Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Літве абмяркоўваюць «засільле» расейскай мовы ў Вільні


Вільня, від на стары горад. Архіўнае фота
Вільня, від на стары горад. Архіўнае фота

У Літве абмяркоўваюць ідэю «зьменшыць» колькасць расейскай мовы ў паўсядзённым жыцьці: хто «за», а хто «супраць»?

Дыскусію пачаў Эдмундас Якілайціс, адзін з уплывовых журналістаў у Літве, напісаўшы:

«Расейскай мовы ў Вільні невыносна шмат: у старым горадзе яе ўжо нейкі час значна больш, чым літоўскай».

Тысячы карыстальнікаў, асабліва правых поглядаў, Якілайціса падтрымалі, але ня ўсе зь імі згодныя. Запіс зьявіўся напярэдадні аднаго з галоўных літоўскіх дзяржаўных сьвятаў — Дня каранацыі Міндоўга, піша «Настоящее время».

Якілайціс публічна задаў пытаньне, як вярнуць літоўскую мову ў сталіцу краіны, і справакаваў шырокую дыскусію на тэму таго, ці ня варта пачаць абмяжоўваць выкарыстаньне расейскай у публічнай прасторы Літвы на ўзор суседняй Латвіі. Там ужо забаронены шыльды і афішы на расейскай, расейскую мову ў мэню банкаматаў, а ад супрацоўнікаў крам, нават прыватных, патрабуюць абслугоўваць кліентаў менавіта на латыскай мове, калі няма спэцыяльнага запыту ад пакупніка.

«У старым горадзе Вільні расейскай мовы ўжо нейкі час значна больш, чым літоўскай. Як мне здаецца, нам, людзям, якія цэняць і берагуць сваю мову — дзяржаўную мову, важна зьвярнуць увагу, — таму што літоўская мова ў сэрцы сталіцы знаходзіцца ў меншасьці», — падкрэсьліў у сваім пасьце Якілайціс.

Тысячы карыстальнікаў у Facebook, асабліва людзі правых поглядаў, журналіста падтрымалі, у тым ліку некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі.

«Сёньня, на фоне масавай іміграцыі, адбываецца своеасаблівая самарусыфікацыя, нібыта мы, літоўцы, самі хацелі б абрусець. Што мы будзем рабіць з засільлем расейскай мовы ў Вільні, якія выклікі нас чакаюць? Ня будзьце рабамі — патрабуйце размаўляць па-літоўску!» — заклікаў Аўдрус Валотка, кіраўнік Дзяржаўнай інспэкцыі па літоўскай мове.

«85% усіх, хто ўяжджае ў Літву — з постсавецкай прасторы. Мы фактычна расчынілі дзьверы перад „рускім сьветам“, — лічыць сацыяльны гісторык Адамас Клімантавічус. — Нават, калі выключыць украінцаў, амаль палову тых, хто прыяжджаюць у Літву, складаюць у асноўным працоўныя мігранты з Беларусі і Расеі».

Іншыя прадстаўнікі ўлады надварот раскрытыкавалі пост тэлевядоўцы і тых, хто выказваецца ў ягоную абарону. Дарадца кіраўніка Міністэрства культуры Літвы Эвэліна Макшэцкая ў адказ на ажыятаж у сацсетках заявіла, што мова нянавісьці становіцца ўсё больш прыкметнай праблемай у Літве, і гэтым карыстаюцца ў Расеі.

«Такія камэнтары я называю крывадушнасьцю і папулізмам. У 2020 годзе Літва шырока адчыніла дзьверы для беларусаў, якія ўцякаюць ад дыктатуры, — нагадала яна. — У 2022 годзе мы прынялі дзясяткі тысяч бежанцаў з Украіны — зьбіралі для іх грошы, адзеньне, лекі. А зараз камусьці раптам не падабаецца, што ў Вільні чуваць расейскую мову? Нагадаю: большасьць беларусаў і ўкраінцаў у паўсядзённым жыцьці гавораць менавіта па-расейску! Так склаліся гістарычныя абставіны».

Па словах Макшэцкай, такія публікацыі, як у Эдмундаса Якілайціса, расколваюць літоўскае грамадзтва. «У Літве русафобія проста льецца ракой», — піша яна.

Іншыя палітыкі зь ёй не пагаджаюцца. Сьпікер літоўскага Сэйма Саўлюс Сквярняліс мяркуе, што пытаньне аб засільлі расейскай мовы ў Вільні цалкам актуальнае.

«Так, гэта праблема, і гэтую праблему перш за ўсё неабходна вырашаць, забясьпечваючы веданьне літоўскай мовы тым, хто хоча тут інтэгравацца, застацца ў нас працаваць і жыць. Гэта праблема, і мы ня можам яе ігнараваць», — заявіў ён.

У Службе міграцыі Літвы тлумачаць, што павелічэньне расейскай мовы ў публічным полі сапраўды наўпрост зьвязанае з плыньню бежанцаў і мігрантаў з Украіны, Беларусі і Расеі пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. На піку патоку бежанцаў ад вайны Літва прыняла каля 95 тысяч грамадзян Украіны. Для краіны з насельніцтвам менш за тры мільёны чалавек гэта вялікая лічба, лічаць улады.

