Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы пасол Украіны ў Менску: Беларусь — частка Эўропы і яе бясьпекі, краіну трэба вызваліць ад уплыву Расеі


Раман Бясьсьмертны. Архіўнае фота
Раман Бясьсьмертны. Архіўнае фота

Раман Бясьсмертны, які працаваў надзвычайным і паўнамоцным паслом Украіны ў Беларусі, перакананы, што зьмены ў Беларусі залежаць ад таго, як хутка і рашуча Ўкраіна пераадолее расейскую агрэсію.

«Беларусь патрэбна вызваліць ад уплыву рашызму, і я перакананы, што перамога Ўкраіны над Расеяй, на яе „фюрэрам“, зьніме гэтае ярмо і зь беларускага народу. Лёс Беларусі непасрэдна залежыць ад таго, наколькі хутка і рашуча Ўкраіна пераадолее расейскую агрэсію. Менавіта гэтая перамога стане адказам на ключавое пытаньне: якой будзе будучыня Беларусі», — сказаў Раман Бясьсьмертны ў інтэрвію ўкраінскаму дзяржаўнаму агенцтву Укрінформ.

Паводле яго, беларусы зьяўляюцца эўрапейскай нацыяй і цалкам прыродна належаць як да «эўрапейская палітычнай і культурнай супольнасьці, так і да патэнцыйнай архітэктуры бясьпекі Міжмор’я і, у пэрспэктыве, сыстэмы бясьпекі NATO».

«Іх удзел у гэтых працэсах ня проста пажаданы, ён неабходны», — падкрэсьліў ён.

Раман Бясьсьмертны перакананы, што цяперашні рэжым Лукашэнкі — гэта зьнешні інструмэнт прыгнёту, марыянэтачнае кіраваньне, навязанае з Масквы.

«Сам Лукашэнка — гэта не самастойная постаць, а маскоўскі сатэліт, якога Крэмль утрымлівае як паразыта на целе беларускага народу. Гэты рэжым рэпрэсуе, прыніжае, душыць беларускую нацыянальную годнасьць», — сказаў дыплямат.

Таму, паводле яго, беларускаму народу патрэбна дапамагчы — палітычны, маральна, інфармацыйна.

«Падтрымаць тых, хто чыніць супраціў, хто захоўвае ідэнтычнасьць, хто марыць пра вольную, дэмакратычную, эўрапейскую Беларусь. Бо Беларусь заслугоўвае на свабоду, і яна мусіць быць побач зь іншымі эўрапейскімі нацыямі ў супольнай будучыні без дыктатуры і імпэрскіх кайданоў», — перакананы Раман Бясьсьмертны.

Раман Бясьсьмертны — экс-пасол Украіны ў Беларусі (2010–2011), прадстаўнік краіны ў Трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе ў рамках менскіх пагадненьняў (2015–2016).

Бясьсьмертны двойчы прадстаўляў Украіну ў складзе менскай Трохбаковай кантактнай групы: першы раз ён быў прызначаны папярэднім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, а ў ліпені 2019 году — Уладзімірам Зяленскім. Першы раз Бясьсьмертны пакінуў групу па ўласным жаданьні, бо не падзяляў стратэгіі Пятра Парашэнкі на перамовах у Менску. Другі раз яго звольніў Зяленскі празь месяц пасьля прызначэньня. Прычыну звальненьня тады не ўдакладнялі.

Раман Бясьсьмертны раскрытыкаваў дзеяньні Ўладзіміра Зяленскага пасьля таго, як 6 жніўня 2019 году ў выніку парушэньня замірэньня на Данбасе загінулі чацьвёра ўкраінскіх вайскоўцаў. Бясьсьмертны тады заявіў, што пасьля гэтага Ўкраіна мусіла б прыпыніць удзел у менскіх перамовах, паколькі дамоўленасьці аб прыпыненьні агню не выконваюцца.

У 2022 годзе Раман Бясьсмертны назваў «калясальнай памылкай» нежаданьне каманды Ўладзіміра Зяленскага працаваць зь Сьвятланай Ціханоўскай і яе прадстаўнікамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG