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці»).

У пералік трапілі Канстанцін Дзьмітрыеў, Аркадзь Кайчурэнка, Аляксей Кердаль, Уладзіслаў Браўэр, Ала Юшкевіч, Андрэй Бераставы, Руслан Тупік, Валер Жукаў, Алена Рудая, Кірыла Сьлівец.

Цяпер у «сьпісе тэрарыстаў» знаходзяцца больш за 1300 чалавек, 629 зь іх — грамадзяне Беларусі. Абвешчаным «тэрарыстамі» вязьням забаронена атрымліваць грашовыя пераводы. Да людзей, якія знаходзяцца на свабодзе, таксама ўжываюць фінансавыя абмежаваньні.

Аб прызнаньні АПК «тэрарыстычнай» арганізацыяй паведамілі яшчэ 9 ліпеня. Цяпер зь пераліку КДБ стала вядома, што датычнымі да АПК вызначылі Валера Сахашчыка, Валера Кавалеўскага, Аляксандра Азарава, Вольгу Гарбунову і Аліну Коўшык, хоць яны ўжо не ўваходзяць у кабінэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная пракуратура прызнала Аб’яднаны пераходны кабінэт «тэрарыстычнай арганізацыяй»