«Мы заўважаем, што і ў цэнтрах абслугоўваньня кліентаў — паколькі ўсе ваенныя ўцекачы спачатку праходзяць менавіта праз нашае ведамства, звыш паловы ўсіх бежанцаў нават паміж сабой маюць зносіны менавіта па-расейску, — кажа Эвэліна Гудзінскайце, кіраўніца Дэпартамэнта міграцыі Літвы. — І тое, што яны гавораць па-расейску з намі, гэта натуральна, бо часьцей за ўсё ангельскай яны ня ведаюць, але і паміж сабой яны таксама размаўляюць па- расейску».

Вільня, ліпень 2025. Ілюстрацыйнае фота
Вільня, ліпень 2025. Ілюстрацыйнае фота

На сёньня ў Літве афіцыйна пражываюць больш за 200 тысяч замежнікаў — звыш 7% усіх жыхароў. Для параўнання: дзесяць гадоў таму мігрантаў у краіне было ў пяць разоў менш, чым зараз, толькі каля 40 тысяч чалавек. Асноўная іх маса прыпадае на выхадцаў з Украіны, Беларусі і Расеі, а таксама Узбэкістана.

У апошні час, аднак, колькасьць замежнікаў з Расеі, Украіны і Беларусі ў Літве зьніжаецца. Пачынаючы з 2023 года, Літву ў сукупнасьці пакінулі каля 30 тысяч украінцаў, беларусаў і расейцаў. Але па словах мясцовых жыхароў, расейскай мовы на вуліцах літоўскіх гарадоў па-ранейшаму чуваць дастаткова шмат.

«Калі выходзіш у горад, проста чуеш, што больш расейскамоўных», — заўважае жыхар Вільні.

«Мне здаецца, для зьмены мэнталітэту патрабуецца час, таму што прадстаўнікі буйных народаў, ня важна расейцы гэта ці амэрыканцы, як правіла, не гавораць на некалькіх мовах і лічаць, што іх павінны разумець усюды», — заўважае яшчэ адзін жыхар гораду.

«Калі побач ідзе група з больш чым двух-трох чалавек — нават проста з двух ці трох, — на літоўскай размовы амаль не пачуеш, у асноўным гавораць па-расейску», — кажа жыхар Кляйпэды.

Заяву аб «невыноснай колькасьці расейскай мовы ў Вільні» асудзіў вядомы ў Літве матэматык і аналітык дадзеных Вайдотас Земліс-Балявічус. Ён назваў пост тэлевядучага «парнаграфіяй абурэньня» з ксэнафобскім падтэкстам. Па ягоных словах, журналіст не прыводзіць ніякіх пераканаўчых фактаў у падтрымку сваёй пазыцыі.

Некаторыя выхадцы з літоўскіх сілавых ведамстваў мяркуюць, што частка прыежджых з Расеі і Беларусі патэнцыйна могуць стаць завадатарамі масавых беспарадкаў у выпадку нападу на Літву звонку (гэта значыць з Расеі). Аднак старэйшы аналітык Цэнтра даследаваньняў геапалітыкі Ўладзімірас Лаўчус у першую чаргу раіць зьвярнуць увагу на так званую «ісламскую» пагрозу, а менавіта іміграцыю з Пакістана, Банглядэш і краін Цэнтральнай Азіі.

«Мы чулі за паўтара-два гады да гэтага публічныя заявы тагачаснага кіраўніка Дэпартамэнта дзяржбясьпекі Літвы Даруса Яўнішкіса. І ён згадваў, што зусім не прыежджыя з суседніх славянскіх краін — такіх як Украіна ці нават Беларусь — нясуць істотную пагрозу Літве, а выхадцы з Цэнтральнай Азіі», — заўважае ён.

Пляж на возеры пад Вільняй. Ілюстрацыйнае фота
Пляж на возеры пад Вільняй. Ілюстрацыйнае фота

У Літве, паводле слоў Лаўчуса, нэгатыўныя наступствы наплыву мігрантаў і бежанцаў з краін ісламскага сьвету пакуль не заўважныя, але ў будучым праблемы могуць абвастрыцца. Асабліва з улікам таго, што ў той час як колькасьць украінцаў, беларусаў і расейцаў ідзе на спад, мусульмане прыбываюць у краіны ЭЗ, у тым ліку ў Літву, усё больш актыўна. Так, колькасьць грамадзян Узбэкістану, якія жывуць у краіне, вырасла з 1800 у 2023 годзе да 9500 у 2025-м, колькасьць грамадзян Таджыкістану — з 1400 у 2023 годзе да 6200 у 2025-м, колькасьць грамадзян Азэрбайджану — з 1350 у 2025-м. Колькасьць грамадзян Пакістана і Бангладэш у Літве таксама вырасла за два гады ў дзесяць і пятнаццаць разоў адпаведна.

Што ж тычыцца інтэграцыі, большасьць экспэртаў сыходзяцца ў меркаваньні, што адной з ключавых умоў уцягваньня ў грамадзтва зьяўляецца веданьне дзяржаўнай мовы. Цяпер, каб працаваць у Літве, выхадцам з трэціх краін дастаткова вывучыць мову на ўзроўні А1 — самай базавай. Выключэньне дзейнічае толькі ў дачыненьні да ўкраінцаў — ад бежанцаў ведаць літоўскі яшчэ як мінімум паўгоду не патрабуецца.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG