Лукашэнка падпісаў указ аб дадатковым забесьпячэньні арміі транспартам і дронамі ва ўмовах ваеннага часу

Адзін з падразьдзелаў беларускай арміі, які праходзіў навучаньне ў Расеі. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які прадугледжвае дадатковыя захады па забесьпячэньні Ўзброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраваньняў транспартнымі сродкамі і бесьпілётнікамі іншых дзяржаўных органаў і арганізацый у пэрыяд мабілізацыі і ваеннага часу.

Як адзначаецца на сайце Лукашэнкі, цяпер вайскова-транспартны абавязак распаўсюджваецца на транспартныя сродкі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, а таксама на грамадзян, якія атрымалі аўтамабілі на падставе дагавору фінансавай арэнды (лізінгу).

Апроч таго, у дакумэнце ўдакладнілі парадак вызначэньня мабілізацыйных заданьняў для арганізацый-пастаўшчыкоў транспартных сродкаў і іх уліку пры мабілізацыйным разгортваньні.

Міністэрства абароны будзе мець паўнамоцтвы па вызначэньні пералікаў запасных частак, інструмэнту і інвэнтару, неабходных для забесьпячэньня работы перададзеных транспартных сродкаў.

Урад павінен распрацаваць і зацьвердзіць парадак кантролю за выкананьнем вайскова-транспартнага абавязку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вызначылі, як будуць працаваць лякарні пры масавым паступленьні траўмаваных