«Музэй Вольнай Беларусі» ў Варшаве за тры гады сабраў 300 экспанатаў

Інсталяцыя ў Музэі Вольнай Беларусі. Варшава, 2023 год

Пляцоўка ўжо тры гады дзейнічае ў цэнтры Варшавы пад адрасам Foksal, 11.

«Музэй Вольнай Беларусі», які дзейнічае ў Варшаве, за тры гады існаваньня назапасіў у сваіх фондах амаль 300 артэфактаў, паведаміла яго дырэктарка Натальля Задзяркоўская на адкрыцьці выставы «Фрагмэнты», прысьвечанай гадавіне дзейнасьці ўстановы 17 ліпеня, піша «Позірк».

«Нагадаць аб нязломнасьці беларусаў, якія праз ахвяры, праз рэпрэсіі, праз цемру ідуць сваім шляхам да свабоды — гэта і ёсьць місія нашага музэя», — сказала Задзяркоўская.

«Кожная рэч, кожны экспанат — гэта асобная гісторыя асобнага беларуса ці беларускі, якія выбралі для сябе нялёгкі шлях да свабоды, — дадала яна. — Гэта гісторыя беларуса, які выйшаў у жніўні 2020 года, быў жорстка затрыманы толькі за адмову назваць пароль ад мабільнага тэлефона; гэта гісторыя беларуса, які быў паранены гумавай куляй у жніўні 2020 года. І куля таксама знаходзіцца сёньня на гэтай выставе. Гэта гісторыя простага хлопца, маладога мастака Рамана Бандарэнкі, які быў забіты ва ўласным двары».

Сярод экспанатаў выставы таксама ліст з няволі з аўтапартрэтам загінулага там у 2023 годзе палітвязьня, мастака Алеся Пушкіна.

Выстава «Нічога асабліва новага» у Музэй Вольнай Беларусі ў Варшаве, асабістыя рэчы палітвязьняў

Музэй узьнік па ініцыятыве Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня. На думку кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, ён стаў «інстытуцыяй з выразнай місіяй і роляй у грамадзтве, якая захоўвае і паказвае тое, што часта застаецца нябачным, але вельмі важным для беларусаў: асабістыя рэчы, дакумэнты, мастацкія жэсты, матэрыялы з вуліц, маніфэстацый, маршаў, з турмаў, з жыцьця».

Прадметы з музэйнага збору сьведчаць і «пра беларускіх герояў — палітвязьняў і беларускіх герояў, якія абараняюць бясьпеку Эўропы ва Ўкраіне», — сказаў ён.

«Музэй стаў месцам, дзе самы вялікі ў сучаснай гісторыі рух беларусаў за свабоду не проста фіксуецца — ён працягвае жыць. Гэта прастора, якая аб’ядноўвае беларусаў у выгнаньні, і якая нясе праўду пра Беларусь у Эўропу і ўвесь сьвет», — дадаў палітык.

Дзейнасьць установы «аспрэчвае распаўсюджаную, але памылковую тэзу, што беларусы не маюць характару або волі змагацца за свабоду», лічыць кіраўнік НАУ.

Латушка выказаў удзячнасьць за падтрымку працы музэя мэрыі Варшавы, амбасаду Нідэрляндаў у Польшчы, а таксама вядомаму польскаму мэцэнату, нашчадку даўняга княскага роду Мацею Радзівілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адкрылася выстава здымкаў беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне Яўгена Жураўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спрэс шыфраваньне й намёкі». Расказваем пра сакрэтны артэфакт 1773 году, які зьявіўся ў «Музэі Вольнай Беларусі»