У Мюнхэне, дзе мае адбыцца канфэрэнцыя аб бясьпецы, аўтамабіль уехаў у натоўп. Ёсьць параненыя

На месцы наезду аўтамабіля на акцыю пратэсту ў Мюнхэне, 13 лютага 2025

У нямецкім горадзе Мюнхэн, дзе рыхтуюцца да міжнароднай канфэрэнцыі ў бясьпецы з удзелам першых асобаў краін Эўропы, аўтамабіль уехаў у натоўп, папярэдне, 15 чалавек атрымалі раненьні.

Як паведаміла агенцтва Reuters, на канфэрэнцыі ў Мюнхэне таксама чакаюць віцэ-прэзыдэнта ЗША Дж. Д. Вэнса і прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

У паліцыі паведамілі, што змаглі затрымаць кіроўцу.

Карэспандэнт мясцовага выданьня BR паведаміў, што ад наезду аўтамабілю пацярпелі ўдзельнікі страйку, арганізаванага прафсаюзам работнікаў сфэры грамадзкага абслугоўваньня. Адзін зь відавочцаў расказаў, што аўтамабіль наўмысна ўехаў у натоўп. Іншыя сьведкі сьцьвярджаюць, што паліцыя страляла ў кіроўцу.

У прафсаюзе заявілі, што не валодаюць інфармацыяй аб выпадку.

Інцыдэнт адбыўся прыкладна за 1,5 кілямэтра ад месца правядзеньня канфэрэнцыі аб бясьпецы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напад з нажом у Бэрліне: два чалавекі параненыя

У Нямеччыне напярэдадні фэдэральных выбараў, якія мусяць прайсьці на наступным тыдні, а таксама пасьля сэрыі гвалтоўных нападаў, павялічылі захады бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра кіроўцу, які наехаў на калядны кірмаш у Магдэбургу