Праз тыдзень пасьля буры «Магілёўхімвалакно» ўсё яшчэ застаецца без электрычнасьці

Наступствы шторму ў Магілёве. 10 ліпеня 2025 году

Прадпрыемства моцна пацярпела падчас стыхіі, якая абрынулася на Магілёў у ноч на 10 ліпеня.

Дзьве жалезабэтонныя апоры лініі электраперадачы, якія забясьпечваюць завод электрычнасьцю ад ЦЭЦ, зламаліся «практычна напалам», паведаміў генэральны дырэктар «Магілёўхімвалакна» Ўладзімер Маркаў.

Таксама абрынулася эстакада для кабэляў паміж будынкамі і паваліўся комін, перадае БелТА.

Апроч гэтага, вецер пашкодзіў каля 20 тысяч м² даху, выбіў больш за 4 тысячы м² вокнаў і зламаў больш як 400 мэтраў жалезабэтоннай агароджы.

Работы па аднаўленьні ідуць кругласутачна. Сёньня іх праінспэктаваў міністар па надзвычайных сытуацыях Вадзім Сіняўскі.

Энэргазабесьпячэньне зьбіраюцца аднавіць да 19 ліпеня. Новыя апоры і эстакаду ўжо ўсталявалі. Замест пашкоджанага коміна падключаць рэзэрвовы. Цалкам аднавіць інфраструктуру спадзяюцца да зімы.

Уначы 10 ліпеня на Магілёў наляцела моцная бура з навальніцай. Вецер валіў дрэвы, апоры, абрываў правады. Спыняліся катлы і турбагенэратары на магілёўскай ЦЭЦ-2.

Ад падзеньня дрэва загінула жанчына.

Расчыстка гораду ад наступстваў стыхіі працягваецца дагэтуль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад шторму ў Магілёве загінула жанчына, 60 населеных пунктаў на Віцебшчыне і Магілёўшчыне засталіся без электрычнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад буры на Магілёўшчыне пацярпела 1800 га лясоў, частку іх будуць высякаць