Шмат хто з нас імкнецца летам на пляжы, людзі любяць купацца і загараць. Але адны крыніцы раяць пазьбягаць знаходжаньня на адкрытым сонцы і карыстацца ахоўнымі крэмамі з максымальным абарончым фактарам, а іншыя рэкамэндуюць для добрага здароўя часьцей бываць на сонцы. Дзе праўда, хто мае рацыю?
Газэта The New York Timesсабрала актуальныя меркаваньні лекараў пра рызыку і карысьць ад знаходжаньня на сонцы.
У сонечнага сьвятла ёсьць дадатныя бакі
Дзесяцігодзьдзямі, піша газэта, многія лекары сьцьвярджалі, што калі гаворка ідзе аб знаходжаньні на сонца, тут правіла адно: чым менш, тым лепш. Але ў апошнія гады некаторыя навукоўцы паставілі гэтае меркаваньне пад сумнеў пасьля таго, як дасьледаваньні паказалі, што ўмеранае знаходжаньне на сонца можа быць карысным.
Сонечныя прамяні могуць пашкодзіць скуру, яны выклікаюць заўчаснае старэньне і рак, гэта бясспрэчна, — заявіла доктарка Элізабэт Ко, лекарка-тэрапэўтка з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Лос-Анджэлесе, якая зьяўляецца аўтаркай навуковых прац аб уплыве сонечнага сьвятла на здароўе.
Але навукоўцы таксама выявілі патэнцыйную, хоць і абмежаваную, сувязь паміж знаходжаньнем на сонцы і карысьцю для здароўя.
Дасьледаваньні паказваюць, што працяглае знаходжаньне на сонцы зьвязана зь ніжэйшым крывяным ціскам. Узімку артэрыяльны ціск, як правіла, вышэйшы, чым улетку, кажа дэрматоляг і дасьледнік з Эдынбурскага ўнівэрсытэту доктар Рычард Уэлэр і дадае, што менавіта ўзімку праблемы з сэрцам сустракаюцца часьцей. Адно з дасьледаваньняў паказала, што людзі, якія больш часу праводзяць на сонцы, радзей пакутуюць ад сардэчнай недастатковасьці.
Навукоўцы ня ўпэўненыя, чаму сонечнае сьвятло можа паляпшаць здароўе сэрца, але ім вядома, што сонечныя промні прымушаюць скуру выдзяляць газ аксыд азоту, які расслабляе крывяносныя судзіны і зьніжае крывяны ціск, кажа доктар Уэлэр.
Некаторыя навукоўцы задаваліся пытаньнем, ці можа гэта прывесьці да павелічэньня працягласьці жыцьця. У дасьледаваньні 2014 году, у якім на працягу 20 гадоў назіралі за амаль 30 000 швэдзкіх жанчын, навукоўцы выявілі, што ў тых, хто пазьбягаў сонца, верагоднасьць памерці ў гэты пэрыяд была ў два разы большаю, чым у тых, хто падвяргаўся ўзьдзеяньню сонечнага сьвятла. Разам з тым у жанчын, якія аддавалі перавагу сонцу, часьцей дыягнаставалі мэляному — сьмяротную форму раку скуры.
Сонечнае сьвятло таксама можа падтрымліваць імунную сыстэму, кантралюючы запаленьне і актыўнасьць імунных клетак. У адным невялікім дасьледаваньні з удзелам 11 пацыентаў з расьсеяным склерозам навукоўцы выявілі, што ўльтрафіялетавае выпраменьваньне тыпу B актывуе пэўныя імунныя клеткі, якія здымаюць запаленьне і палягчаюць сымптомы. Іншыя дасьледаваньні паказалі, што ўзьдзеяньне ўльтрафіялетавага выпраменьваньня можа аблегчыць сымптомы ў людзей з экзэмай, псарыязам і іншымі хваробамі, зьвязанымі з імуннай сыстэмай, сказала лекарка-тэрапэўтка з Вашынгтону Люсі Макбрайд.
Прыём сонечных ваннаў таксама можа зрабіць вас больш шчасьлівымі, дадае доктарка Элізабэт Ко. Некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што ўзьдзеяньне ўльтрафіялетавага выпраменьваньня можа павышаць узровень сератаніну ў крыві — хімічнага рэчыва, якое дапамагае рэгуляваць настрой.
Складана адназначна казаць, што сонечнае сьвятло само па сабе адказвае за гэтыя карысныя для здароўя эфэкты, кажа доктарка Макбрайд. Тым ня менш вядома, што людзі, якія падвяргаюцца ўзьдзеяньню вялікай колькасьці сонечнага сьвятла, могуць быць больш фізычна актыўнымі і праводзіць больш часу на прыродзе, чым іншыя. І ўсё гэта само па сабе можа паляпшаць настрой і фізычнае здароўе, дадала яна.
Магчыма, справа ня толькі ў вітаміне D
Агульнавядомай перавагай знаходжаньня на сонцы зьяўляецца тое, што яно стымулюе выпрацоўку арганізмам вітаміну D, які спрыяе ўмацаваньню костак.
Папярэднія назіральныя дасьледаваньні зьвязвалі нізкі ўзровень вітаміну D з падвышанай рызыкай разьвіцьця некаторых захворваньняў, такіх як сардэчна-судзінныя хваробы, дыябэт ІІ тыпу і рак тоўстага кішэчніку.
Але ці можа вітамін D з прадуктаў харчаваньня або з харчовых дабавак зьнізіць рызыку гэтых хваробаў так, каб чалавеку ня трэба было шукаць патэнцыйна небясьпечнага узьдзеяньня сонца? Буйныя клінічныя дасьледаваньні апошніх некалькіх гадоў гэтага не пацьвердзілі, кажа доктар Уэлэр.
У клінічным дасьледаваньні 2019 году навукоўцы прыйшлі да высновы, што прыём дабавак вітаміну D ня зьнізіў верагоднасьць разьвіцьця дыябэту ІІ тыпу прыкладна ў 2400 дарослых людзей з фактарамі рызыкі гэтага захворваньня. А дасьледаваньне 2020 году з удзелам каля 26 000 дарослых у ЗША паказала, што дабаўкі вітаміну D ня зьнізілі рызыку разьвіцьця раку або сардэчна-судзінных хваробаў, як ня зьнізілі яны і агульную рызыку сьмерці за пэрыяд дасьледаваньня, які ў сярэднім склаў каля пяці гадоў.
Гэтыя дасьледаваньні разам з тымі, якія сьведчаць пра карысьць сонечнага сьвятла для імунітэту і артэрыяльнага ціску, паказваюць, што сонечнае сьвятло можа быць карысным ня толькі для выпрацоўкі вітаміну D, падсумавала доктарка Макбрайд.
Ці варта карыстацца сонцаахоўным крэмам
Дасьледаваньні патэнцыйнай карысьці сонечнага сьвятла пакуль даволі абмежаваныя, таму складана зразумець, як інтэрпрэтаваць і прымяняць іх вынікі і як супастаўляць іх з рызыкай разьвіцьця раку скуры, кажа доктарка Макбрайд. Таму яна мяркуе, што цалкам адмаўляцца ад выкарыстаньне сонцаахоўных крэмаў ня трэба.
Доктарка Ко рэкамэндуе пазьбягаць прамога ўзьдзеяньня сонца з 10:00 да 14:00, «калі промні самыя яркія і моцныя». Калі вы ня можаце гэтага зрабіць, выкарыстоўвайце сонцаахоўны крэм або іншыя сродкі абароны, такія як шыракаполыя капелюшы або сонцаахоўнае адзеньне.
Форум