У канадзкім Таронта фургон уехаў у натоўп пешаходаў. Дзесяць чалавек загінулі, яшчэ 16 параненыя, паведаміла паліцыя горада.
МЗС: Беларусаў няма сярод пацярпелых ад наезду фургону на людзей у Таронта
Кіроўцу аўтамабіля ўдалося схавацца, аднак неўзабаве яго затрымалі.
Зьвестак аб матывах яго злачынства пакуль няма. Пазьней паліцыя назвала ягонае імя: Алек Мінасян. Ён жыхар Таронта і раней ня быў вядомы паліцыі.
Па словах аднаго са сьведкаў, кіроўца заехаў на тратуар, пераехаў людзей, а потым вярнуўся назад на праезную частку, каб зноў заехаць на тратуар.
Трагедыя адбылася на рагу Янг-стрыт і Фінч-авэню. Ачэплена каля двух кілямэтраў вуліцы.
У Таронта сёньня праходзіць сустрэча лідэраў краінаў «вялікай сямёркі» (G7) — Канады, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі і Японіі.
Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо падзякаваў паліцыі, якая працуе на месцы, і выказаў салідарнасьць з пацярпелымі (пра загінулых на той момант яшчэ не было вядома).
Нападу ў Таронта папярэднічаў цэлы шэраг падобных наездаў грузавікоў на натоўп людзей у іншых гарадах:
- ліпень 2016 — Ніца (загінулі 86 чалавек),
- сьнежань 2016 — Бэрлін (12 загінулых),
- студзень 2017 — Ерусалім (5 чалавек),
- красавік 2017 — Стакгольм (загінулі 4 чалавекі),
- сакавік 2017 — Лёндан (у атацы на Вэстмінстэрскім мосьце загінулі 5 чалавек),
- чэрвень 2017 — Лёндан (8 чалавек),
- жнівень 2017 — Барсэлёна (13 загінулых),
- лістапад 2017 — Нью-Ёрк (8 загінулых).